Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Пастырскі ліст на Вялікдзень 2005 года
13.07.2009 14:36
Праўда Пасхі

«Не бойцеся тых, хто забівае цела,
і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць»
(Лк 12, 4).

 

 

Калі ў Вялікую пятніцу Пілат пачуў вызнанне Хрыста: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37), то задаў Хрысту пытанне: «Што такое праўда?» (Ян 18, 38). Пытанне Пілата ў Вялікую пятніцу засталося без адказу. Гэты адказ Пілат і Ерузалем пачулі на трэці дзень пасля Вялікай пятніцы — раніцай у Велікодную нядзелю — і, на жаль, ён не быў прыняты ні Пілатам, ні старазапаветным Ерузалемам. А гэта быў надзвычайны адказ, які ўразіў увесь Ерузалем, і па сённяшні дзень уражвае ўсё чалавецтва. Хрыстус, асуджаны Пілатам на смерць, укрыжаваны і пахаваны, уваскрос! Яго грабніца пустая!

Вось вялікая праўда, пра якую засведчыў Хрыстус, уваскрослы ў Велікодную раніцу. Для таго Ён нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб, прынёсшы сябе ў ахвяру на крыжы за чалавечыя грахі дзеля адкуплення роду людскога, перамагчы смерць і адкрыць для людзей брамы да вечнага жыцця. Чалавек будзе жыць вечна!

Жыццё чалавека нельга закрыць у цесных рамках ад нараджэння да смерці. Чалавек павінен сапраўды сысці ў магілу, але з гэтай магілы ён напэўна выйдзе. Ніхто і нішто не можа забіць чалавека назаўсёды, навечна. Пра гэтую Пасхальную праўду Хрыстус сведчыць у Касцёле, які Ён сам заснаваў і ў якім ужо на працягу дваццаці стагоддзяў няспынна прысутнічае ў Боскай Эўхарыстыі.

Уваскрослы Хрыстус кажа: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4). Гэтае настаўленне датычыць розных праяваў адносін і дзеянняў, накіраваных супраць паасобных людзей, а таксама супраць розных чалавечых супольнасцяў.

Такім чынам, не бойцеся хваробаў, якія нішчаць зямное жыццё чалавека. Не бойцеся калецтва, старасці, якія чыняць чалавека слабым і бездапаможным. Не бойцеся ўсяго таго, што знішчае цела. Гэта праўда, што боль і цярпенне — цяжкі крыж, чалавек не жадае іх прымаць і ў меру сваіх фізічных сіл абараняецца. Але ў святле Велікоднай раніцы ўсе гэтыя зямныя выпрабаванні змяншаюцца і слабнуць. Пакуты зямнога жыцця нельга параўнаць з хвілінай, якая чакае нас у будучым жыцці ў вечнасці. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 12).

Таксама не бойцеся людзей, якія вас мучаць, можа, нават здзекуюцца з вас. Гэта могуць быць суседзі, але могуць быць таксама і члены сям’і. Не бойцеся тых, хто прычыняе вам духоўную ці матэрыяльную крыўду, хто прымушае вас плакаць. Сам Пан Езус зведаў усё гэта: Яго бічавалі, укаранавалі цернем, усклалі крыж на плечы, укрыжавалі, паклалі ў грабніцу. І вось Ён уваскрос і дасягнуў радасці паяднання з Богам Айцом у небе. Святы Павел у сваім лісце да Рымлянаў піша: «Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы смяротныя целы Духам сваім, што жыве ў вас» (Рым 8, 11).

Не бойцеся тых, хто знішчае духоўныя каштоўнасці, не прызнае праўды, злоўжывае справядлівасцю, абмяжоўвае свабоду, сее нянавісць, забівае нявінных. Прыйдзе час, калі праўда, свабода, справядлівасць і любоў перамогуць, калі запануе Валадарства Хрыста Уваскрослага.

І ўрэшце, не бойцеся сатаны і яго вераломства. Бо князь гэтага свету, які шнарыць у пошуках, каб звесці каго-небудзь са шляху праўды і любові, ужо быў асуджаны Хрыстом Уваскрослым. Няма такога граху і такога зла, ад якога дзякуючы Хрысту Уваскросламу немагчыма было б вызваліцца і атрымаць вечнае шчасце. Бо дабро мацнейшае за зло, ласка мацнейшая за грэх, свабода мацнейшая за няволю, любоў мацнейшая за нянавісць, жыццё мацнейшае за смерць.

Гэта тая вялікая праўда, якая грунтуецца на факце Змёртвыхпаўстання Пана. Аднак трэба прызнаць, што праўду прымаць часам цяжка. Сёння мы часта шукаем праўду, аднак плануем наперад, якой яна павінна быць. А калі яна не адпавядае нашым разумовым магчымасцям, мы яе не прымаем. Пасхальнай праўды немагчыма пазнаць толькі з дапамогай розуму, асабліва ў цяперашні час, калі людзі дастаткова часта аддаляюцца ад Касцёла, ад веры, ад Бога. Гэтую праўду можна пазнаць і прыняць толькі і выключна з дапамогаю веры. І таму, між іншым, Пілат, хаця ўжо ў Вялікую нядзелю меў адказ на сваё пытанне, гэтай праўды не прыняў. Не зразумеў. Яму не хапіла веры.

