Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2003 года Пана
13.07.2009 13:29
«Езус Хрыстус, Адзіны Збаўца Свету,
учора, сёння і назаўсёды».
Tertio millennio adveniente, 40

 

 

Штогод у гадавіну святой Бэтлеемскай Начы мы збіраемся перад сімвалічнаю і традыцыйнаю стаенкаю, каб схіліць галовы і ўшанаваць пакладзенае ў яслях Божае Дзіця, каб нанава перажыць збаўчую таямніцу Уцелаўлёнага Слова, Езуса Хрыста.

Як у часавай прасторы ўжо 20 стагоддзяў, так і ў тэрытарыяльнай прасторы ўжо ўсяго зямнога шара постаць Езуса Хрыста ўвайшла ў гісторыю чалавецтва як уцелаўлёнага Сына Божага, які здзейсніў адкупленне роду людскога праз сваю смерць на крыжы на Галгофе і праз сваё ўваскрэсенне.

Кангрэгацыя Веравучэння выдала (6 жніўня 2000 г.) зацверджаную і ўзаконеную Папам Янам Паўлам ІІ Дэкларацыю «Dominus Iesus» аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста і Касцёла. Дэкларацыя звяртаецца да дактрыны, выкладзенай у ранейшых дакументах Настаўніцкага Інстытута Касцёла з намерам пацвердзіць ісціны, якія складаюць спадчыну веры Касцёла.

Таму слушна і збавенна, каб менавіта мы, маючы перад вачыма бэтлеемскую стаенку, а ў ёй утоеную таямніцу ўцелаўлення Слова Божага, умацоўвалі сябе ў вызнаванні Езуса Хрыста праз доказы, узятыя з гэтай Дэкларацыі.

Перадусім трэба моцна верыць у тое, што ў таямніцы Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Сына Божага, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (гл. Ян 14, 6), заключана аб’яўленне паўнаты Божай праўды: «Ніхто не ведае Сына апроч Айца; і Айца не ведае ніхто апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць» (гл. Мц 11, 27).

Другі Ватыканскі Сабор, верны Божаму слову, навучае: «Найглыбейшая ж праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэтае аб’яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць адначасова пасрэднікам і паўнатою ўсяго аб’яўлення... Таму Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова, чалавек да людзей пасланы, абвяшчае слова Божае і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец даверыў Яму выканаць. Таму Той, якога калі хтосьці бачыць, бачыць таксама і Айца (гл. Ян 14, 9), усёю сваёю прысутнасцю і з’яўленнем праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз смерць сваю і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, а ўрэшце праз спасланне Духа праўды, аб’яўленне давёў да канца. Такім чынам, хрысціянскі план збаўлення, як новы і канчатковы запавет, ніколі не перапыніцца, і не трэба ўжо спадзявацца ні на якое новае публічнае аб’яўленне перад хвалебным прыйсцем Пана нашага Езуса Хрыста.

Таму энцыкліка «Redemptoris missio» нагадвае Касцёлу пра заданне абвяшчаць Евангелле як паўнату праўды: «У гэтым канчатковым Слове свайго Аб’яўлення Бог даў Сябе пазнаць найбольш поўна: Ён сказаў чалавецтву, кім Ён ёсць. Гэта канчатковае самааб’яўленне Бога – асноўны матыў, дзеля якога Касцёл «ёсць місійны па сваёй прыродзе». Ён не можа не абвяшчаць Евангелля, гэта значыць паўнаты праўды, якую Бог даў нам пазнаць пра самога сябе».

Толькі аб’яўленне Езуса Хрыста ўводзіць у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду аб тым, што ў Езусе Хрысце здзейснілася поўнае і канчатковае аб’яўленне збаўчай таямніцы Бога. Таму словы, учынкі і цэлая гістарычная падзея Езуса, хоць і абмежаваныя як людская рэчаіснасць, аднак маюць суб’ектам Божую Асобу ўцелаўлёнага Слова, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Таму маюць у сабе канчатковае і поўнае аб’яўленне збаўчых шляхоў Бога, хоць глыбіня таямніцы Божай сама ў сабе застаецца невычэрпнаю. Таму вера дамагаецца прызнання, што Слова, якое сталася целам, ва ўсёй сваёй таямніцы, што здзяйсняецца ад уцелаўлення да ўслаўлення, ёсць сапраўднаю крыніцаю і дапаўненнем усялякага збаўчага аб’яўлення Бога чалавецтву.

Адэкватным адказам на Божае аб’яўленне ёсць паслухмянасць веры, праз якую чалавек па вольнай волі ўвесь давяраецца Богу, аказваючы поўную пакорнасць розуму і волі Богу аб’яўляючаму, і добраахвотна прызнаючы аб’яўленне, Ім дадзенае. Паслухмянасць веры прадугледжвае прыняцце праўды Хрыстовага аб’яўлення, пацверджанага Богам, каторы ёсць самою Праўдаю.

Значыць, трэба рашуча вызнаваць навуку веры, якая абвяшчае, што гэта Езус з Назарэта, Сын Марыі – і толькі Ён – ёсць Сынам і Словам Айца. Слова, якое было напачатку ў Бога, ёсць тым самым, якое сталася целам. У Езусе, Сыне Бога жывога, «жыве ўся поўня Боства цялесна» (гл. Клс 2, 9). Ён – Адзінародны Бог, што ва ўлонні Айца, Яго ўмілаваны Сын, у якім мы маем адкупленне – дараванне грахоў.

Адназначныя азначэнні паасобных Сабораў Каталіцкага Касцёла, якія вызнаюць, што ёсць адзін і той самы Сын, Пан наш Езус Хрыстус, дасканалы ў Бостве і дасканалы ў чалавечнасці, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, адзінасутны нам, што датычыць чалавечнасці. Перад вякамі з Айца народжаны як Бог, у акрэсленыя ж часы дзеля нас і дзеля нашага збаўлення нарадзіўся як чалавек з Панны Марыі, Багародзіцы.

На гэту тэму адназначна выказаўся Папа Ян Павел ІІ: «Езус – Уцелаўлёнае Слова, адна і непадзельная Асоба. Хрыстус – гэта не хто іншы, як Езус з Назарэта. Гэты ж ёсць Словам Божым, якое сталася чалавекам для збаўлення ўсіх».

Настаўніцкі Інстытут Касцёла, верны Божаму аб’яўленню, пацвярджае, што Езус Хрыстус ёсць паўсюдным пасрэднікам і адкупіцелем: «Бо Слова Божае, праз якое ўсё сталася, само сталася целам дзеля таго, каб збавіць усіх і ўсё ў сабе паяднаць. Ён – Той, каго Айцец ўваскрасіў з мёртвых, узвялічыў і пасадзіў праваруч сябе, устанаўляючы Яго суддзёю жывых і памерлых. Гэтае збаўчае пасрэдніцтва прадугледжвае таксама адзінасць збаўчай ахвяры Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара».

Такім чынам, мы хочам рашуча вызнаваць як праўду каталіцкай веры тое, што паўсюдная збаўчая воля Бога ў Тройцы Адзінага была споўнена раз і назаўсёды ў таямніцы ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання Сына Божага, Езуса Хрыста. Пачынаючы ад першых вызнаўцаў Езуса, Яго постаць мае такую збаўчую вартасць, што толькі Ён, як уцелаўлёны Сын Божы, па загаду Айца і ў моцы Духа Святога праз сваю смерць на крыжы і ўваскрэсенне прынёс Божае аб’яўленне і жыццё ўсяму чалавецтву і кожнаму чалавеку.

У гэтым сэнсе можна і трэба сцвердзіць, што Езус Хрыстус мае асаблівае і адзінае, толькі Яму ўласцівае, выключнае, паўсюднае і абсалютнае значэнне і вартасць для роду людскога і ягонай гісторыі. Менавіта гэтая выключнасць Езуса Хрыста дазваляе выкарыстаць у адносінах да Яго славутыя словы з Апакаліпсіса: «Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец» (гл. Ап 22, 13).

