Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Будслаў]
Мітрапаліт Кандрусевіч: малю Бога, каб візіт кардынала Тарана наблізіў прыбыццё Папы ў нашу краіну
Копировать
2013-04-15 11:14:15
У трэці раз Беларусь будзе вітаць пасланніка Святога Айца. На гэты раз ім стане старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран. Нагодай візіту папскага легата з'яўляецца 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў, якое будзе адзначацца 5–6 ліпеня.
 
Аўтар роліка «Беларусь: у абдымках зорак»: «З будучай жонкай я пазнаёміўся ў будслаўскай пілігрымцы»
Копировать
2013-01-26 02:50:26

Віктар Малышчыц — той самы астраном, відэаролік якога днямі ўскалыхнуў увесь байнэт. За два дні яго работу «БЕЛАРУСЬ: у абдымках зорак» паглядзела ўжо каля 40 тысяч (!) чалавек. Пра нечаканую славу, любімую сям’ю і незвычайнае хобі Віця — практыкуючы католік — распавёў у інтэрв’ю для Catholic.by.

 
Слова Мітрапаліта Кандрусевіча з нагоды Навэнны да Маці Божай Будслаўскай і перэгрынацыі копіі яе цудоўнага абраза
2012-09-24 11:42:26

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

11 кастрычніка 2012 г. распачынаецца Год веры, у які арганічна ўключаецца святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на XXIX Звычайную нядзелю, Год А
2011-10-17 09:45:21

Будслаў, 16 кастрычніка 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца ключавым у хрысціянскім паняцці адносін Касцёл-дзяржава. Фарысеі хацелі знайсці прычыну, каб абвінаваціць Езуса, бо Ён не адпавядаў іх стылю жыцця і мыслення. Для іх Ён быў як быццам бунтаўніком, бо называў сябе Сынам Божым. Яны бачылі толькі адзін выхад з сітуацыі — а менавіта асудзіць Яго на крыжовую смерць. Паводле іх думкі, толькі крыж мог прымусіць Хрыста замаўчаць.

 
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас святой Імшы апоўначы ў Будславе
2011-06-30 15:06:31
1 ліпеня 2011 г.

Чалавек — святыня Духа Святога

1. «Ці не ведаеце, што целы вашыя — святыня Духа Святога, які ў вас жыве, якога маеце ад Бога, і вы не належыце сабе? Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія — Божыя» (1 Кар 6, 19–20), — кажа св. апостал Павел. Гэтымі святынямі мы становімся дзякуючы ласцы сакрамэнту хросту, моцаю якога Найсвяцейшая Тройца прабывае ў нас, як у святынях. Пасрэдніцтвам Божай ласкі мы набываем Божую прыроду і абагаўляемся. Таму з целам і душой мы з’яўляемся святынямі, у якіх жыве Бог. Болей таго, гэта жывыя, а не каменныя святыні, і таму яны здольныя да любові. Быць святыняю Святога Духа — гэта вялікі дар і адначасова заданне, асабліва калі прымем пад увагу асаблівасці жыцця сучаснага ўсё больш і больш эгаістычнага свету.

Марыя з’яўляецца найлепшым прыкладам як самой святыні Духа Святога, так і таго, як захаваць у сабе гэты дар і не страціць яго.

2. Другі год у рамках падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў прысвечаны тэме «Марыя — святыня Духа Святога».

Цягам стагоддзяў рознымі спосабамі апісваліся адносіны Марыі да Святога Духа. Найчасцей яе называлі нявестай і святыняй Святога Духа. Другі Ватыканскі Сабор называе Марыю святыняй Духа (пар. LG 53).

Святое Пісанне выразна нагадвае пра двайное сашэсце Святога Духа на Марыю — падчас Звеставання (пар. Лк 1, 35) і Пяцідзесятніцы (пар. Дз 1, 14; 2, 1-4). Касцёл, маючы на ўвазе цэласнасць Аб’яўлення, бачыць дзеянне Святога Духа ў Марыі ад самога пачатку, гэта азначае ад Беззаганнага Зачацця, і далей праз удзяленне ёй цнотаў веры, надзеі, любові, сілы і мужнасці, — навучае папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі пра марыйны культ (пар. СМ 26).