І яшчэ адно варта ўсвядоміць: вера ў Змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных жаданняў; не са сведчання варты, што стаяла каля грабніцы Езуса; не з чутак, якія разносілі жанчыны; не са слоў Магдалены, якая Яго любіла; не з вестак, што кружылі сярод легкаверных людзей. Наадварот, навіна пра змёртвыхпаўстанне Хрыста сутыкалася з недаверам апосталаў да словаў жанчын, Магдалены, а св. Тамаш цэлы тыдзень супраціўляўся, казаў, што не паверыць, пакуль не дакранецца да ранаў і боку Езуса.

Вера ў змёртвыхпаўстанне Езуса выйшла з самога Хрыста. Ён сваімі неаднаразовымі з’яўленнямі пасля паўстання з грабніцы, а таксама сваім выразным і рашучым словам абгрунтоўваў у свядомасці вучняў упэўненасць, што сапраўды перад імі іх уваскрослы Настаўнік. Толькі са шматразовых аб’яўленняў і прадказанняў Святога Пісання нарадзілася вера ў Хрыста, які ажыў. Пасля зразумення гэтага надзвычайнага факту ў апосталаў з’явілася гатоўнасць памерці за Хрыста, як і Хрыстус памёр за іх і за ўсіх людзей. Яны набылі таксама ўпэўненасць у тым, што як Хрысус перамог смерць, так і яны атрымаюць вечнае жыццё.

Такім чынам, вялікая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана сталася фундаментам хрысціянскай веры. Кожны, хто хоча паглыбіць веру, павінен прыходзіць да пустой грабніцы Езуса, дзе ляжалі толькі «палатніна і хуста, што была на галаве Яго» (пар. Ян 20, 7). Умацаванне веры — гэта нішто іншае, як нястомныя пошукі Хрыста Уваскрослага, гэта жаданне сустрэцца з Ім.

Няхай гэтая Пасхальная праўда — Змёртвыхпаўстанне Хрыста Пана — ажыўляе нашую веру ў Яго прысутнасць да сканчэння вякоў у перамененых постацямі хлеба і віна ў святой Імшы, у святой Камуніі і ў табэрнакулюмах каталіцкіх святыняў.

Няхай Уваскрослы Хрыстус, які пастаянна прабывае сярод нас у Эўхарыстыі, будзе крыніцай хрысціянскай мужнасці, каб мы не баяліся, але смела перамагалі ў нашым жыцці і паводзінах усялякія цяжкасці і перашкоды — як цялесныя, так і духоўныя, — згодна з Пасхальнай праўдай аб тым, што чалавек жыве вечна, што любоў мацнейшая за ўсялякае зло, а жыццё перамагае смерць.

Будзем жа непарушна з’яднаныя з Езусам Хрыстом Уваскрослым, заўсёды прысутным у Эўхарыстыі, бо гэта ўмацоўвае нас у выпрабаваннях зямнога жыцця і з’яўляецца задаткам нашага змёртвыхпаўстання да хвалебнага жыцця ў вечнасці.

Такія мае Велікодныя пажаданні вам, дарагія дыяцэзіяне, і да іх я далучаю сваё пастырскае благаслаўленне.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
 
Эўхарыстыя — крыніца міласэрнасці
13.07.2009 14:35

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Перыяд Вялікага посту, які мы цяпер перажываем, з’яўляецца найлепшай нагодай для разважання пра вялікую любоў Бога, аб’яўленую ў місіі Езуса Хрыста, асабліва ў таямніцы Яго крыжовай ахвяры, якая няспынна ўзнаўляецца ў Эўхарыстыі.

Жадаючы, каб таямніца Адкуплення і таямніца Эўхарыстыі сталі прадметам нашага разважання, Святы Айцец Ян Павел ІІ устанавіў Год Эўхарыстыі і ў Апостальскім лісце “Застанься з намі, Пане” (7 кастрычніка 2004 г.) даў нам парады, як належыць перажыць гэты год.

Сённяшняя нядзеля ў нашай краіне прысвечана дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, мэта дзейнасці якой — клопат пра найбольш бедных, пра тых, хто ў нястачы. Гэты клопат вынікае з нашай братняй любові, якая сваю сілу чэрпае з ахвярнай любові Хрыста, аб’яўленай ў Яго сакрамэнтальнай прысутнасці ў Эўхарыстыі. Такім чынам, можна сказаць, што дзейсная братняя любоў — гэта выраз свядомай удзячнасці Езусу за Яго сакрамэнтальную прысутнасць сярод нас.

Таму ў гэтым Пастырскім лісце, ідучы за парадамі Святога Айца, мы імкнёмся паяднаць сваю свядомасць з Вялікай Таямніцай нашай веры і выявіць цесную сувязь, якая існуе паміж Эўхарыстыяй і дзейснай любоўю да бліжняга.

“Пан Езус у тую ноч, калі быў выдадзены” (1 Кар 11, 23), устанавіў Эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві. Словы св. Паўла з’яўляюцца не толькі ўспамінам той падзеі ў Вячэрніку, але ўзнаўляюць сакрамэнтальную прысутнасць Езуса Хрыста і Яго Крыжовую Ахвяру.

Гэтая праўда добра выражаецца ў словах, якія кажа народ Божы ў адказ на словы святара: “Гэта вялікая таямніца веры” — “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу”.

Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не як адзін са шматлікіх каштоўных дароў, але як самы каштоўны дар, бо гэта — дар самога сябе, Яго ўласнай асобы. Дар Эўхарыстыі — гэта дар Божага збаўлення.

Гэты дар не абмежаваны толькі мінулым, ён не з’яўляецца толькі ўспамінам былых падзей, бо тое, што Хрыстус учыніў для нас, перанёсшы столькі пакут дзеля ўсіх людзей, належыць да Божай вечнасці і пераўзыходзіць усе часы.