Падагульняючы доказы Кангрэгацыі Веравучэння аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста, шчыра падзякуем Божаму Дзіцяці за Яго нараджэнне ў бэтлеемскай стаенцы, і адначасова пакажам нашу ўмацаваную веру ў Слова, якое сталася целам, каб здзейсніць справу адкуплення і збаўлення роду людскога.

Няхай поўня благаславення ўцелаўлёнага Сына Божага, Езуса Хрыста, сыдзе на дарагіх майму сэрцу вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

Кардынал Казімір Свёнтэк,
Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
 
Паведамленне з ХІХ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 13:26
[15 снежня 2003 г., Апостальская нунцыятура ў Мінску]

У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Быў вызначаны тэрмін і месца правядзення паседжанняў ККББ у 2004 г.: 4 сакавіка – Пінск, 25 чэрвеня – Паставы, 24 верасня – Гродна, 7 снежня – Мінск.

Старшыня растлумачыў прысутным, што асвячэнне Душпастырскага цэнтра ў Мінску не адбылося ў выніку выяўленых недакладнасцяў і недапрацовак.

...

Старшыня паінфармаваў аб праграме пашырэння культу Божай Міласэрнасці сярод вернікаў. Прадугледжана перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага ў парафіях.

Гродзенскі біскуп прадставіў прысутным просьбу айцоў-кармелітаў і вернікаў Гудагайскай парафіі, а таксама душпастыраў і вернікаў суседніх парафій аб дазволе распачаць захады па атрыманню згоды Апостальскай Сталіцы на ўкаранаванне абраза Маці Божай Гудагайскай папскімі каронамі. Прысутныя аднагалосна падтрымалі гэтую просьбу.

Старшыня заахвоціў прысутных, каб яны, праз сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў, рэгулярна перадавалі інфармацыю для інтэрнэт-сайта ККББ, які дзейнічае з 1.09.2003 г.

Зноў разглядалася справа рэкалекцыйнага дому для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Вырашана пабудаваць такі дом у Мінску альбо ў яго выколіцах.

Дыяцэзіяльныя біскупы паінфармавалі аб дзяржаўнай перарэгістрацыі парафій у дыяцэзіях. Каля 30% парафій ужо прайшлі перарэгістрацыю. Канстатавана, што калі перарэгістрацыя будзе ісці такімі тэмпам, то да канца наступнага году ўсе парафіі пройдуць дзяржаўную рэгістрацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі новага Закона аб веравызнаннях.

Абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі.

Біскуп Антоні Дзям’янка,
Генеральны сакратар ККББ
 
Пастырскі ліст Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі аб сям’і
13.07.2009 13:24
У сучасным свеце ідзе барацьба за чалавека. Гэта адбываецца ў розных сферах чалавечага жыцця. Асабліва гэтыя напады скіраваны на сям’ю, дзе чалавек не толькі з’яўляецца на свет, але падрастае і становіцца дарослым. Гэтая атака праяўляецца ў скажэнні праўды пра чалавека, пра яго паходжанне, сутнасць, годнасць і прызначэнне. Сёння чалавека ставяць на месца Бога, за чалавекам прызнаецца права вызначаць нормы паводзінаў, прапаноўваючы яму абсалютную свабоду, указваючы як мэту чалавечага існавання дасягненне максімальнай прыемнасці, матэрыяльных каштоўнасцяў і поспехаў, не зважаючы на патрэбы іншых людзей. Вартасць чалавека вымяраецца не ягонай годнасцю, а толькі яго фізічнай сілай, здароўем, фінансавым становішчам і прафесійнымі дасягненнямі. Усё гэта робіцца за кошт сям’і, якая перастае правільна функцыянаваць як супольнасць жыцця і любові. Замест гэтага яна ператвараецца ў групу свабодна звязаных між сабою асобаў, якія лёгка расстаюцца. Сужэнцы не здольныя прыняць большай колькасці дзяцей, бо ўспрымаюць іх як пагрозу для асабістых выгодаў і незалежнасці. У такой сітуацыі выхаваць новае пакаленне вельмі складана альбо ўвогуле немагчыма.

Вынікам такога падыходу да жыцця, сужэнства і сям’і з’яўляецца вялікая колькасць разводаў на Беларусі, якая павялічваецца, а таксама вялікая колькасць несакрамэнтальных сужэнстваў. Усё часцей можна сустрэць людзей, якія жывуць у так званых свабодных саюзах, гэта значыць нават без грамадзянскага шлюбу. Некаторыя з іх плануюць праз нейкі час узяць шлюб, калі ўпэўняцца, што іх партнёр ім адпавядае — гэтак званае «пробнае» сужэнства. У такіх саюзах чалавек успрымаецца, як нейкая рэч, якую пасля ўжывання можна выкінуць.

Касцёл, якому сам Бог даверыў чалавека, не застаецца абыякавым да гэтых пагрозаў для сям’і і абараняе чалавека ад страты ягонай тоеснасці. Гэта асабліва відаць у вучэнні Яна Паўла ІІ, які закранаў вышэй узгаданыя тэмы ў многіх сваіх прамовах, пасланнях, адгартацыях і энцыкліках. Ён часта паўтараў: «Справы сям’і і яе лёс вельмі блізкія майму сэрцу. Таму супольнымі намаганнямі Касцёла і іншых выхаваўчых асяроддзяў неабходна аднавіць пашану да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і развіваць іх у супольнасці жыцця».

Усведамляючы вялікую адказнасць за тое, каб давесці людзей да збаўлення, мы адказваем на заклік Святога Айца і звяртаемся да ўсіх сем’яў на Беларусі, каб шанавалі сваю вялікую годнасць і, з’яднаныя з Хрыстом, рэалізавалі свае абавязкі, якія вынікаюць са святой сужэнскай кансэкрацыі.

Вядомая пісьменніца Агнешка Дзітрых, юрыст па прафесіі і член таварыства «Opus Dei» сказала, што яна займаецца шматлікімі справамі і дадала: «Можна працаваць у некалькіх фірмах, але самая важная з іх — сям’я. Гэта «фірма», шэфам якой з’яўляецца сам Пан Бог». А значыць, няма іншых шляхоў ратавання сям’і, як толькі грунтаваць яе на вучэнні Хрыста і на маральных прынцыпах.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «сам Бог з’яўляецца творцам сужэнства» (KDK 48). Праўда аб паходжанні сужэнства ад Бога бярэ пачатак у акце стварэння. Бог, ствараючы чалавека як мужчыну і жанчыну, паклікаў іх ствараць супольнасць асобаў (пар. Быц 1, 27). І менавіта гэтая сужэнская супольнасць, якая, павялічваючыся, становіцца сям’ёй, з’яўляецца вобразам дасканалай любові Трох Боскіх Асобаў. «Вобразам і падабенствам да Бога чалавек стаў не толькі праз саму чалавечнасць, але таксама і праз «камунію» асобаў, якою з самага пачатку былі мужчына і жанчына».

Паводле Божага замыслу сужэнства і сям’я павінны быць глыбокаю супольнасцю жыцця і любові (пар. КDK 48). Ян Павел ІІ таксама нагадвае, што «у выніку сутнасць і заданне сям’і вызначаюцца любоўю. Таму сям’я атрымлівае місію аховы, аб’яўлення і перадачы любові, якія з’яўляюцца жывым адлюстраваннем і сапраўдным удзяленнем Божай любові чалавецтву, а таксама любові Хрыста Пана Касцёлу, Яго абранніцы» (FC 17). Без любові не можа яна ні жыць, ні павялічвацца, а тым больш удасканальвацца, паколькі гэтая любоў — унутраны прынцып, сіла і канчатковая мэта супольнасці асобаў (пар. FC 18.) Можна сказаць, што чалавек рэалізуецца ў любові, і таму яна з’яўляецца галоўнаю справаю жыцця чалавека. Любоў неабходная для існавання кожнага чалавека, — пра гэта пісаў Ян Павел ІІ на пачатку свайго пантыфікату. «Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застаецца для сябе незразумелаю істотаю, яго жыццё пазбаўлена сэнсу, калі яму не адкрыецца Любоў, калі ён не сустрэнецца з Любоўю, калі не дакранецца да яе і калі яе не зробіць як-небудзь сваёю, калі не будзе ў ёй актыўным удзельнікам» RH (10).