3. Заданні Марыі ў Касцёле не з’яўляюцца канкурэнцыйнымі. Яна не падмяняе Хрыста, але вядзе да Яго. Не падмяняе яна і Духа Святога, які ёсць душой Касцёла, гэта азначае — крыніцай жыцця і праўды, вузлом еднасці паміж Хрыстом і людзьмі, Суцяшыцелем (пар. Ян 14, 17–18; 15, 26), баронячым вучняў перад сіроцтвам (пар. Ян 14, 17–18), але ёсць яго святыняй. Заклікі Літаніі да Панны Марыі, якія вызначаюць сувязь Марыі з Богам і людзьмі, сваю моц чэрпаюць з яе сувязі са Святым Духам. Гэтая яе годнасць вызначае яе місію ў Касцёле.

Усё тое, што Дух Святы ўчыніў Марыі, адносіцца і да ўсяго чалавецтва, прадстаўніком якога яна з’яўляецца. Яна распачынае чаргу тых, што праз ласку хросту таксама сталіся святынямі Духа Святога, які вядзе да Збаўцы Езуса Хрыста. Як Марыя з целам і душой была ўзята ў неба, таксама і кожны чалавек прызначаны да вечнага шчасця.

4. «Услаўляйце Бога ў целах вашых» (1 Кар 6, 20), — заклікае св. апостал Павел. Калі мы можам праслаўляць Бога ў сваім целе, то і яно годнае пашаны і хвалы. Хрысціянства ад самога пачатку супрацьстаяла ўсялякім праявам пагарды супраць чалавечага цела. Ужо ў ІІ стагоддзі Тэртуліян казаў, што чалавечае цела з’яўляецца апорным пунктам збаўлення. Распазнавальным знакам сапраўднага хрысціянства ёсць вера ў тое, што Сын Божы стаўся чалавекам і захацеў застацца ім назаўсёды. Простым наступствам гэтага з’яўляецца тое, што наша мэта — змёртвыхпаўстанне. Таму для хрысціяніна цела — гэта не тавар і не рэч, як часта бывае ў сучасным амаральным свеце, калі яно служыць для спакушэння людзей і заспакаення неўпарадкаванага і нязгоднага з духам Евангелля сексуальнага жыцця. Гэта таксама не мяшок, якога можна пазбыцца, але святыня Духа Святога, якая, застаючыся матэрыяльнай, з’яўляецца абагаўлённай. Таму Бог не пагарджае целам чалавека. Ён яго стварыў, і хрысціянскія адносіны да чалавечага цела — гэта не культ часовых рэчаў, але паклон Творцу і Збаўцу.

5. Як асобы, якія жывуць у рэальных абставінах, мы паддаёмся ўплывам многіх рэчаў і спраў, з якіх не ўсе адпавядаюць годнасці чалавечай асобы, якую яна атрымала ў сакрамэнце хросту. Аб гэтым нас перасцерагае св. апостал Павел.

Першы чалавек — Адам — быў дасканалым. Яго розум быў натхнёны боскімі ведамі, воля была накіравана да дабра, а цела свабодна ад болю і сапсаванасці. Стан такой гармоніі быў страчаны з-за першароднага граху, і чалавек стаўся далёкім ад панавання над самім сабой. Пажадлівасць, цярпенне і смерць атруцілі нашу прыроду, так, што мы перажываем парадокс: чынім зло, якога не хочам, і адначасова становімся няздольнымі чыніць дабро, якога прагнем. Усе нашы сілы моцна аслаблены, яны як быццам армія без генерала. Людзі ядуць і п’юць, не зважаючы на сваё здароўе, а прыемнасць, якая павінна быць дапамогай у дасягненні мэты, становіцца самамэтай. Гэтая смутная рэчаіснасць вядзе да катастрофы: замест шукання вышэйшых рэчаў, якія могуць даць сапраўднае шчасце, людзі паддаюцца неўпарадкаваным жарсцям, якія вядуць у нікуды, бо жарсці самі па сабе сляпыя.