Калі Касцёл здзяйсняе Эўхарыстыю — успамін Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста, — здзяйсняецца справа нашага збаўлення. Дзякуючы гэтаму кожны вернік можа ў ёй удзельнічаць і карыстацца яе невычэрпнымі пладамі. Гэта вера, якою на працягу вякоў жылі пакаленні, якую нязменна абвяшчаў Касцёл, праз усе вякі заахвочваючы верных да ўдзячнасці (Павел VI, урачыстае вызнанне веры, 30.06.1968 г.).

Што ж яшчэ мог учыніць для нас Езус? У Эўхарыстыі аб’яўляецца любоў Хрыста, якая ідзе ажно да канца; любоў, якая не ведае межаў (пар. 1 Кар 13, 1).

Эўхарыстыя ў такім разуменні была прадметам асаблівага ўшанавання з самага пачатку яе існавання. Так сцвярджае вялікі настаўнік веры св. Тамаш Аквінскі, які ў сваіх працах напісаў, што здзяйсненне Найсвяцейшай Ахвяры мае такую ж вартасць, як і смерць Пана Езуса на крыжы. Святы Ян Віянэй таксама вучыў, што мучаніцтва чалавека за веру мае меншую вартасць, чым Ахвяра святой Імшы. Мучаніцтва за веру — гэта ахвяра чалавека для Бога, а святая Імша — гэта Ахвяра Бога для чалавека.

Вынікам гэтага вучэння былі словы Папы Пія XII, на выказванні якога абапіраўся таксама ІІ Ватыканскі Сабор. Ён казаў, што Ахвяра Галгофы не адрозніваецца ад ахвяры, якая складаецца на алтарах нашых касцёлаў, бо кожны алтар — гэта ўзгорак, на якім узвышаецца крыж з Укрыжаваным і працягваецца паяднанне чалавека з Богам.

Падсумаваннем вучэння Касцёла пра Эўхарыстыю з’яўляецца энцыкліка Святога Айца Яна Паўла ІІ пра Эўхарыстыю ў жыцці Касцёла Ecclesia de Eucharistia, абвешчаная 17 чэрвеня 2003 года. У ёй Святы Айцец выразна кажа, што Хрыстус раз і назаўсёды прынёс ахвяру і даверыў яе Касцёлу, каб складаў яе як Ахвяру і карміў ёю верных да сканчэння свету.

Святы Айцец зноў выразна падкрэслівае, што ў Эўхарыстыі ёсць сіла, якая нас унутрана перамяняе, умацоўвае і сее ў нас зерне надзеі ў нашай зямной вандроўцы. У Эўхарыстыі таксама нараджаецца і ажывае місія кожнага чалавека ў Касцёле.

На падставе гэтага Святы Айцец разважае над праблемай грамадскага значэння Эўхарыстыі. Хрысціяне, спажываючы Эўхарыстыю, умацоўваюць сваю душу.

З Эўхарыстыі паходзіць дар любові і салідарнасці, бо сакрамэнт алтара нельга аддзяліць ад запаведзі ўзаемнай любові (Год Эўхарыстыі — Дакументы Касцёла, с. 109). Не выпадкова ў Евангеллі св. Яна мы не знаходзім апісання ўстанаўлення Эўхарыстыі, але чытаем пра тое, як Езус абмывае ногі Апосталам (Ян 13, 1-10). Такім чынам Пан Езус аб’явіў любоў, якая не пануе, а служыць. Сённяшняму свету так патрэбныя менавіта такія простыя і канкрэтныя знакі любові. Іх мерай з’яўляецца Эўхарыстыя, і нам усім неабходныя тыя знакі як прыклады для наследавання.

Аднак не трэба думаць, што толькі сёння мы пачалі гаварыць пра грамадскае значэнне Эўхарыстыі. Гэтыя прынцыпы былі ўжо вядомыя ў першыя стагоддзі хрысціянства. Ужо ў ІІ стагоддзі св. Ігнацый з Антыёхіі акрэслівае хрысціянаў як тых, хто захоўвае прадпісанне адносна нядзелі, а таксама жыве верай у Змёртвыхпаўстанне Хрыста і Яго рэальную прысутнасць падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Святы Юстын нагадвае, каб тыя, хто жыве ў дастатку, падзяліліся, як палічаць патрэбным, сабранымі дарамі, каб перадалі іх таму, хто ўзначальвае супольнасць, а той няхай дапаможа сіротам і ўдовам, пакінутым з-за хваробы ці па іншай прычыне, а таксама чужаземцам і вязням. Карацей кажучы, няхай дапаможа ўсім, хто ў патрэбе (Год Эўхарыстыі — Дакументы Касцёла, с. 110). Такім чынам, святая Камунія ўсім дае свае плады, умацоўвае нашую еднасць з Хрыстом, аддзяляе нас ад граху, заахвочвае дапамагаць бедным і дае задатак вечнага жыцця (ККК 1391–1398).

Плады святой Камуніі не аднолькавыя ва ўсіх, яны залежаць ад падрыхтоўкі да святой Імшы і падзякі пасля яе. Святы Тамаш Аквінскі нават піша, што ласка святой Камуніі ўзрастае па меры таго, як узрастае падзяка. Маючы на ўвазе ўзрастанне нашых заслуг праз розныя добрыя ўчынкі, мы хацелі б перанесці малітоўную падзяку пасля святой Камуніі на “падзяку ўчынкам”, якая рэалізуецца праз дзейсную дапамогу бедным і патрабуючым. Такая падзяка для таго, хто прымае святую Камунію, стане заслугай, а для бедных — духоўнай радасцю ад атрыманай дапамогі. Няхай з узрастаннем колькасці людзей, якія прымаюць святую Камунію, павялічваецца колькасць учынкаў міласэрнасці і памяншаецца колькасць тых бліжніх, якія жывуць у нястачы.