Нарачоныя сустракаюцца з Хрыстом, які ёсць Любоў, падчас заключэння сужэнскага саюзу. Гэта Ён іх яднае, умацоўвае, удасканальвае, робіць здольнымі выконваць сужэнскія абавязкі і вядзе да святасці. Ён з’яўляецца для іх прыкладам сапраўднай любові. З гэтага моманту яны павінны так любіць адно аднаго, як Хрыстус палюбіў Касцёл, а менавіта так, каб маглі аддаць жыццё адно за аднаго. Такая любоў пераходзіць на патомства, перамяняючы сужэнства ў сям’ю. А еднасць і непарыўнасць становяцца трывалаю і найважнейшаю асаблівасцю сужэнства.

Нетрываласць сужэнстваў з’яўляецца сур’ёзнаю хваробаю сучасных сем’яў. Часам для іх разводу хапае малаважных прычынаў: узаемныя заганы, неадпаведнасць характараў, цяжкія матэрыяльныя умовы, але сапраўднай прычынай нявернасці сужэнскай прысязе з’яўляецца слабая рэлігійнасць сужэнцаў.

Амерыканскі сацыёлаг Мерседэс Азур Вільсан правяла сацыялагічнае даследванне аб трываласці сужэнскіх саюзаў і зрабіла наступныя вынікі:

  1. калі сужэнцы жывуць без касцёльнага шлюбу, разводзіцца кожнае другое сужэнства, – г.зн. 50%;
  2. калі жывуць пасля заключэння касцёльнага шлюбу, але не выконваюць рэлігійных практык, то разводзіцца кожнае трэцяе сужэнства. Складае гэта 33%;
  3. калі жывуць пасля заключэння касцёльнага шлюбу і ўдзельнічаюць у нядзельнай Святой Імшы, то разводзіцца кожнае 50 сужэнства. Складае гэта 2%;
  4. калі жывуць пасля заключэння касцёльнага шлюбу, удзельнічаюць у нядзельнай Святой Імшы і разам моляцца, то разводзіцца адна пара з 1430 сужэнстваў.
Гэтыя даследванні дакладна ўказваюць, які вялікі ўплыў на трываласць сужэнства мае выконванне рэлігійных практык. Перадаючы гэту інфармацыю, мы верым, што з развіццём рэлігійнага жыцця на Беларусі будзе павялічвацца трываласць сужэнства, якое сёння знаходзіцца ў небяспецы. Нам прыкра сцвярджаць, што на Беларусі, паводле апошніх статыстычных дадзеных, разводзіцца каля 70% сужэнстваў.

«Сямейная «камунія» можа быць захавана і можа ўдасканальвацца толькі дзякуючы вялікаму духу ахвярнасці, бо яна патрабуе высакароднай гатоўнасці ўсіх і кожнага да ўзаемаразумення, талерантнасці, прабачэння і паяднання» (FC 21). Сілу для такіх паводзінаў сужэнцы чэрпаюць ад Хрыста. Глыбокая еднасць, узаемапавага і давер з’яўляюцца сапраўднымі толькі тады, калі сям’я моліцца. Гэта Хрыстус сказаў, што Ён прысутнічае там, дзе двое альбо трое сабраліся ў Яго імя (Мц 18, 20). Гэтую прысутнасць асаблівым чынам яшчэ ўзмацняе сакрамэнтальны сужэнскі саюз, які сужэнцы заключылі перад абліччам Бога і Касцёла. Хрысціянскія сужэнцы, звязаныя паміж сабою праз Хрыста, які прысутнічае сярод іх, у адпаведнасці з заключаным саюзам з’яўляюцца першым Хатнім Касцёлам, які здзяйсняецца праз перадачу жывой веры адно аднаму, а таксама і сваім дзецям. І менавіта гэты Касцёл, якім з’яўляецца сям’я, праяўляецца і рэалізуецца ў супольнай сямейнай малітве, што ажыўляе і ўмацоўвае веру і ўзаемную любоў.

«Бацькі (...) з дапамогаю слова і прыкладу павінны быць першымі вестунамі веры для дзяцей» (КК 11). Дзейсная прысутнасць веруючага бацькі дапамагае ў фармаванні асобы дзіцяці. Таксама апека маці, якая асабліва патрэбна маленькім дзецям, яе глыбокая вера дазваляюць дзіцяці расці ў атмасферы даверу і бескарыслівасці (KDK 52). Бацькі павінны разам дапамагаць адно аднаму і ўзрастаць у любові, павялічваючы такім чынам аўтарытэт у дзяцей.

Цэнтральнае месца ў сямейным жыцці павінен заняць удзел у нядзельнай Святой Імшы. А частае прыняцце святых сакрамэнтаў, асабліва сакрамэнту пакаяння і прыняцце Цела Хрыста ачышчае і ўмацоўвае сямейную еднасць. Наступным сродкам развіцця духоўнага жыцця як бацькоў, так і дзяцей з’яўляецца штодзённая супольная малітва. Пачуццё ўдзячнасці патрабуе малітвы перад ежай і пасля яе. Кожная сям’я павінна выпрацаваць свой уласны стыль малітвы. Гэта можа быць, напрыклад, сямейны Ружанец ці Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Толькі блізкі кантакт з Богам дае пачуццё бяспекі, сямейнага шчасця на зямлі і надзею на жыццё вечнае. У вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца сужэнцы, якія па розных прычынах жывуць у несакрамэнтальных саюзах, бо праз гэта яны страцілі Божую ласку. Мы заахвочваем іх, каб яны выконвалі рэлігійныя практыкі, маліліся, рабілі дабро, а калі знікнуць перашкоды — заключылі сакрамэнтальнае сужэнства.

Няхай для ўсіх сем’яў перасцярогаю будуць словы каталіцкага мысліцеля Ж. Гюёна, які сказаў: «Свет, які надыходзіць, будзе альбо Хрыстовы, альбо яго ўвогуле не будзе». Падобную думку можна з упэўненасцю скіраваць адносна сям’і: у ХХІ стагоддзі сям’я будзе альбо Хрыстовая, альбо яе ўвогуле не будзе.

21 кастрычніка 2001 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ узвысіў да годнасці благаславёных сужэнцаў Марыю і Алаізія Белтрамэ Кватроччы. Яны ўзялі шлюб у 1905 г., а ў сужэнстве пражылі разам 46 гадоў. У беатыфікацыйных урачыстасцях з чацвярых іхніх дзяцей не было толькі Стэфаніі, якая была бэнэдыктынкай і памерла ў 1993 г. Сярод канцэлебрантаў былі два іх сыны: 95-гадовы кс. Тарцісіо, святар Рымскай дыяцэзіі, і 92-гадовы кс. Паоліно, трапіст. Іх сястра Энрыхэта была чацвёртым дзіцем. Падчас цяжарнасці жыццё маці было ў небяспецы, таму ўрачы раілі ёй зрабіць аборт. Але сужэнцы гэтага не зрабілі. У дзень беатыфікацыі дачка дзякавала Богу за жыццё і за благаслаўлёных бацькоў. Святы Айцец у гаміліі сказаў, што «благаслаўлёныя сужэнцы пражылі звычайнае жыццё незвычайным чынам. Яны змаглі так духоўна паяднацца з Богам, што ўсё, што яны рабілі, служыла на хвалу Божую». Няхай гэтыя словы Святога Айца будуць указальнікам і заахвочваннем для ўсіх сем’яў Беларусі, каб яны наследавалі справы благаслаўлёнай сям’і і сваім святым жыццём павялічвалі колькасць благаслаўлёных сем’яў.

На працу будавання сужэнства і сям’і паводле Божага замыслу ўдзяляем вам пастырскае благаслаўленне: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Каталіцкія Біскупы Беларусі
 
Паведамленне з XVIII пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 13:19
[25 верасня 2003 г., дыяцэзіяльная курыя ў Гродне]

У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам, прысутнічаў таксама нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Беручы пад увагу праграму ўрачыстасці святкавання 25-годдзя юбілею пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ у Рыме, вызначаны тэрміны пілігрымкі з 13 да 21 кастрычніка. Адказны за пілігрымку паінфармаваў, што лічба пілігрымаў складае прыкладана 460 чалавек.