Гэта рэчаіснасць першароднага граху, якую да пэўнай ступені разумелі нават язычнікі, у нашай постхрысціянскай эры ёсць чымсьці зусім забытым і нават высмейваным. Упадак грамадства не з’яўляецца эфектам браку тэхналогій, грошай, ці нават сродкаў і неэфектыўна працуючага ўраду, але таго, што людзі сёння не жадаюць панаваць над сабой. Ужо з ранняга дзяцінства бацькі распешчваюць сваіх дзяцей і выконваюць кожны капрыз іх часамі нават неўпарадкаваных імкненняў, гэтым самым рыхтуючы іх да пажыццёвага рабства. Гледзячы на сучасную моладзь, са смуткам трэба заўважыць, што ў яе праяўляецца недахоп увагі і канцэнтрацыі і трымання ў цуглях сваіх жаданняў. Яна не можа адказаць сабе нават у самай малой прыемнасці і няздольная зразумець сэнс ахвяры, на ўсё наракае і не жадае з жыццёвага вопыту чэрпаць навуку.

Грамадства можа перажыць кожны катаклізм і нават чужую акупацыю, калі яе жыхары духоўна моцныя, аднак калі яе грамадзяне няздольныя да панавання над сабой самім, то не патрэбна ніякага знешняга ворага — папросту янo ўпадзе пад сваім цяжарам, як упалі многія імперыі, якія знішчыла пажадлівасць. Як бацькі трымаюць сваіх дзяцей здалёку ад захоўваемых у хаце хімічных сродкаў, каб не атруціліся, таксама ў маральным парадку нам неабходна стараніцца ўсяго, што магло б атруціць яго духоўна.

6. Арабы распавядаюць вельмі прыгожую і хвалюючую гісторыю пра месца, дзе была пабудавана Ерусалімская святыня. Калісьці гэтая тэрыторыя належала двум братам. Старэйшы быў жанаты і меў сям’ю, малодшы жыў самотна. Яны абраблялі зямлю кожны на сваёй палове. Аднойчы малодшы падумаў, што так несправядліва, бо ён жыве адзін, а брат мае сям’ю. Ноччу ён перанёс частку снапоў на поле брата. Адначасова старэйшы падумаў, што яго брат не мае нікога, хто б яму дапамог, а гэта несправядліва. Ён таксама ноччу перанёс некалькі снапоў збожжа са свайго поля на братава. Раніцай браты заўважылі, што снапоў на іх палях не зменшылася. Цягам некалькіх начэй яны паўтаралі тое ж самае, але без выніку. Жадаючы пазнаць прычыну, затаіліся ў начной цемры і такім чынам адкрылі ўзаемную любоў. Тады з неба пачуўся голас: гэта месца святое, Я тут хачу жыць.

7. Богу спадабаліся браты, якія асвяцілі сваёй любоўю месца, дзе была пабудавана Ерусалімская святыня. Ці мы на самой справе падабаемся Богу? Ці з’яўляемся святынямі Духа Святога? Ці жывём любоўю дзяцей Божых? Сапраўдная любоў імкнецца чыніць дабро. Яна з’яўляецца маторам дзеяння чалавека, пачаткам усіх цнотаў і маральнага дзеяння.

Падчас хросту Святы Дух уліў у нас Божую ласку. Дух Святы таксама і сёння умацоўвае ў нас дар веры, надзеі і любові. Ён дапамагае нам падчас барацьбы са злым духам і вядзе да выканання нашага паклікання. Таму нам трэба жыць любоўю, якая паходзіць ад Святога Духа, каб будаваць адзінства нашага грамадства і імкнуцца да яго справядлівага развіцця. Таму, углядаючыся ў Марыю, не будзем забывацца аб Святым Духу, якім мы запячатаны ў дзень адкуплення (пар. Эф 4, 30). Не станем знеслаўляць наша цела і нашу душу дзеля прыемнасцяў гэтага свету, але захаваем іх для вышэйшых мэтаў, каб яны былі месцам, дзе сваёю ласкаю жыве Бог, і месцам, дзе пануе любоў.

