У 2009 г. адбылася прэм’ера фільма пад назвай «Іаана — жанчына на папскім пасадзе». Ён з’яўляецца экранізацыяй аднаго з кніжных бестсэлераў пачатку 1990-х гадоў — аднайменнага рамана амерыканскай пісьменніцы Донны Фулфалк Крос. У ім апавядаецца гісторыя жанчыны, якая была абрана на пасад св. Пятра. Яна, па сюжэце, на працягу амаль двух з паловай гадоў кіравала паўсюдным Касцёлам. У дадатку да кнігі Донна Фулфалк Крос сцвярджае, што гісторыя цалкам грунтуецца на рэальных гістарычных фактах. Яна піша, што папа-жанчына з’яўлялася «рэальнай асобай» і «адной з самых незвычайных постацяў гісторыі заходняга свету». Пісьменніца адзначае, што гісторыя аб жанчыне на пасадзе св. Пятра была шырока вядомай на Захадзе да XVII ст. — таго часу, пакуль Ватыкан не знішчыў усе дакументы, якія сведчылі аб ёй.