Старшыня паведаміў сабраным аб зацвярджэнні Кангрэгацыяй па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў 6 жніўня бягучага года ў свята Перамянення Пана перакладу "Missale Romanum. Editio typica III" на беларускую мову.

Старшыня прадставіў сабраным рытуал хросту на беларускай мове. Удзельнікі Канферэнцыі адобрылі рытуал хросту, ён будзе высланы на зацвярджэнне ў Кангрэгацыю па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

Старшыня паведаміў біскупам, што "Карытас" Беларусі прынята ў Caritas Internationalis.

Сабраным таксама было даведзена да ведама аб стварэнні на Беларусі таварыства каталіцкіх мас-медыя "SIGNIS" і аб прыняцці яго ў міжнародную арганізацыю.

Старшыня звярнуў увагу сабраных біскупаў на вялікі попыт на дапаможнікі для катэхезы з боку душпастыраў і катэхетаў.

З нагоды святкавання 25-годдзя пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ прынята рашэнне аб правядзенні Міждыяцэзіяльнага конкурсу на тэму папскай дзейнасці.

Сабраныя канстатавалі, што канчаткова ўзгоднены Парафіяльныя статуты і што можна пачынаць дзяржаўную рэгістрацыю парафій ва ўсіх дыяцэзіях.

Прынята рашэнне, што прамая трансляцыя з Пастэркі на Божае Нараджэнне будзе весціся з гродзенскай катэдры.

Біскуп Антоні Дзям'янка,
сакратар ККББ
 
Пастырскі ліст на другую Вялікодную нядзелю 2003 года - нядзелю Божай Міласэрнасці
13.07.2009 13:18
«Благаславёныя міласэрныя, бо яны
міласэрнасць спазнаюць»
(гл. Мц 5, 7).

Умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!
У гэтыя дні сэрцы ўсіх вернікаў паяднаныя ў вялікай пасхальнай радасці, таму што ў літургіі мы перажываем Уваскрасенне Хрыста - гэта значыць Яго Перамогу над грахом і смерцю. Мы ўсведамляем бязмежную любоў Бога, які першым выйшаў да грэшнага чалавека са сваім дарам міласэрнасці і «так палюбіў (...) свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 15-16). Езус Хрыстус, такім чынам, з'яўляецца найбольш поўным праяўленнем любові Бога да людзей.

Асаблівай надзеяй напаўняе нас сённяшняя нядзеля, якая называецца «Нядзеляй Міласэрнасці», таму што гэта час, калі мы ўзгадваем устанаўленне Хрыстом сакрамэнту пакаяння і паяднання - бязмежнай таямніцы Божай Міласэрнасці адносна кожнага чалавека. У Евангеллі мы чулі словы Езуса, якія Ён скіраваў да апосталаў і іх наступнікаў: «Спакой вам. Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас (...) Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 21-23).

Такім чынам, Хрыстус давярае Касцёлу вялікі дар Божай Міласэрнасці з такой мэтай, каб вызваляць людзей ад грахоў і ўзвялічваць іх у веры, надзеі і любові. «Я прагну, - сказаў Езус падчас аб'яўлення святой сястры Фаустыне, - каб свята Міласэрнасці было прытулкам і сховішчам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў (...). Душа, якая (у гэты дзень) прыступіць да споведзі і Святой Камуніі, атрымае поўнае прабачэнне правінаў і караў (...); няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б грахі яе былі, як пурпур».

Сёння мы часта адчуваем сябе бездапаможнымі, жывучы ў няволі грэшных прывязанасцяў: празмернага клопату пра матэрыяльныя рэчы, пачуццёвасці, а таксама алкагалізму. Мы так лёгка апраўдваем нашу адсутнасць на нядзельнай Святой Імшы, адсутнасць штодзённай малітвы, занядбанне ў катэхізацыі дзяцей і моладзі, нядобрасумленнасць, вульгарнасць, сквапнасць, зайздрасць і шмат іншых заганаў, якія ўскладняюць нам асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё.

Так шмат яшчэ ёсць вакол нас і ў нас саміх эгаізму, які ўскладняе альбо цалкам перашкаджае нам прыняць Уваскрослага Хрыста. Мы ж не падрыхтаваныя да дзеяння Яго ласкі, адчуваем сябе зняволенымі і згубленымі ў лабірынце спраў гэтага свету. Мы задаем сабе пытанне: як можна ўсё гэта змяніць, каб сфармаваць новае аблічча сваёй чалавечнасці і ўсяго сучаснага свету, якому пагражае нянавісць?

«Чалавецтва не знойдзе спакою, пакуль не звернецца з даверам да Маёй Міласэрнасці!» (Дз. 300). Гэтыя незвычайныя словы Збаўвіцеля, якія Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў найлепшым антыбіётыкам на хваробы сучаснага свету, былі перададзены праз Апосталку Божай Міласэрнасці - святую Фаустыну Кавальскую, законніцу з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці. Езус асаблівым чынам выбраў яе як «сакратарку» сваёй міласэрнасці, адначасова наказваючы намаляваць Яго абраз з надпісам «Езу, давяраюся Табе». Гэты абраз быў намаляваны ў Вільні мастаком Яўгенам Казіміроўскім пад кіраўніцтвам святой сястры Фаустыны згодна з аб'яўленнямі і наказамі, якія яна атрымала ад Пана Езуса. Такім чынам Езус прагнуў нагадаць нам і ўсяму свету пра забытую праўду аб Божай Міласэрнасці і ўказаць шляхі выйсця з такой складанай сітуацыі, у якую гэты свет цяпер трапіў.

Усведамляючы вялікія пагрозы для чалавецтва, якое ўваходзіць у трэцяе тысячагоддзе, Святы Айцец Ян Павел ІІ у Лагеўніках каля Кракава 17 жніўня 2002 года кансэкруе першы ў свеце санктуарый Божай Міласэрнасці і здзяйсняе гістарычны акт прысвячэння свету Божай Міласэрнасці. Адначасова ён выказвае пажаданне, каб Пасланне аб міласэрнай любові Бога загучала з новаю сілаю і дасягнула ўсіх жыхароў зямлі, а таксама напоўніла іх сэрцы надзеяй.

«Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету; дзеля Яго балеснай Мукі - будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету», - гэта словы з Дзённіка сястры Фаустыны. «Да нас і да ўсяго свету»... Як жа патрэбна сённяшняму свету Божая Міласэрнасць! На ўсіх кантынентах з глыбіні людскога цярпення, здаецца, узносіцца заклік аб міласэрнасці. Там, дзе пануе нянавісць, жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць непавінных, патрэбна ласка міласэрнасці, якая заспакойвае чалавечы розум і сэрцы і нараджае спакой. Дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека патрэбна міласэрная любоў Бога, у святле якой адкрываецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання. Патрэбна міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць на свеце ў бляску праўды перастала існаваць.

Папа ў сваёй гаміліі ўказаў, як моцна патрэбна сучаснаму свету Божая Міласэрнасць. Якім важным становіцца заклік «Езу, давяраюся Табе», які, як зазначыў Ян Павел ІІ, трэба з глыбокаю вераю нястомна паўтараць.

Словы Святога Айца з'яўляюцца для нас асаблівым выклікам, каб у кожнай парафіі, у касцёлах, дамах і сэрцах ажывіць культ Божай Міласэрнасці. Першапачатковая справа Божай Міласэрнасці - выратаваць чалавека, які знаходзіцца ў стане смяротнага граху, і паяднаць яго з Богам. Свет, паглыблены ў атмасферу рэлігійнай абыякавасці і бязвер'я, уласнымі сіламі не зможа духоўна аднавіцца і ісці па шляху паўсюднага братэрства і спакою.