8. Марыя, наша Маці Будслаўская, ужо амаль 400 гадоў ты клапоцішся пра нас і беражэш нас. Так было заўсёды. Так было яшчэ зусім нядаўна падчас пераследу веры. Так ёсць і сёння. Выпрасі ў свайго Сына ласку, каб мы бралі з цябе прыклад, не зганьбілі нашай хрысціянскай годнасці і, застаючыся святынямі Духа Святога, у гэты асаблівы і вельмі складаны час вырашалі нашы праблемы на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага навучання Касцёла, будавалі ўзаемную згоду на хвалу Бога, дзеля збаўлення людзей і справядлівага грамадства. Дапамажы нам, Марыя, каб наша Краіна — Беларусь — сапраўды была белай, гэта азначае, па твайму прыкладу святыняй Духа Святога. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас урачыстай Імшы ў Будславе
2011-06-30 13:40:32
2 ліпеня 2011 г.

Жыць духам Божай праўды

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. «Радуйся, поўная ласкі! Пан з табою. …Дух Святы сыдзе на цябе, і сіла Усявышняга ахіне цябе; таму і народжанае Святое назавецца Сынам Божым» (Лк 1, 28. 35).

Мы пачулі гэтыя словы ў сённяшнім Евангеллі. Гэта тэалагічная аснова таго, што Марыя з’яўляецца святыняй Святога Духа, — тэмы сёлетняга святкавання будслаўскай урачыстасці як другога года ў плане падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза ў Будслаў, які мы будзем адзначаць у 2013 г.

Марыя з’яўляецца святыняй Духа Святога ўжо ад хвіліны свайго Беззаганнага Зачацця. Дзеля будучых заслуг яе сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста яна, адзіны чалавек на зямлі, атрымала прывілей быць звольненай ад першароднага граху. Дзякуючы дзеянню Святога Духа яе душа была напоўнена Божай ласкай. Менавіта моц гэтай ласкі дапамагла ёй у хвіліну Звеставання згадзіцца з Божай воляй стаць Маці так доўга чаканага Збаўцы, бо калі Бог чагосьці хоча, то Ён хоча толькі дабра. Дзякуючы гэтай згодзе і дзеянню Святога Духа, пад яе сэрцам пачало біцца сэрца Збаўцы.

2. Па натхненні Святога Духа Марыя паспяшыла ў дом Захарыі і Альжбеты, якая прывітала яе як маці Пана (пар Лк 1, 42–43). У адказ Марыя заспявала свой славуты гімн «Magnificat» — «Велічае душа мая Пана, бо вялікія рэчы Ён учыніў мне» (пар. Лк 1, 46–55). Марыя прыйшла ў дом Альжбеты не адна, але з Езусам і Ягонай ласкай, дзякуючы якой будучы папярэднік Хрыста св. Ян Хрысціцель быў вызвалены ад першароднага граху.

Марыя папрасіла Езуса, каб учыніў першы цуд у Кане Галілейскай і перамяніў ваду ў віно. Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Марыя калі не фізічна, то духоўна прысутнічала пры кожным цудзе, які здзейсніў яе Сын Езус Хрыстус.

У 1917 г. у Фаціме Марыя прадказала гісторыю развіцця свету ў ХХ стагоддзі. Бачачы, якія беды нясуць прыходзячыя з Захаду ідэі камунізму і атэізму, Марыя выступіла ў якасці прарока. Каб іх пазбегнуць, яна заклікала да малітвы і навяртання і адначасова папярэдзіла, што калі гэтага не будзе, то наступяць цяжкія часы, якія ўключаць у сябе таксама і пераслед веры. Аднак Марыя пры гэтым дала надзею, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і настане час навяртання. Мы сталіся сведкамі гэтых падзей — пераследу і веры і атрыманай свабоды веравызнання.