Праз нашыя ўчынкі міласэрнасці паводле слоў св. Яна Хрызастома мы будзем “зямлю ператвараць у неба”. Дзякуючы гэтаму нашая хрысціянская любоў, якая канцэнтруецца на Эўхарыстыі як пачатку, будзе працягвацца ў канкрэтным служэнні чалавеку і будаваць свет паводле Божай задумы (“Я — з вамі”, адвэнтавыя рэкалекцыі, с. 98).

Плады дабрачыннай працы паасобных людзей, хоць яны і збаўчыя, у сённяшняй рэчаіснасці не такія шматлікія, як у арганізаванай групе. Не ўсе людзі ведаюць адзін аднаго. Сярод нас жыве шмат бедных, пра якіх ніхто не ведае, якім ніхто не дапамагае, а яны з-за нясмеласці не адважваюцца прасіць іншых аб дапамозе. Дапамога паасобных людзей заўсёды будзе адзінкавай і залежнай ад індывідуальных магчымасцяў. Паўсюдную дапамогу, якая ахоплівае ўсіх тых, хто жыве ў нястачы, можа арганізаваць толькі парафія, якая з’яўляецца супольнасцю вернікаў.

Парафія павінна дзейнічаць праз парафіяльную дабрачынную групу, якая можа складацца з адпаведных людзей, здольных прысвяціць сябе ахвярнай працы. Члены камітэта павінны добра ведаць сітуацыю ў парафіі і мець больш блізкі кантакт з беднымі. Кіраўніком групы павінен быць пробашч парафіі, і яго таксама трэба інфармаваць аб патрэбах парафіі.

Парафіяльная група павінна ўзяць на сябе ўсе ініцыятывы, якія датычаць дапамогі бедным, а таксама здабывання фінансавых сродкаў і іх размеркавання. У размеркаванні дапамогі нельга кіравацца выключна рэлігійнымі меркаваннямі, але неабходна аказваць дапамогу згодна з вучэннем Хрыста. Трэба, каб паўставалі і дзейнічалі на нашай зямлі парафіяльныя дабрачынныя групы. Ажыўленне дабрачыннай дзейнасці ў парафіі будзе найлепшым пладом Эўхарыстычнага Года і трывалай падзякай Езусу, які прабывае між намі і прыходзіць у нашыя сэрцы.

На гэтую плённую працу шчырым сэрцам благаслаўляем: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
 
Распараджэнне да святароў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Беларусі
25 лютага Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, звярнуўся да святароў з наступным распараджэннем:

Да святароў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Беларусі

Шаноўныя святары, да вас, напэўна, дайшлі звесткі аб стане здароўя Святога Айца Яна Паўла ІІ, а таксама аб Яго вялікім клопаце пра тое, каб былі рэалізаваны ўсе заданні Касцёла таксама падчас Яго неабходнага прабывання ў клініцы Джэмэлі.

Я ўпэўнены, што вы, шаноўныя святары, ужо распачалі з вернікамі малітвы ў інтэнцыі здароўя Святога Айца, і за гэтую паставу сардэчна вам удзячны.

Праз гэты ліст жадаю даць сведчанне маёй лучнасці з вернымі перад Панам Богам ў гэтым сыноўскім абавязку.

Гэтым лістом аддаю распараджэнне:

  • няхай вернікі трываюць на малітвах дома, у святынях, катэхетычных класах, і моляцца, напрыклад, святы Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Літанію да Маці Божай ці іншую выбраную малітву;
  • няхай усе, па магчымасці, прымаюць на сябе разважлівыя ўстрыманні і спаўняюць добрыя ўчынкі;
  • няхай падчас кожнай святой Імшы ў малітве вернікаў гучыць заклік у інтэнцыі здароўя Святога Айца;
  • няхай ва ўсіх набажэнствах Велікага посту, падчас адарацый Найсвяцейшага Сакрамэнту і рэкалекцый прысутнічае малітоўны знак еднасці з церпячым Святым Айцом.

Спадзяюся, што любоў да Святога Айца і Касцёла падкажа і іншыя акты пабожнасці ў гэтай важнай інтэнцыі.

З пастырскім благаслаўленнем.
Кардынал Казімір Свёнтэк
 
Паведамленне з ХXІІІ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 14:33
[28 снежня 2004 г., Мінск]

У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам.

Старшыня паведаміў прысутным аб прызначэнні Святым Айцом 14 снежня біскупа Антонія Дзям’янка Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і аб адначасовым звальненні яго з пасады Дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Прысутныя зацвердзілі душпастырскую праграму на 2005 г., распрацаваную з улікам абвешчанага Святым Айцом Года Эўхарыстыі. Гэтая праграма ўключае між іншым наступныя ініцыятывы:

  1. дэкараванне святыняў эўхарыстычнымі сімваламі і сімваламі пакліканняў;
  2. клопат пра бяспечнае і годнае захоўванне Найвяцейшага Сакрамэнта ў табернакулюме;
  3. утварэнне дыцяэзіяльных камітэтаў эўхарыстычных святкаванняў;
  4. распрацоўка Календара адарацыі ў кожнай парафіі;
  5. правядзенне Эўхарыстычных кангрэсаў у Будслаўскім, Тракельскім, Удзельскім і Лагішынскім санктуарыях;
  6. засяроджанне асаблівай увагі ў лістападзе, месяцы пакліканняў, на пакліканнях да святарства і манаскага жыцця праз:
    • сімпозіумы у кожнай дыяцэзіі;
    • малітвы аб святарскіх і манаскіх пакліканнях у парафіях і сем’ях;
    • малітвы за памерлых духоўных і кансэкраваных асобаў;
    • правядзенне катэхезаў і выпуск бюлетэняў на тэму пакліканняў;
    • сведчанні і катэхезы, сустрэчы клерыкаў з міністрантамі, моладдзю і вернікамі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў розных парафіях па ўсёй краіне.
  7. стварэнне ўмоў для прыняцця Святой Камуніі хворымі і пажылымі людзьмі прынамсі раз у месяц;
  8. стварэнне ў касцёлах адпаведных умоў для адарацыі вернікамі Найсвяцейшага Сакрамэнта на працягу тыдня;
  9. арганізацыя пілігрымак у санктуарыі, у тым ліку для дзяцей, якія прынялі Першую Камунію;
  10. асвятленне эўхарыстычных тэмаў у сродках масавай інфармацыі (часопісах, газетах, Інтэрнэце);
  11. абвяшчэнне казанняў на тэму Эўхарыстыі на працягу года, у тым ліку падчас святой Імшы па радыё;
  12. праяўленне ініцыятывы адносна пабудовы святыні Божага Цела ў кожнай дыяцэзіі, асабліва ў новых мікрараёнах вялікіх гарадоў.
Прысутныя прынялі прадстаўлены Старшынёю пераклад на беларускую мову Цырыманіялу пасвечанняў біскупа, святара, дыякана. Тэкст Цырыманіялу будзе высланы ў Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў для зацверджання.

Старшыня Рады па справах моладзі пазнаёміў прысутных з ходам падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў Кёльне 16–21 жніўня 2005 г.

Старшыня паінфармаваў прысутных аб выданні адпаведнага дэкрэту, які ўводзіцца ў дзеянне з 1 студзеня 2005 г. і абавязвае пры цэлебраванні святой Імшы на беларускай мове карыстацца выключна зацверджаным тэкстам Імшалу Editio typica III.

Прынята рашэнне выдаць на 3-ю нядзелю Вялікага посту Пастырскі ліст ККББ аб «Карытасе».

Віцебскі біскуп падзяліўся вопытам арганізацыі ў яго дыяцэзіі ўжо ў трэці раз Дзён хрысціянскай культуры.

Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі.

Біскуп Антоні Дзям’янка,
Генеральны сакратар
 
Слова кардынала Казіміра Свёнтка падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі
Паважаны Спадар Прэзідэнт!

Ад імя ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі вітаю Вас у рэзідэнцыі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і прагну выказаць шчырую ўдзячнасць за першы візіт Главы Рэспублікі Беларусь у каталіцкі Епіскапат нашай краіны.

Мы ўспрымаем гэты візіт як знак прызнання з боку Спадара Прэзідэнта ролі Каталіцкага Касцёла ў духоўным і маральным адраджэнні беларускага народа.

Пасля доўгіх і цяжкіх гадоў атэізму Каталіцкі Касцёл на Беларусі, атрымаўшы свабоду веравызнання, адраджаецца: імкнучыся папоўніць кадравыя страты, рыхтуе ў духоўных семінарыях маладых святароў, аднаўляе разбураныя і ўзводзіць новыя культавыя пабудовы, а перадусім добрасумленна выконвае сваю евангельскую місію, прапаведуе любоў Бога і бліжняга.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя наш Касцёл прыкладае максімум намаганняў дзеля адраджэння і развіцця лепшых хрысціянскіх традыцый, заснаваных перадусім на маральных асновах сям’і, на міласэрнасці, любові і павазе ў адносінах да кожнага чалавека. Крызіс сям’і, які цяпер перажывае ўвесь свет, датычыць, на жаль, і Беларусі. Таму ўвага Касцёла, як і намаганні дзяржавы, скіраваны ў першую чаргу на дапамогу дзецям, неўпарадкаваным сем’ям, самотным старым людзям і інвалідам.

Тут асабліва хочацца адзначыць працу дабрачыннага таварыства «Карытас», якое аказвае значную гуманітарную падтрымку людзям, якія жывуць у нястачы.

Нельга не ўзгадаць таксама і працу Касцёла з моладдзю. У многіх парафіях аказваецца дапамога праблемнай моладзі, створаны рэабілітацыйныя групы для тых маладых людзей, якія церпяць ад алкагольнай залежнасці. Вельмі важным напрамкам душпастырскай дзейнасці мы лічым падрыхтоўку маладых пар да сямейнага жыцця, што садзейнічае стварэнню моцнай хрысціянскай сям’і, а, значыць, здаровага будучага пакалення, і пераадоленню дэмаграфічнага крызісу.

Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам назапашаны вялікі вопыт ў вырашэнні найбольш вострых духоўна-маральных праблем сучаснага грамадства. Мы былі б рады, калі б гэты вопыт быў у поўнай меры запатрабаваны і нашай дзяржавай.

Вырашаць праблемы духоўна-маральнага выхавання пакліканы перадусім сродкі масавай інфармацыі. На жаль, дзейнасць некаторых з іх аказвае адмоўны ўплыў на фармаванне падрастаючага пакалення. Таму Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце вялікую ўвагу надае развіццю хрысціянскіх мас-медыя і выданню духоўнай літаратуры. І тут наша дзяржава можа дапамагчы ў адраджэнні менавіта хрысціянскіх мас-медыя — газет, часопісаў, радыё, тэлебачання.