Праз свой уласны цяжкі грэх чалавек пазбаўляе сябе звышнатуральнага жыцця і, прабываючы ў духоўнай смерці адносна Бога, не ў стане адпаведна адказаць на любоў Божую. Толькі праз навяртанне і сакрамэнтальнае ачышчэнне з грахоў моцаю асвячальнай ласкі ён атрымлівае годнасць дзіцяці Божага. Неабходна таксама, каб кожны асабіста пастаянна дзякаваў Богу за шматлікія спазнаныя ласкі міласэрнасці, асабліва ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.

Спазнаючы ў саміх сабе Божую Міласэрнасць, мы павінны таксама гэтай міласэрнасцю дзяліцца з іншымі. Радуючыся адшуканаму Божаму жыццю, мы не можам быць абыякавымі да становішча тых нашых братоў і сясцёр, якія жывуць яшчэ ў стане духоўнай смерці, патанаюць у сваіх грахах, жывучы без Бога. Часта нашае заахвочванне, добрае слова, малітва, і перш за ўсё сведчанне жыцця любоўю Божай могуць стаць для іншых адзінаю аказіяй для навяртання. Як хрысціяне мы абавязаны несці такое апостальства.

Іншай праявай міласэрнасці з'яўляецца распачынанне разнастайных дабрачынных спраў у адносінах да нашых бліжніх. Праз справы міласэрнасці мы выконваем запаведзь любові да бліжняга. Хрысціянская міласэрнасць, якая рэалізуецца ва ўсведамленні еднасці з Богам, абавязвае нас быць адказнымі за ўвесь Касцёл і за кожнага з паасобных яго членаў. Грэбаваць бліжнім, які знаходзіцца ў патрэбе, - азначае грэбаваць самім Хрыстом.

Ніхто з нас не можа быць абыякавым да патрэбаў і бяды сваіх бліжніх. Нягледзячы на свае сціплыя магчымасці кожны павінен усведамляць абавязак аказваць паслугу міласэрнасці патрабуючым, таму што міласэрная любоў з'яўляецца істотным элементам у штодзённым рэлігійным жыцці хрысціяніна. Ён не можа інакш рэалізаваць свайго паклікання, як толькі праз бескарысны дар самога сябе для бліжніх. Толькі тады яго жыццё стане сапраўды вартасным.

Сёння мы дзякуем Богу за атрыманыя ўжо шматлікія ласкі міласэрнасці і просім словамі малітвы Святога Айца:

«Божа, Ойча Міласэрны, які аб'явіў сваю любоў у Тваім Сыне Езусе Хрысце і выліў яе на нас у Духу Святым, Суцяшальніку, Табе давяраем сёння лёсы свету і кожнага чалавека.

Схіліся над намі, грэшнымі, вылечы нашую слабасць, перамажы ўсялякае зло, дазволь усім жыхарам зямлі адчуць Тваю міласэрнасць, каб у Табе, Трыадзіны Божа, заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі.

Ойча Спрадвечны, дзеля балеснай мукі і змёртвыхпаўстання Твайго Сына, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!».

Амэн.

Каталіцкія біскупы Беларусі
 
Пастырскі ліст на Вялікдзень 2003 года
13.07.2009 13:16
«Я – уваскрасенне і жыццё;
хто верыць у Мяне, калі і памрэ, – жыць будзе»
(гл. Ян 11, 25).

Адзін з аўтараў гамілійных нарысаў у сваіх велікодных разважаннях падрабязна апісвае стан і паводзіны Апосталаў і евангельскіх жанчын непасрэдна пасля крыжовай смерці Езуса на Галгофе.

Вучні Хрыста, Ягонае найбліжэйшае атачэнне былі так засмучаны Яго смерцю на Галгофе, што ўспамін пра абяцанне ўваскрэснуць быў для іх па-за межамі рэальнай свядомасці. Пакутлівы вобраз Яго канання на крыжы так перапоўніў іх стан і думкі, што яны не былі здольныя пакуль што думаць пра нешта іншае, як толькі пра тое, што Той, каго яны шанавалі і любілі, з Якім звязвалі свае надзеі, сапраўды памёр, і памёр смерцю ганебнаю.

У гэтым сэнсе яны дазволілі праціўнікам Хрыста апярэдзіць сябе, якія аднак у тыя дні ў сваёй каварнай прадбачлівасці прыгадалі словы Хрыстовага абяцання аб уваскрасенні і паклапаціліся, каб была пастаўлена варта каля грабніцы пахаванага Езуса.

А вучні тым часам купілі сто фунтаў духмяных рэчываў – ажно сто фунтаў... А жанчыны лічылі, што гэтага яшчэ замала, і паабяцалі сабе, што пасля шабату падрыхтуюць яшчэ болей, каб намасціць цела Хрыста. У гэтым другасным клопаце пра духмяныя рэчывы і намашчэнне цела заключаецца нейкая сентыментальная клапатлівасць і піетызм да памерлага, але адначасова ёсць тут перакананне, што гэтае намашчэнне робіцца не на тры дні. Гэтыя сто фунтаў і тыя дадатковыя, пра якія думалі жанчыны, указваюць на тое, што, прынамсі, у тыя хвіліны яны думалі пра намашчэнне і захаванне цела на доўгі час, а можа і назаўсёды.

Знамянальна, што ўсе яны не столькі забыліся, але хутчэй за ўсё не вельмі яшчэ верылі ў тое, што гаварыў Хрыстус пра сваё ўваскрасенне. Такім чынам: апосталы не давяраюць жанчынам, якія гавораць, што бачылі Уваскрослага, а сярод іх – Марыі Магдалене, якая спачатку таксама не давярае, бо думае і гаворыць: забралі Яго і не ведаю, дзе Яго паклалі. У гэты момант яна зусім не думае пра ўваскрасенне, але клапоціцца толькі пра тое, дзе Ён знаходзіцца – мёртвы, укрыты.

Напэўна, і Пётр не верыць Магдалене, і толькі пасля таго, як убачыў пустую магілу, успомніў пра абяцанне Хрыста ўваскрэснуць. Іншыя Апосталы павінны былі на працягу васьмі дзён пераконваць святога Тамаша ў тым, што Хрыстус жывы, а Тамаш на працягу васьмі дзён настойваў на тым, што не паверыць, пакуль не пакладзе рукі свае ў раны Хрыста.

Гэта з’ява, якую варта ўсвядоміць: вера ў змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных імкненняў, не са сведчання людзей, не са сведчання вартаўнікоў, не з погаласак, якія распаўсюджвалі жанчыны, а сярод іх і Марыя Магдалена, не з чутак, якія хадзілі сярод легкаверных людзей. Вера ва ўваскрасенне Езуса сфармавалася з самага пачатку існавання Касцёла, з самога Хрыста, які праз частае сваё аб’яўленне і слова рашуча ўмацоўваў у свядомасці сваіх вучняў перакананне, што Ён сапраўды ўваскрос і жыве.

Пры гэтым, робячы такія намаганні, Ён не шкадаваў для Апосталаў суровых слоў: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што прадказвалі прарокі!» (гл. Лк 24, 25). Толькі з гэтых шматлікіх аб’яўленняў Хрыста, якія паўтараліся, нараджаецца перакананне і вера, што Пан сапраўды ўваскрос і жыве, і гэтая вера і перакананне складаюць неад’емную частку хрысціянскай веры.

Толькі калі гэта Добрая Навіна – Евангелле Уваскрасення, Евангелле непераможнага жыцця – закараніцца ў Апосталах, у іх свядомасці, – яны стануць вызнаўцамі Хрыста і будуць гатовыя памерці за Яго так, як і Ён памёр за іх, з глыбокай перакананасцю, што гэтак жа, як Хрыстус не памёр назаўсёды, так і яны не памруць назаўсёды.

Мінула ўжо дваццаць стагоддзяў з таго часу, калі першы раз Анёл з неба абвясціў жанчынам, якія прыйшлі да пустой ўжо грабніцы Езуса, Хрыстовае Уваскрасенне. Касцёл у сваёй шматвекавой гісторыі няспынна абвяшчае ўваскрасенне Пана, якое стала асноваю хрысціянскай веры і адначасова задаткам нашага ўваскрашэння.