Гэтыя і іншыя факты клопату Марыі, як Маці збаўленага чалавецтва і святыні Святога Духа, пра свой народ сведчаць пра дзеянне Святога Духа ў ёй і праз яе. Дух Святы з’яўляецца тым, хто вядзе Касцёл і людзей шляхам збаўлення, натхняе, як вырашыць тую ці іншую праблему. Дзякуючы дзеянню Святога Духа, Касцёл, Маці якога з’яўляецца Марыя, ужо 2000 гадоў ідзе праз розныя выпрабаванні і сёння мужна сустракае новыя праблемы.

3. «Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі», — спяваем у гімне да Святога Духа. Гэты вокліч асабліва актуальны ў наш час, калі наша краіна знаходзіцца ў вельмі складаных абставінах і калі мы адчуваем вялікую патрэбу аднавіць сваё грамадскае, сямейнае і асабістае жыццё. Гэтае абнаўленне трэба распачаць ад абнаўлення чалавечай асобы на маральных прынцыпах. Вырашаючы складаныя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства, неабходна памятаць аб тым, што пачаткам пачаткаў з’яўляецца стан духоўнага жыцця чалавека. Пакліканне кожнага хрысціяніна — сведчыць аб Хрысце сваім жыццём. Гэта азначае, што наша жыццё трэба спалучаць з Евангеллем, выконваць Божыя запаведзі, заўсёды паводзіць сябе так, як навучае Хрыстус, — кажа благаслаўлёны Ян Павел II.

Будучы святыняй Святога Духа, Марыя засталася вернай свайму пакліканню быць слугой Божай і слугой людзей. Усё яе жыццё азнаменавана згодай з воляй Божай. Гэта ключ да пазнання Марыі і яе місіі ў справе збаўлення чалавека. Гэта таксама ключ да вырашэння праблем чалавека і дасягнення шчасця. Для свайго аднаўлення грамадства патрабуе не столькі рэфарматараў, колькі святых, поўных Божага духа людзей, такіх, як Марыя, каб, падбадзёраныя яе прыкладам, мы не баяліся быць іншымі і моцнымі, супрацьстаяць выклікам часу.

4. А гэтых выклікаў вельмі шмат. Адзін з найбольш небяспечных — гэта пагроза лібералізму і маральнага рэлятывізму ці тэндэнцыя змяняць Божы закон на сваю карысць, пагроза жыць не Божай праўдай, а сваёй, чалавечай, якая, як вядома, можа змяняцца ў залежнасці ад абставінаў і часу.

У той жа час мы добра ведаем, што праўда можа быць толькі адна, не мая і не твая, дарагі брат і сястра, але сама праўда. Прыкладам могуць быць розныя мовы, якія існуюць у свеце. Калі б не было праўды, то мы не маглі б перакладаць з адной мовы на іншую. А калі можам гэта ўчыніць, то ў нас існуюць тыя ж самыя ідэнтычныя ідэі, якія мы выказваем на розных мовах.

Безумоўна, тэма праўды заўсёды была і ёсць вельмі cкладанай і спрэчнай, аднак чалавек павінен імкнуцца да пазнання праўды. Яшчэ Арыстоцель пісаў, што ўсім людзям прыроджана жаданне пазнаць праўду. Усё навучанне благаслаўлёнага Яна Паўла II пазначана любоўю да праўды. Папа Бэнэдыкт XVI ад самага пачатку свайго Пантыфікату звяртае ўвагу на небяспеку рэлятывізму як цэнтральнай праблемы хрысціянскай веры ў наш час. Вельмі значнай у гэтым сэнсе з’яўляецца яго гамілія падчас св. Імшы распачацця выбару новага Папы. Ён кажа, што, на жаль, вызнанне веры, згоднай з навучаннем Касцёла, у наш час часта пазначаецца як фундаменталізм. У той жа час рэлятывізм прымаецца як адзінае годнае для сучаснасці стаўленне чалавека да жыцця. У сувязі з гэтым усталёўваецца дыктатура рэлятывізму, якая не прызнае нічога за праўду, акрамя ўласнага «я» і яго капрызаў.

Рэлятывізм, сцвярджаючы, што няма аб’ектыўнай праўды, не можа прыняць канчатковага рашэння адносна свету, самога чалавека і яго жыцця, бо ўсё адносна, часова і ўсё можна змяніць. У рэлятывізме няма сэнсу існавання свету і чалавека, усё зводзіцца да эксперыментальных навук як адзінай крыніцы пазнання.