Трэба адзначыць, што паміж дзяржавай і нашым Касцёлам узрастае ўзаемаразуменне. Прыкладам гэтага можа служыць здзейсненая ўжо перарэгістрацыя ўсіх рэлігійных арганізацый Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Мы спадзяёмся, што гэтая сустрэча пасадзейнічае развіццю між намі больш плённага супрацоўніцтва. Дзяржава нам дапамагае вырашаць многія праблемы, але ў нас ёсць некаторыя пытанні, якія, карыстаючыся магчымасцю, мы б жадалі сёння абмеркаваць.

Спадар Прэзідэнт!

Мы, каталіцкія біскупы, спадзяёмся на Вашы далейшыя добразычлівыя адносіны да Каталіцкага Касцёла.

Са свайго боку мы і надалей будзем рабіць усё магчымае для духоўна-маральнага адраджэння нашага народа і яго хрысціянскіх традыцый.

Няхай Вам, Спадар Прэзідэнт, Бог дапаможа несці служэнне на карысць нашай краіны і яе росквіту.

 
Варняны — парафія Св. Юрыя

Варняны — касцёл св. Юрыя
Фота grodnensis.by
Адрас:
д. Воаняны
Астравецкі р-н
Гродзенская вобл.
231220

Тэл. (8-01591) 3-12-55
dРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 9.00, 10.30
  • Св. Імша ў будні — 9.00, 16.00
Адпуст: 23 красавіка
sЗ гісторыі парафіі

Парафія створана ў 1462 г., сённяшні касцёл пабудаваны ў 1769 г., кансэкраваны ў 1769 г., зачынены пасля II Сусветнай вайны i прыстасаваны пад клуб, аддадзены верным i асвечаны 11.04.1990 г.
aКапліцы

Варона — капліца св. Юрыя
Фота grodnensis.by
Варона — парафія Св. Юрыя, пабудавана ў I палове XVIIIст., разбурана ў 1943 г., адбудавана ў 2002 г.

Св. Імша ў нядзелі і святы — 12.30








Фота grodnensis.by
 
Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2004 года Пана
13.07.2009 14:27
Шаноўныя браты і сёстры, умілаваны народ Божы!
 
1. Ва ўсіх нашых святынях — як у старажытных, так і ў новазбудаваных, як у багата аздобленых, так і ў сціплых — паўсюль, дзе ў гэтыя святочныя дні мы збіраемся, каб разам узносіць малітвы да нябеснага Айца, наша ўвага скіроўваецца да маленькіх яселькаў, у якіх на сене ляжыць нованароджанае Дзіцятка. Мы глядзім на Яго, і сэрцы напаўняюцца цеплынёю, а ў душу вяртаюцца супакой і радасць.Тое, што адбылося ў Бэтлееме шмат стагоддзяў назад, і сёння застаецца вельмі важным і актуальным, бо і ў наш час усім нам так патрэбны вера, надзея і любоў.
 
Дзелячыся аплаткам, спяваючы калядкі, мы нанова перажываем Нараджэнне Езуса ў нашым жыцці. У гэты час Бог становіцца асабліва блізкім, і кожны можа пачуць Яго голас у сваім сэрцы, а таксама ў словах Святога Пісання, што гучаць падчас Святой Імшы. Давайце ж уважліва ўслухаемся ў іх, разважаючы пра бясконцую любоў Бога да чалавека, да кожнага з нас, да ўсяго роду людскога, і запросім Езуса ў нашыя сем’і, прымаючы Святую Камунію.
 
2. У літургіі слова сённяшняй урачыстасці мы чуем: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (гл. Гбр 1, 1-2). Праз Сына, які, будучы спрадвечным Богам, стаў чалавекам. Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, нарадзіўся таксама як і ўсе людзі. І першыя, хто ўзрадаваўся Яго прыйсцю на свет, былі Яго Маці Марыя і апякун Юзаф.
 
У захапленні мы схіляемся перад велічнай таямніцай, пра якую гаворыцца ў Евангеллі: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (гл. Ян 1, 1). «Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14) — гэта Пан Езус. «У Ім, у Слове, якое сталася Целам, была аб’яўлена не толькі таямніца Бога, але таксама таямніца чалавека. У Ім (у Езусе) чалавек знаходзіць адкупленне і паўнату», – нагадвае нам гэтую праўду Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце «Застанься з намі, Пане», прысвечаным Эўхарыстыі (Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст, п. 6).
 
Менавіта гэтую праўду святой веры мы вызнаём, калі прамаўляем словы малітвы «Анёл Панскі». У ёй мы кожны дзень у думках вяртаемся да векапомнай гістарычнай падзеі ў Бэтлееме, перажываем таямніцу любові Бога да нас і ўсведамляем нашую чалавечую годнасць.
 
3. Уражвае сваёй глыбінёю думка вялікага паэта і мысліцеля Адама Міцкевіча, які нарадзіўся ў Навагрудку ў Вігілію Божага Нараджэння. Ён сказаў: «Дарэмна нарадзіўся Езус у бэтлеемскіх яслях, калі не нарадзіўся ў табе».

 

Як жа нараджаецца Пан Езус у табе, браце; у табе, сястра; у кожным з нас, вернікаў Ягонага Касцёла?

Ён нараджаецца тады, калі чалавек шчыра просіць у Бога прабачэння за свае грахі і прымае Святую Камунію.