Мы молімся ў штодзённай малітве «Веру ў Бога Айца» наступнымі словамі: «... укрыжаваны, памёр і быў пахаваны... і на трэці дзень уваскрос», – гэта значыць вызваліўся з-пад улады смерці, перайшоў у несмяротнае, вечнае жыццё. Пацвярджае гэта святы Павел у Пасланні да Рымлянаў: «Хрыстус, уваскросшы з памерлых, ужо не ўмірае: смерць не мае ўжо ўлады над Ім» (гл. Рым 6, 9).

У штодзённай малітве «Веру ў Бога Айца» мы таксама вызнаем: «... уваскрашэнне цела». Пан Езус, праз уцелаўленне з’яднаны з чалавечаю натураю, уваскрос і тым самым даказаў праўдзівасць сваіх слоў: «Я – уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, – жыць будзе» (гл. Ян 11, 25). Пацвярджае гэта св. Павел у лісце да Карынцянаў: «Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (гл. 1 Кар 15, 22).

Менавіта таму Вялікдзень з’яўляецца самым вялікім і самым радасным святам хрысціянства, якое святкуецца дзеля праслаўлення Уваскрослага Хрыста, у якім мы ўскладаем надзею нашага ўваскрашэння.

Прыміце пажаданні велікоднага Аллелюя з пастырскім благаславеннем.

Кардынал Казімір Свёнтэк,
Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
 
Ліст Каталіцкіх Біскупаў Беларусі з нагоды Дня Caritas 2003 года
13.07.2009 13:15

Дарагія святары і ўмілаваны люд Божы!

Касцёл Хрыстовы ад пачатку свайго існавання выконваў заданні, даручаныя яму сваім Заснавальнікам. Да іх адносяцца: абвяшчэнне Божага слова, справаванне святых сакрамэнтаў, а таксама справы міласэрнасці. Гэтая патройная місія вынікае з выразнага наказу Хрыста, а таксама з прыкладу Яго жыцця.

Такім чынам, Езус, які аб’явіў нам міласэрнага Айца, прагне, каб мы як Яго вучні, неслі гэты воблік Бога ўсім людзям па ўсёй зямлі.

У жыцці Езуса слова суправаджалася чынам. Таму аб любові Айца да людзей Ён засведчыў не толькі словам, але таксама сваімі канкрэтнымі ўчынкамі і сваімі адносінамі да слабых і прыгнечаных, хворых і засмучаных, грэшных і пакрыўджаных, бедных і самотных.

Ён, які прайшоў праз жыццё, «робячы дабро ўсім», мог спаслацца на самога сябе і сказаць: «Я даў вам прыклад, каб вы любілі адзін аднаго».

Хрыстус не толькі сам дапамагаў людзям у іх матэрыяльнай і духоўнай патрэбе, але таксама з самага пачатку сваёй публічнай дзейнасці вучыў сваіх вучняў аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна. Да гэтага клопату Ён пастаянна іх заклікаў, часам нават выразна патрабаваў ад іх, каб яны былі выканаўцамі Яго любові. Перад адыходам з гэтага свету Ён яшчэ раз даручыў ім выконваць справы любові, а любоў учыніў знакам прыналежнасці да Яго. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце любіць адзін аднаго» (пар. Ян 13, 35).

Пасля атрымання Духа Святога апосталы не толькі пачалі абвяшчаць слова Божае, але таксама з запалам яны сведчылі пра Хрыста ўчынкамі любові. Дабрачынная дзейнасць першага Касцёла была ўкампанавана ў сукупнасць рэлігійнага жыцця. Лічыцца, што яна з’яўляецца інтэгральнаю часткаю Хрыстовага пасланніцтва. Таму першыя хрысціяне «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці, ламанні хлеба і ў малітвах» (пар. Дз 2, 42). Гэтае старажытнае сведчанне паказвае, што Касцёл ад пачатку свайго існавання выконваў свае асноўныя функцыі: прапаведванне слова Божага, літургію і дыяконію, ці інакш кажучы «службу Богу і службу братам». Гэтыя функцыі былі да такой ступені паяднаныя паміж сабою, што адна без другой не магла эфектыўна ажыццяўляцца.

Святы апостал Якуб на літургічных сходах перасцерагаў і выразна пратэставаў супраць дыскрымінацыі ўбогіх, нагадваючы, што той, хто клапоціцца пра інтарэсы багатых і адначасова пагарджае беднымі, – парушае Божае права (пар. Як 2, 1-13).

Гэтая патройная місія Касцёла нарадзіла ў хрысціянаў усведамленне таго, што без любові да бліжняга няма аўтэнтычнай службы Божай і годнага святкавання Вячэры Панскай. Гэта выразна пацвярджае святы Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў (11, 17-34).

Касцёл па-рознаму ажыццяўляў наказы Хрыстовай любові. Будаваліся дамы для сірот, інвалідаў, нямоглых і пажылых людзей, а для аказання дапамогі бедным ствараліся розныя брацтвы, члены якіх гэтай мэце прысвячалі сваё жыццё, свае здольнасці, свой час. Для ажыццяўлення гэтай мэты Бог на працягу стагоддзяў натхняў на стварэнне шматлікіх мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў.

Другі Ватыканскі Сабор асаблівым чынам падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць з’яўляецца абавязкам і неад’емным правам люду Божага, а таксама сферай сваёй дзейнасці яна павінна ахопліваць усіх людзей і задавольваць усе іх патрэбы, «дзе б ні знаходзіліся тыя, каму патрэбна ежа і піццё, вопратка, жыллё, лекі, праца, адукацыя і сродкі, неабходныя для годнага жыцця чалавека, а таксама тыя, хто пакутуе ад бедстваў і хваробаў, пакутуе на чужыне альбо ў турме – усюды хрысціянская любоў павінна шукаць і знаходзіць іх, суцяшаць дбайным клопатам і падтрымліваць, аказваць ім дапамогу» (DA 8).

Дабрачынная дзейнасць Касцёла з самага пачатку не мела арганізаваных структур. Яна выконвалася лакальнымі Касцёламі, законамі, групамі дабраахвотнікаў і асобнымі людзьмі. Спробы ўніфікаваць гэту дзейнасць і яе цэнтралізаваць распачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя. У першай палове ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца дыяцэзіяльныя Caritas, потым нацыянальныя, і яны паспрыялі стварэнню агульнай сусветнай арганізацыі Caritas пад назваю «Caritas Internationalis» – «Сусветны Caritas». Нягледзячы на тое, што людзі ў розных кутках свету гавораць на розных мовах, для азначэння дабрачыннай акцыі была выкарыстаная агульная назва «Caritas» – гэта значыць Любоў. Сэнс назвы разумеюць усе, як тыя, хто сведчыць пра гэтую любоў канкрэтнай дзейнасцю, так і тыя, хто яе атрымлівае. Сядзіба сакратарыяту Caritas знаходзіцца ў Рыме, які мае свае прадстаўніцтвы ў розных кутках свету. Гэты сакратарыят быў створаны ў 1950 годзе і ў яго склад уваходзяць прадстаўнікі Caritas 154 краінаў.

Сусветны Caritas прымае рашэнні, што датычаць справаў дабрачыннасці, для вырашэння якіх трэба як мага хутчэй мабілізаваць, напрыклад, дапамогу пасля розных стыхійных бедстваў: катастрофаў, паводак, у выпадку ваенных дзеянняў і розных няшчасных здарэнняў. Фінансы для дапамогі ў такіх сітуацыях Сусветны Caritas бярэ з ахвяраванняў, якія складаюць людзі з розных краінаў.