Сучасны чалавек атручваецца ядам маральнага рэлятывізму і палікарэктнасці ў справах рэлігіі і, жывучы так, не ведае, дзе знайсці лекі ад гэтай хваробы, і таму не можа супрацьстаяць спакусам. Калі чалавек перастае верыць у Бога, то пачынае верыць у нешта іншае, — кажа англійскі хрысціянскі мысліцель Гілберт Чэстэртан. Гэтым «нешта» ў сучасным свеце найчасцей з’яўляецца неўпарадкаванае імкненне да багацця і амаральных задавальненняў, а таксама да абсалютнай свабоды без адказнасці.

5. Вядомы французскі пісьменнік Андрэ Фроссард у кнізе «Не бойцеся. Размовы з Янам Паўлам II» пытаецца ў Вялікага Пантыфіка, якую цытату са Святога Пісання ён любіць найбольш. На гэта Папа адказаў на лацінскай мове: veritas liberavit vos. Праўда чыніць чалавека свабодным, а свабода без праўды азначае скрыўленне свабоды.

Як прыклад возьмем маці, якая хоча купіць свайму дзіцяці слоік джэму. Яна найперш даведваецца, ці джэм натуральны, якая фірма яго выпусціла, колькі там тлушчу, колькі каштуе, ці спрабавала яго суседка і г.д. Мама не будзе купляць свайму дзіцяці джэм толькі таму, што ён у прыгожым слоіку. Таксама і мы не павінны «купляць», калі так можна выказацца, рэлятывістычную праўду, калі б нават яна была ў найбольш прыгожай упакоўцы.

Фальсіфікацыя сэнсу праўды праз рэлятывізм вядзе да фальсіфікацыі паняцця свабоды, бо тады ўжо не праўда вызваляе, але свабода творыць праўду, маю асабістую праўду, якая азначае тое, што мне падабаецца і на што я маю ахвоту. Рэлятывістычнае стаўленне патрабуе свабоды без абмежаванняў, без сувязі, без напрамку і не дае адказу на фундаментальныя пытанні: адкуль мы паходзім, куды ідзём, які пачатак і канец усяго таго, што нас акружае, як жыць шчасліва, які сэнс маюць цярпенне і смерць?

6. Езус кажа пра сябе: «Я ёсць праўда». Ён не кажа, што гаворыць праўду, але што ёсць праўда. Да пазнання гэтай праўды вядзе нас Святы Дух. Не можа быць дзвюх або некалькі праўдаў. Праўда заўсёды адна, і яна не можа змяняцца. Аб гэтым нам трэба памятаць, ушаноўваючы Марыю як святыню Святога Духа, і гэтым жыць.

Ёсць адна праўда, што сям’я — гэта адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны, накіраваны на ўзаемную дапамогу і нараджэнне патомства. Ёсць адна праўда, што жыццё — гэта самы вялікі дар Бога, яно пачынаецца ад зачацця і яго трэба бараніць да натуральнай смерці. У сувязі з гэтым праўдай ёсць тое, што аборт — гэта генацыд народа. Ёсць адна праўда, што так званае рэпрадуктыўнае здароўе ці штучнае апладненне супярэчыць Божаму праву і годнасці чалавечай асобы. Ёсць адна праўда, што мы павінны любіць і шанаваць адно аднаго. Ёсць адна праўда, што пачаткам усякіх зменаў з’яўляецца духоўная змена. Ёсць адна праўда, што чалавек у сваім натуральным імкненні да свабоды павінен імкнуцца жыць у свабодзе дзяцей Божых, а не ў свабодзе ад Бога і Яго закону. Ёсць адна праўда, што амаральнае жыццё вядзе да асабістай і грамадскай катастрофы.

7. Не дазволім, дарагія браты і сёстры, быць ашуканымі. Не дазволім, каб прыгожая ўпакоўка, у якой сучасны свет нам прапануе сваю праўду, якая на самой справе з’яўляецца антыпраўдай, адвяла нашу ўвагу ад сапраўднай праўды, якой ёсць Бог. Не дазволім замяніць Бога матэрыяльнымі рэчамі і задавальненнямі.