«У сакрамэнце Эўхарыстыі Збаўца, які дваццаць стагоддзяў назад прыняў цела ва ўлонні Марыі, працягвае ахвяраваць сябе чалавецтву як крыніца Божага жыцця» (Выш. цыт., п. 7).

Такім чынам, узгадваючы Нараджэнне Пана Езуса ў Бэтлееме, мы павінны таксама ўсведамляць Яго жаданне нарадзіцца ў нас.

Удзел у Імшы і прыняцце Святой Камуніі пасля шчырай споведзі — гэта ўдзел у вялікай справе любові Бога да чалавека, да кожнага з нас; гэта запрашэнне Езуса да сябе і абранне Яго сваім спадарожнікам на жыццёвым шляху, бо менавіта Ён з’яўляецца «Крыніцаю Божага Жыцця» (Тамсама, п. 7).

«Актуалізуючы мінулае, Эўхарыстыя разам з тым скіроўвае нас у будучыню — да апошняга прыйсця Хрыста перад канцом свету. Гэты “эсхаталагічны” аспект надае сакрамэнту Эўхарыстыі сілу, якая захапляе і дапамагае з надзеяй крочыць хрысціянскім шляхам» (Тамсама, п. 15).

Наймілейшыя!

4. Праз абвешчаны Год Эўхарыстыі, Божы Провід дае цудоўную магчымасць і дапамогу, каб умацаваць нас у зямным вандраванні. На працягу ўсіх гэтых месяцаў, да кастрычніка 2005 года, ідучы за заклікам Святога Айца Яна Паўла ІІ, мы будзем асаблівым чынам разважаць аб «такім вялікім Сакрамэнце».

У гэтым разважанні дапаможа нам таксама першы Імшал на беларускай мове, зацверджаны Апостальскай Сталіцай, якім мы пачынаем карыстацца з першых дзён новага года.

5. Сабраныя ва ўрачыстасць Божага Нараджэння каля алтара і яселькаў, каб праз удзел у Эўхарыстыі нанова перажыць збаўчую падзею, удзельнікамі якой сталі бэтлеемскія пастушкі, мы ўсе ўкленчым, калі будзем вымаўляць добра вядомыя нам словы з Вызнання веры: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам». Вось таямніца ўцелаўлення Бога ў Спрадвечным Сыне. Стоячы на каленях, мы выяўляем нашую веру ў гэтую невымоўную рэчаіснасць.

6. Калі прыступаем да Святой Камуніі, святар, паказваючы Найсвяцейшую Гостыю, гаворыць: «Цела Хрыста», і кожны адказвае «Амэн». Гэта слова, якое з’яўляецца выразам нашай веры, а таксама прызнання, праслаўлення і ўдзячнасці. Яно лучыць нас з бэтлеемскімі пастушкамі ў перспектыве той святой ночы, калі «Слова сталася Целам» — Целам і Крывёю Новага Запавету Бога з чалавекам.

У Святой Камуніі мы пачынаем разумець, што Бог ёсць любоў. Толькі гэтае ўсведамленне можа вывесці душу чалавека з любых аблудных шляхоў яго зямнога існавання і вызваліць ад пачуцця бязвыхаднасці. Эўхарыстыя — гэта дар Бога, які дае чалавеку сілу пераадольваць нават самыя цяжкія этапы ў яго жыцці.

Бэтлеемскія пастушкі, якія паслухаліся нябесных пасланнікаў (пар. Лк 2, 9-14), не толькі да сваёй працы вярнуліся іншымі, але і сябе зразумелі па-іншаму, паўней, радасней. Колькі разоў, падобна да бэтлеемскіх пастушкоў, чалавек наблізіцца да «Слова, якое сталася Целам», — гэта значыць да Езуса — і гасцінна прыме Яго ў Боскай Эўхарыстыі, столькі разоў зменяцца яго адносіны да Бога, да людзей, да навакольнага свету і да асабістага «я».

7. Жадаю вам, умілаваныя браты і сёстры, а таксама ўсім людзям добрай волі глыбейшага ўсведамлення праўды аб тым, што Божае Нараджэнне трывае надалей, бо Хрыстус нараджаецца кожны раз, калі цэлебруецца Святая Імша; Ён хоча пастаянна нараджацца ў нашых сэрцах; Ён працягвае да нас рукі і дорыць нам збаўленне і міласэрнасць, дорыць сваю Любоў. Прытуліце Яго да сябе, прыміце ў свае сем’і і ідзіце з Ім па жыцці, абвяшчаючы хвалу Бога ў небе і супакой людзям добрай волі.

Жадаю, каб Божая радасць, нанова абуджаная ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, трывала ў вас і сваім святлом праганяла шэрасць будняў у новым 2005 годзе. Няхай дапаможа вам у гэтым традыцыйная і заўсёды новая малітва «Анёл Панскі».

Жадаю, каб радасць паяднання з Хрыстом у Эўхарыстыі вы не трымалі толькі ў сабе, але неслі яе сваім блізкім і ўсім, хто з намі жыве і працуе.

На ажыццяўленне гэтых і іншых высакародных пажаданняў ад усяго сэрца благаслаўляю.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
 
Паведамленне з XXII Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 14:24
[21 верасня 2004 г. сядзіба Дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне]

У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ Кардыналам Казімірам Свёнткам. На пачатку старшыня прывітаў кс. Генрыха Ягадзінскага, часовага паверанага Апостальскай нунцыятуры ў Мінску і запрасіў яго прыняць удзел у пасяджэнні.

Старшыня паведаміў прысутным пра прызначэнне Апостальскай Сталіцай Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Ім стаў пралат Марцін Відавіч, які да гэтай пасады з’яўляўся супрацоўнікам дзяржаўнага сакратарыяту. Ад імя Канферэнцыі яму было выслана віншаванне з нагоды прызначэння.