Сусветны Caritas не толькі дапамагае людзям у надзвычайных справах, але таксама прымае пад увагу матэрыяльныя і духоўныя патрэбы розных народаў, якія вынікаюць са складанай сітуацыі іх жыцця. Да такіх краінаў адносіцца таксама і Беларусь. Сусветны Caritas даручыў аддзяленню Caritas аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц апекавацца тымі людзьмі на Беларусі, якім патрэбна дапамога. Праз пасрэдніцтва Caritas гэтай дыяцэзіі на працягу 8 гадоў Беларусь атрымлівае разнастайную дапамогу, якая перадаецца найбольш патрабуючым сем’ям, дзіцячым дамам, бальніцам, сацыяльным арганізацыям, а таксама тым, каму патрэбна дапамога ў паасобных парафіях. Вялікую дапамогу мы атрымліваем таксама ад іншых касцёльных дабрачынных арганізацый Caritas розных краінаў: Польшчы, Італіі, Францыі, Англіі, Ірландыі. Рэгістрацыя арганізацыі Caritas на Беларусі адбылася ў 1994 годдзе, на падставе якой Caritas атрымала юрыдычны статус, што дало ёй магчымасць дзейнічаць адпаведна з законам, а таксама больш зладжана працаваць.

Ва ўсіх чатырох дыяцэзіях Беларусі дзейнічае Caritas, а ў 1999 г. была створана таксама арганізацыя «Нацыянальны Карытас», у заданні якой уваходзіць прэзентацыя Беларусі на міжнароднай арэне і каардынацыя дабрачыннай дзейнасці ва ўсёй краіне.

Паколькі дзейнасць дыяцэзіяльнай арганізацыі Caritas не можа ахапіць усе мясцовасці Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца з просьбаю да ўсіх душпастыраў, каб у сваіх парафіях яны стваралі дабрачынныя парафіяльныя суполкі. У склад такой суполкі павінны ўвайсці асобы, якія вызначаюцца асаблівай рэлігійнасцю і добрасумленным жыццём. Для душпастыра парафіі яны павінны стаць дзейснаю дапамогаю ў ажыццяўленні заданняў міласэрнасці на тэрыторыі парафіі. Гэта могуць быць асобы, вызначаныя душпастырам пасля адпаведнай кансультацыі з парафіянамі альбо яны могуць быць выбраныя парафіянамі, калі душпастыр палічыць гэта слушным. Дзейнасць дабрачыннай суполкі ў парафіі будзе сведчаннем далучэння парафіі да справы міласэрнасці, а таксама аб’ектам кананічнай візітацыі.

Дабрачынная дзейнасць парафіяльных суполак павінна быць разнастайнай. У іх заданні будуць уваходзіць: аказванне неадкладнай дапамогі патрабуючым, клопат пра бальніцы, сацыяльныя асяродкі, дзіцячыя дамы, прытулкі, таварыствы інвалідаў, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама пра іншых людзей, якія знаходзяцца ў крытычных сітуацыях. Патрабуючыя асобы, якія падчас такіх стыхійных бедстваў, як пажар альбо паводка панеслі вялікія матэрыяльныя страты, таксама знаходзяцца пад апекай Caritas. У заданні парафіяльнай суполкі таксама будзе ўваходзіць арганізацыя пунктаў харчавання для найбольш патрабуючых людзей. У Мінску, Баранавічах, Віцебску і Полацку такія сталоўкі ёсць і кіруюць імі свецкія асобы, у Гродне і Гомелі сталоўкамі кіруюць законныя сёстры.

З 1995 г. Caritas выдае часопіс-квартальнік «Misericordia», прысвечаны дабрачыннай тэматыцы, які таксама асвятляе дзейнасць гэтай арганізацыі на тэрыторыі чатырох дыяцэзій.

Аказванне дапамогі патрабуючым – гэта таксама сведчанне любові да Бога. Самой дэкларацыі любові да Бога без пацвярджэння любові да бліжняга не дастаткова. Святы Ян выразна вучыць, што «хто мае дастатак у свеце, але, бачачы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца сваё, – дык як прабывае ў ім любоў Божая» (1 Ян 3, 17-18). Нічога дзіўнага, што св. Ян выразна абвяшчае першынства братэрскай любові над непасрэднай любоўю да Бога. Можа, гэтую праўду нам будзе цяжка зразумець, але мы павінны памятаць, што любоў да бліжняга мае ўплыў на ўдасканаленне нас у любові да Бога (1 Ян 4, 12).

Аказванне дапамогі патрабуючым з’яўляецца таксама ўчынкам, які садзейнічае нашаму збаўленню. Катэхізіс пералічвае тры добрыя ўчынкі: малітва, пост і міласціна. Калі міласціна стаіць нароўні з малітваю, гэта значыць, што яна мае такую ж самую звышнатуральную каштоўнасць, як і малітва. На апошнім судзе нас будуць судзіць з любові, і любоў да бліжняга стане крытэрыем нашага збаўлення.

Для аказвання дапамогі бедным патрэбны матэрыяльныя сродкі. Нягледзячы на тое, што Касцёл напрацягу ўсіх стагоддзяў свайго існавання абвяшчаў і рэалізоўваў дабрачынныя справы, ён не стварыў сучасных спосабаў збору сродкаў на гэтыя мэты. Таму і сёння спосабам збору сродкаў на дабрачынныя мэты з’яўляюцца ахвяраванні, як гэта рабіў святы Павел і святы Барнаба, якія ў 45 годзе ў багатай Антыёхіі, Македоніі і Карынце збіралі ахвяры для галадаючых хрысціянаў у Ерузалеме (Дз 11, 27-30). Св. Павел, гаворачы аб дапамозе бедным, не карыстаўся свецкім выразам «узнос» ці «збор», але гэтую акцыю называў ажыццяўленнем любові.

Гэтае азначэнне мы хочам таксама выкарыстаць, прадстаўляючы да ведама вернікаў, што трэці тыдзень Вялікага посту – гэта значыць 23 сакавіка бягучага года – вызначаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, як «Дзень Caritas у Касцёле на Беларусі». Ва ўсіх каталіцкіх парафіях нашай краіны будуць збірацца ахвяраванні на дабрачынныя мэты і мы таксама просім аб гэтых ахвяраваннях ўсіх католікаў Беларусі. Няхай яны будуць ажыццяўленнем нашай супольнай братэрскай любові, няхай яны таксама будуць дарам, які мы складаем самаму Богу. Няхай заахвочваннем будуць для нас словы Святога Айца Яна Паўла ІІ: «Кожнага з нас голад і бяда іншых неяк кранае. На кожным з нас ляжыць частка адказнасці за гэтае несправядлівае становішча. Давайце дзяліцца хлебам з тымі, хто яго не мае альбо мае яго менш за нас! Давайце адкрываць нашыя сэрцы на патрэбы братоў і сясцёр, якія церпяць з прычыны голаду і нястачы! Часам яны саромеюцца прызнацца ў гэтым і ўтойваюць сваю бяду. Трэба ім тактоўна працягнуць братнюю руку дапамогі».

Бог Айцец міласэрнасці працягвае нам сваю далонь, выходзіць насустрач чалавеку. Ён прагне гэта рабіць таксама праз кожнага з нас!

На гэтую высакародную мэту ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляем у імя Айца, Сына і Духа Святога.

 

Каталіцкія біскупы Беларусі
 
Астравец — парафія Св. Космы і Дам'яна
Астравец — касцёл Св. Космы і Дам'яна
Фота А. Дыбоўскага
Адрас:
ул. Піянерская, 13
г.п. Астравец
Гродзенская вобл.
231210

Тэл. (8-01591) 3-90-77; 2-27-42
уРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  
  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 10.00, 13.30, 18.00 (19.00 у летні час)
  • Св. Імша ў будні — 10.00, 18.00 або 19.00 (у летні час)
Адпуст: 26 верасня
ыЗ гісторыі парафіі

Парафія створана ў 1458г., сённяшні касцёл пабудаваны ў 1787 г.

 
Паведамленне з XVI пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 13:12

У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам.

Старшыня падагульніў візіт біскупаў «ad limina», які меў месца 10-16 лютага бягучага года, у 3 аспектах: Папскім, літургічна-рэлігійным і адміністрацыйна-справаздаўчым.

Абмяркоўвалася, якім чынам Касцёл на Беларусі прыме ўдзел у святкаванні 25-гадовага юбілею Пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ, што адзначаецца ў гэтым годзе. Разглядалася магчымасць арганізацыі пілігрымкі ў Рым, а таксама ўключэння адпаведных тэм у катэхезу і каталіцкія сродкі масавай інфармацыі. У сувязі з абвяшчэннем Года Ружанца таксама пастаноўлена заахвоціць чытаць ружанец у малітоўных групах у інтэнцыі Святога Айца.