Касцёл — гэта не канцэрт пажаданняў, але місія для спаўнення, місія збаўлення чалавека, і ён не можа яе змяніць, якой бы прыгожай не была ўпакоўка секулярнага свету.

Марыя, наша Маці Будслаўская, ты дапамагла нам падчас ганенняў не здрадзіць сваёй веры і норавам нашых бацькоў, дапамагла захаваць нашу хрысціянскую годнасць, выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы ласку заўсёды заставацца святынямі Святога Духа, каб супрацьстаяць выклікам часу і будаваць жыццё на праўдзе Евангелля, якая ўчыніць нас свабоднымі на хвалу Божую, для нашага збаўлення і на карысць грамадства. Magna est veritas Dei et praevalebit! — Вялікай ёсць праўда Божая, і яна пераможа! Амэн.



 
Урачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2011
2011-06-21 11:41:13

Сёлетнія ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай праходзілі пад дэвізам «Марыя — святыня Духа Святога» і сталі працягам духоўнай падрыхтоўкі да 400-годдзя прабывання абраза ў будслаўскай святыні.

 
Акт прысвячэння і аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі
Копировать
2010-07-01 15:27:58

Беззаганная Маці, у гэтым месцы ласкі, дзе сабрала нас любоў Твайго Сына Езуса, Найвышэйшага і Вечнага Святара, мы, сыны ў Сыне і Яго святары, прысвячаем сябе Твайму мацярынскаму сэрцу дзеля вернага выканання волі Айца. Ведаем, што без Езуса мы не можам зрабіць нічога добрага (пар. Ян 15, 5), і толькі праз Яго, з Ім і ў Ім мы будзем для свету прыладамі збаўлення.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Будславе падчас святой Імшы ўдзень
2010-06-30 11:30:20


2 ліпеня 2010 г.
(Чытанні з урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Адам, дзе ты? Гэтымі словамі Бог звярнуўся да першага чалавека пасля таго, як ён зграшыў. У сённяшнім першым чытанні, якое ўзята з кнігі Быцця, распавядаецца, як Бог ішоў па раі і, не бачачы Адама, клікаў яго. Бог як любячы айцец шукаў свайго сына. Сын жа зграшыў і, убачыўшы Бога, схаваўся, бо адчуў сорам ад таго, што быў голы.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Будславе падчас святой Імшы апоўначы
2010-06-30 11:26:16


1 ліпеня 2010 г.
(чытанні з урачыстасці Звеставання Пана)

Марыя — выбраная дачка Бога Айца — шлях да Езуса

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе, хто ўшаноўвае Будслаўскую Пані!
Як штогод мы збіраемся на традыцыйную будслаўскую ўрачыстасць, каб у цудоўным абразе Божай Маці Будслаўскай ушанаваць Марыю і праз яе ісці да Езуса.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце пілігрымкі Мінск–Будслаў
2010-06-28 10:20:38


27 чэрверя 2010 г., святая Імша на радыё з мінскай архікатэдры

Рашучасць у выкананні хрысціянскіх абавязкаў і Божая ласка — шлях да Божага Валадарства

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, радыёслухачы і пілігрымы!

1. Гэтай святой Імшой распачынаецца сёлетняя пілігрымка ў беларускі Нацыянальны санктуарый у Будславе. Чарговы раз мы накіроўваем нашы крокі да нашай апякункі — Маці Божай Будслаўскай. Дэвіз сёлетняй урачыстасці ў Будславе «Марыя — выбраная дачка Бога Айца». Гэта адзін з трох год падрыхтоўкі да святкавання 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза ў Будславе, якое адбудзецца ў 2012 г.

 
Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе
2009-09-04 10:53:00
Нацыянальны санктуарый у Будславе займае цэнтральнае месца ў жыцці Касцёла на Беларусі. Абраз Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі — як цудадзейны ўпершыню ўзгадваецца ў 1617 г. Галоўная ўрачыстасць — 2 ліпеня, а святкаванне — у першую суботу ліпеня.
 