Быў разгледжаны план візіта ў Беларусь кардынала Альфонсо Труіллё, Старшыні Папскай Рады па справах сям’і, які адбудзецца 22–26 кастрычніка гг. Падчас гэтага візіта кардынал сустрэнецца з духавенствам і вернікамі 23 кастрычніка ў Мінску і 24 кастрычніка ў Гродне.

Ксёндз Генрых Ягадзінскі прадставіў сабраным кароткі змест апошняй Інструкцыі аб захаванні і пазбяганні пэўных рэчаў, якія датычаць Найсвяцейшай Эўхарыстыі Старшыні Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынала Арынзэ.

Сабраныя атрымалі праект рэгуляміна Сакратарыяту ККББ, адкрытага з 1 верасня гг. з мэтай унясення магчымых паправак.

Старшыня Рады па справах сям’і выказаў намер апрацаваць у працоўнай групе Інструкцыю душпастырства сем’яў для ўсёй краіны. Сабраныя падтрымалі прапанаваную ініцыятыву.

Удзельнікі Канферэнцыі выказалі згоду на выданне малога Каталіцкага Катэхізіса ў перакладзе на беларускую мову.

Старшыня паведаміў, што 27 верасня гг. ён уручыць Папе Рымскаму экзэмпляр новага Імшала (Editio typica tertia) на беларускай мове.

Адказны за душпастырства моладзі прадставіў фармацыйныя матэрыялы і азнаёміў з умовамі ўдзелу ў Сусветным дні моладзі, які адбудзецца ў наступным годзе ў Кёльне.

Былі абмеркаваныя таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі.

Біскуп Антоні Дзям’янка,
Генеральны сакратар
 
Зварот Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка да святароў і вернікаў у сувязі з тэрарыстычным актам у г. Беслан Паўночнай Асеціі
13.07.2009 13:51
Дарагія душпастыры, дарагія вернікі!
 
У пятніцу, 3 верасня, увесь свет абляцела вестка аб тэрарыстычным акце ў г. Беслан Паўночнай Асеціі. Кожная пагроза з’яўляецца выклікам. Тым больш выклікам з’яўляецца гэты тэрарыстычны акт, які страсянуў грамадскую і рэлігійную свядомасць.
 
Памеры знішчэння безабаронных маленькіх чалавечых істотаў на тэрыторыі школы, якая з’яўляецца месцам супакою і надзеі на лепшую будучыню, месцам фармавання дзяцей і моладзі — гарантыі развіцця кожнай сям’і і кожнага грамадства, — заклікае нас да паглыбленай рэфлексіі над уціскам і знішчэннем чалавека, створанага па вобразу і падабенству Бога для супрацоўніцтва ў справе паляпшэння свету.

Гэты беззаконны ўчынак заклікае нас да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў, а таксама ў інтэнцыі тых, хто пацярпеў ад гэтай трагедыі.

У духу салідарнасці з ахвярамі настойліва заклікаю да малітвы ў вышэйзгаданых інтэнцыях ва ўсіх парафіях.

Прашу таксама аб малітве ў інтэнцыі кіраўнікоў і непасрэдных віноўнікаў тэрарыстычнага акта, каб апамяталіся і адмовіліся ад гэтай бесчалавечай формы імкнення да дасягнення ўласных мэтаў. Бог з’яўляецца Творцам і Панам жыцця — ад яго пачатку ажно да смерці. Кожны чын супраць жыцця з’яўляецца цяжкім парушэннем Божага права, і яго не абміне суд Божай справядлівасці.

Дарагія душпастыры! Дарагія вернікі!

Пакідаю за вамі выбар формы малітваў. Прасіце аб Божай Міласэрнасці для пацярпелых, а таксама і для тых, хто ўчыніў гэтую страшную трагедыю. Таксама прасіце Бога даць сілы палітыкам і грамадскім дзеячам, каб клапаціліся пра шанаванне правоў чалавека, бо без гэтага, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, не можа быць гаворкі пра тое, каб нарэшце спыніць тэрарызм і вайну.

На гэты малітоўны акт усіх сардэчна благаслаўляю

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
 
Паведамленне з ХХІ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 13:49
[25 чэрвеня 2004 г., парафіяльны дом у Паставах, Віцебская дыяцэзія]

У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам.

Старшыня прадставіў сігнальны экземпляр Імшала на беларускай мове. Вызначана колькасць запланаваных да выдання экземпляраў. Біскупы выказалі згоду на змяшчэнне прэфацый у двух версіях: звычайнай і ўрачыстай. Зацверджаны пэўныя адзіныя формы ў літургіі ў той частцы агульных уводзінаў да Імшалу, у якой неабходна прыняцце рашэння Епіскапату Партыкулярнага Касцёла.

Старшыня паінфармаваў аб зацвярджэнні Кангрэгацыяй па справах Божага культу і сакрамэнтаў рытуалу хросту дзяцей. Акрэслена колькасць экземпляраў выдання гэтага рытуалу.

Прынята рашэнне аб змяшчэнні некаторых дадатковых малітваў пры чарговым выданні малітоўніка «Ойча наш».

Створаны новы склад Мітрапалітальнай камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў.

Абмяркоўваліся таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі.

Біскуп Антоні Дзям’янка,
Генеральны сакратар ККББ
 
<< Першая < Папярэдняя 1751 1752 1753 1754 1755 1756 1757 1758 1759 1760 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1758 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.