Канферэнцыя зацвердзіла пераклад на беларускую мову «Missale Romanum. Editio typica III», які быў прадстаўлены Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай камісіяй па перакладзе літургічных тэкстаў. Пасля таго, як Кангрэгацыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў зацвердзіць яго, гэты Імшал будзе абавязковым для карыстання ва ўсіх касцёлах нашай краіны.

Старшыня ККББ паведаміў аб перакладзе на беларускую мову Апостальскага ліста «Rosarium Virginus Mariae» і аб выданні 2000 экземпляраў гэтага Ліста.

Дырэктар Нацыянальнага Caritas зрабіў справаздачу аб дзейнасці Caritas за 2002 год. Сабраныя абмеркавалі правядзенне Агульнанацыянальнага дня Caritas у 3-ю нядзелю Вялікага посту.

Біскупы разгледзелі і адобрылі тэкст касцёльных запаведзяў. Пасля зацвярджэння гэтага тэксту Кангрэгацыяй веравучэння новая фармулёўка касцёльных запаведзяў будзе абвешчана вернікам усёй краіны.

Было прынята рашэнне аб змяшчэнні інтэрнэт-сайта ККББ з адпаведнай інфармацыяй з кожнай дыяцэзіі. Афіцыйным сайтам Каталіцкага Касцёла на Беларусі з’яўляецца сайт: www.catholic.by.

Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі.

3 сакавіка 2003 г., г. Пінск

 

 
Пастырскі ліст Кардынала Казіміра Свёнтка на Божае Нараджэнне 2002 года
13.07.2009 13:11
Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны змроку заззяла святло...
Іс 9, 1

Бэтлеемская ноч, што ўкрывае збавенную таямніцу Божага Нараджэння, стала ў гісторыі чалавецтва парогам пераходу са Старога ў Новы Запавет. Гэтая святая ноч паклала канец шматвяковай гісторыі пазначанага цяжкімі выпрабаваннямі Старога Запавету і стала пачаткам светлай эры збаўчага Новага Запавету.

Таму, наведваючы Бэтлеемскую стаенку, варта параўнаць гэтыя два розныя перыяды ў гісторыі чалавецтва на зямлі, каб глыбей усвядоміць і зразумець важнасць і значэнне прыйсця на свет Божага Слова.

1. Стары Запавет. Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства і пасяліў яго ў раі, каб ён мог прабываць са сваім Створцам. На жаль, чалавек, адораны вольнаю воляй, паддаўшыся намовам сатаны, парушыў Божую забарону пазнавання дабра і зла, і за гэта быў выгнаны з Эдэмскага саду. Для чалавека пачаліся доўгія гады, цэлыя вякі качавання і зямной вандроўкі без права непасрэднага прабывання з Богам.

Бог праяўляў Сябе як усемагутны Створца, магутны Уладар, суровы Пан. А чалавек, будучы грэшным стварэннем, баяўся Бога, дрыжэў ад страху, не адважваўся вымавіць імя Бога, выкарыстоўваў замяняльнае слова «Яхвэ», на імя Бога падаў ніц, закрываў твар... А Бог? Ён з’яўляўся сярод маланак і грому, за злачынствы караў, забіваў...

І чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, адракаўся ад сапраўднага Бога, усё больш патанаў у ідалапаклонстве. Сурова пакараны, ён абяцаў выправіцца, але не надоўга, ізноў грашыў і паўторна трапляў пад гнеў Божы.

Але адначасова пастаянна цеплілася ў сэрцы чалавека іскрынка тугі па прабыванні з Богам, іскрынка надзеі на прыйсце абяцанага Месіі. І так міналі дні, пражытыя з Богам і без Бога; адвэнтавыя гады чакання збаўчага Месіі.

І вось дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлеемскай стаенцы «Слова сталася целам». Прароцтвы здзейсніліся, споўніліся мары. «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло» (Іс 9, 1).

2. Новы Запавет. Бог злітаваўся над змучаным людам і ў сваёй бязмежнай міласэрнасці, «калі споўніўся час, (Бог) спаслаў Сына Свайго (Адзінароднага), які нарадзіўся ад жанчыны» (гл. Гал 4, 4), які, уцелавіўшыся, пасяліўся сярод людзей, каб здзейсніць справу адкуплення роду людскога і паяднаць людзей з Богам.

Стары Запавет саступіў месца Новаму Запавету, і адразу ўсё пачало адбывацца ў іншай рэчаіснасці.

Сын Божы нарадзіўся немаўляткам – слабым, кволым, безабаронным, і нарадзіўся не ў палацы, нават не ў доме, а ў стаенцы, «бо не было для іх месца ў заездзе», Яго паклалі ў яслях сярод жывёлы і пастухоў.

Але паколькі гэта не было звычайнае, людское дзіця, хоры нябесныя праслаўлялі Бога словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 13-14).

Так прыйшоў да людзей Бог, які – як зазначае святы Аўгустын – «стаў чалавекам, каб чалавека абагавіць». Бог стаў чалавекам, каб чалавека ўзнесці да вышыняў жыцця Божага.

А калі Ён распачаў сваю публічную дзейнасць, усё больш і больш збіралася каля Яго людзей, збіралася без боязі, без асцярогі, каб пачуць з вуснаў Месіі і Настаўніка навуку, якая грунтавалася на любові да Бога і да бліжняга, а таксама, каб атрымаць цудоўныя аздараўленні.

І Ён вучыў, прабачаў, літаваўся, нават плакаў, аздараўляў, уваскрашаў. Ён паказаў сябе не суровым Уладаром, але добрым Пастырам, які лічыў людзей дзецьмі Божымі. Ён дазволіў называць Бога Айцом – Абба.

А як кампенсацыю Богу Айцу за грахі людзей Ён склаў на крыжы на Галгофе ахвяру свайго цела і крыві, якую пастаянна аднаўляе ва ўстаноўленай Эўхарыстыі ў заснаваным Ім Касцёле, якому даручыў клопат пра збаўленне людскіх душаў.

3. Божае Нараджэнне. Кожная ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца для нас нагодай вярнуцца як мага больш сур’ёзна і пранікнёна да гэтага Евангелля Дзяцінства Хрыста, каб яшчэ раз аднавіць і ўмацаваць нашую веру. Калі хтосьці прыйшоў на Пастэрку толькі дзеля пэўнага рамантызму вігілійнай ночы альбо дзеля народнай традыцыі, то няхай зменіць свае намеры. Няхай узбагаціцца ўсім скарбам нашай веры ў Слова Уцелаўлёнае і няхай выспеўвае сваю радасць у нашых простых, але такіх красамоўных святочных календах.

Далучаю яшчэ маю просьбу да вас, дарагія дыяцэзіяне: давайце папросім прабачэння ў Марыі, Маці Божага Дзіцяці, за той вечар у Бэтлееме, калі Яна адыходзіла ад зачыненых дзвярэй, бо ніводзін дом Яе не прыняў. Давайце адчуем хоць крыху сябе вінаватымі за тых людзей, таму што мы з’яўляемся працягам той жа самай чалавечай сям’і.

Давайце папросім Маці Уцелаўлёнага Слова аб ласках для нас саміх, каб мы ніколі перад Яе Сынам і нашым Боскім Збаўцам не зачынілі дзвярэй нашых сэрцаў і каб у выніку Ён таксама не зачыніў дзвярэй перад намі, калі мы пасля доўгай зямной вандроўкі станем каля Яго дзвярэй з надзеяй у сэрцы, што Ён нам адчыніць дзверы ў першапачатковую радасць, але ўжо вечную – радасць бачыць Бога ў небе.

Далучаю найлепшыя святочныя пажаданні з пастырскім благаславеннем.

Кардынал Казімір Свёнтэк,
Aрцыбіскуп,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
 
<< Першая < Папярэдняя 1751 1752 1753 1754 1755 1756 1757 1758 1759 1760 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1760 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.