Будслаў — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
2008-07-21 13:45:04
Будслаў — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны МарыіАдрас:
Чырвоная плошча, 8
в. Будслаў
Мядзельскі р-н
Мінская вобл.
Рэспубліка Беларусь
222510

Тэл./факс: 8 01797 3 13 99
Тэл.: 8 017 97 3 13 73
Вэб-сайт:
site.catholic.by/budslau/

аРасклад набажэнстваў (магчымы змены)

  • Св. Імша ў нядзелю — 10.30, 12.00
  • Св. Імша ў будні — 8.00

ж З гісторыі парафіі

Вёска Будслаў у архіўных запісах згадваецца пад назваю Буда або Слаўная Буда. Першая згадка пра яе датавана 1504 годам, калі Вялікі Князь Літоўскі Аляксандр Ягелон падарыў кляштару бэрнардынаў 600 моргаў лесу каля ракі Сэрвач. Спачатку тут пасяліўся адзін з братоў, а затым да яго далучыліся іншыя бэрнардыны, якія ў 1530 г. пабудавалі ў гэтым месцы невялікую капліцу.

У 1591 г. у Слаўнай Будзе быў узведзены і кансэкраваны драўляны касцёл. Верагодней за ўсё, у гэты час тут з’явіўся абраз Маці Божай, які пазней быў названы абразом Маці Божай Будслаўскай. У 1598 г. яго атрымаў мінскі ваявода Ян Пац з рук папы Клімэнта VIII. Пасля смерці Яна Паца капелан Ісаак Салакай у 1613 г. перадаў абраз у кляштар айцоў бэрнардынаў. Вельмі хутка выява Маці Божай Будслаўскай стала адной з самых папулярных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Змешчаны ў драўляным касцёле, гэты абраз з самага пачатку быў шанаваны простымі людзьмі і ў хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі і ласкамі. У 1635 г. ён быў перанесены ў галоўны алтар. Першы цуд апісаны ў 1617 г., калі сляпы пяцігадовы хлопчык Ёзафат Тышкевіч (пазней вядомы айцец кармэліт) атрымаў зрок.

Вуглавы камень першага каменнага касцёла быў закладзены 28 верасня 1633 года. Святыня была кансэкравана 9 ліпеня 1643 года. Новы мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры кляштары бэрнардынаў у Будславе пабудавалі ў 1767–1783 гадах. Трохнававая святыня з дзвюма вежамі была створана ў стылі позняга барока, увесь яе інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі. Галоўны фасад дасягаў 50 метраў. У касцёле мелася 12 алтароў. Ён быў кансэкраваны 7 верасня 1783 года. У 1939 г. касцёл зачынілі, але яго ніколі не выкарыстоўвалі ў іншых мэтах, як гэта практыкавалася пры атэістычнай уладзе. Пасля вайны сюды час ад часу прыязджалі святары. У 1966–1974 гг. у святыні не было ніводнага ксяндза. Яе адраджэнне распачалося 2 ліпеня 1992 г., калі ў Будслаў прыбыла першая публічная пілігрымка. У 1994 годзе папа Ян Павел ІІ булаю надаў святыні тытул Базылікі Меншай, а ў 1998 г. кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. Пасля акта каранацыі ён абвясціў будслаўскую святыню Нацыянальным санктуарыем Беларусі. Тады ж апеку над святыняю прынялі айцы бэрнардыны, вярнуўшыся сюды пасля працяглага перапынку.

Сёння будслаўскі касцёл аб'яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. 1 ліпеня 2000 г. у Будславе адбыўся марыялагічны кангрэс. Кожны год на святкаванне ўрачыстасцяў у Будславе, якое з 2012 г. пераносіцца на першую пятніцу і суботу ліпеня замест традыцыйнага 2 ліпеня, прыбываюць дзясяткі тысяч вернікаў з усёй Беларусі і з замежжа (Расіі, краінаў Прыбалтыкі, Украіны, Польшчы і інш.).

 


 

Усяго 13 матэрыялаў адзначана цэтлікам Будслаў.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.