17 верасня на Мядзельскай Кальварыі адбудзецца адпустовая ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа. Кармэліты босыя з Мядзела запрашаюць усіх жадаючых.
Мэтай Школы сямейнага жыцця з'яўляецца падрыхтоўка сямейных дарадчыкаў, якія могуць дапамагаць пры парафіі, у падрыхтоўцы сямейных пар да сакрамэнту сужэнства, а таксама ў сямейнай кансультацыі.
17 верасня ў Слоніме пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пройдзе XII турнір па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ.
Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбываецца пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы. Сёлета пешая пілігрымка з Гродна ў Капцёўку адбудзецца 18 верасня.
Сусветны дзень малітвы за мір сабраў 18 верасня на трохдзённую сустрэчу ў Асізі каля 400 прадстаўнікоў рэлігій, палітыкаў і дзеячаў культуры. Да гэтай малітвы 20 верасня далучацца і вернікі Беларусі. У мінскай архікатэдры святую Імшу і адмысловае набажэнства пасля яе ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Святая Імша распачнецца ў 18.30.
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў з 20 па 22 верасня пройдуць фармацыйныя сустрэчы для маладых святароў да пяці і да дзесяці гадоў пасля прэзбітэрскага пасвячэння. У праграме сустрэч — лекцыі на тэму «Заданні Касцёла» і ўдзел у святой Імшы.
24 верасня ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Воранаве адбудзецца дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў. Удзельнікаў сустрэчы чакае супольная малітва і праца ў групах.
З 26 верасня па 11 кастрычніка адбудзецца пілігрымка ў месца аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме (Партугалія). Да пілігрымаў там далучыцца Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх асвеціць фігуру Маці Божай Фацімскай, перэгрынацыя якой чакаецца ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў межах падрыхтоўкі і святкавання юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.
Хрысцiянскi кiнаклуб «Рэха» ў чарговы раз запрашае на прагляд фільма. 25 верасня ў мінскай парафіі Узвышэння Святого Крыжа (Кальварыйскі праезд, 1) будзе прадстаўлены фільм «Мацi Тэрэза. Святая ў цемры», зняты Марыяй М. Колер (Аўстрыя).
24–25 верасня адбудзецца першая пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы — месца, якое славіцца цудадзейным абразом Мацi Божай. У праграме ўрачыстых мерапрыемстваў таксама асвячэнне памятнага крыжа на месцы былых каталіцкіх могілак ХVІІІ–ХІХ стст., зруйнаваных савецкай уладай пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB па-айцоўску запрашае ўсіх святароў Магілёўскай вобласці ўмацаваць духоўнасць і братняе адзінства на рэкалекцыях, якія адбудуцца 26-29 верасня ў Касцюковічах.
Напрыканцы Года Божай Міласэрнасці, 1 кастрычніка, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (мк-н Лошыца) адбудзецца ўмураванне вуглавога каменя ў фундамент санктуарыя Божай Міласэрнасці.
Сёстры змёртвыхпаўстанкі запрашаюць дзяўчат на малітоўную сустрэчу «Радасць нараджаецца з любові». Сустрэча пройдзе з 30 верасня па 2 кастрычніка.
Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах працягвае прыём абітурыентаў да 1 кастрычніка.