Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на снежань 2016
01.12.2016 12:10

«Ён сам прыходзiць, каб збавiць вас» (Іс 35, 4).

Прэзентацыя >>>

Гэтае слова ўжываецца ў цяперашнім часе: Ён прыходзіць. Цалкам відавочна, што прыходзіць менавiта цяпер. Нам не трэба чакаць заўтрашняга дня, канца часу альбо іншага жыцця. Бог дзейнiчае неадкладна цяпер, любоў не дапускае адтэрміновак цi спазненняў. Прарок Ісая звяртаўся да людзей, якія з надзеяй чакалі канца выгнання і вяртання на радзіму. У дні чакання Божага нараджэння мы не можам не ўспомніць, што падобнае абяцанне збаўлення было скiравана да Марыі: «Пан з Табою» (Лк 1, 28); анёл аб'явiў Ёй аб нараджэнні Збавіцеля.

Ён не прыходзіць з нейкiм візітам. Ягоная iнтэрвенцыя рашучая, яна мае найвышэйшае значэнне: Ён прыходзіць, каб збавiць нас! Ад чаго? Ці сапраўды мы ў сур'ёзнай небяспецы? Так. Часам мы усведамляем гэта, часам гэтага не заўважаем. А Ён умешваецца, бо бачыць эгаізм, абыякавасць да тых, хто знаходзiцца ў патрэбе і пакутуе, бачыць нянавісць і падзелы. Сэрца чалавецтва хворае. I Ён прыходзіць, кiруючыся спачуваннем да свайго стварэння, бо не хоча, каб яно было загублена.

Ягоная рука – гэта далонь, працягнутая тым, хто пацярпеў караблекрушэнне, тым, хто тоне. На жаль, у цяперашні час гэта паўтараецца кожны дзень у вобразе бежанцаў, якія спрабуюць перасекчы нашае мора, якiя стаяць заўсёды перад нашымі вачыма, і мы бачым, з якой гатоўнасцю яны хапаюцца за працягнутую руку, за тыя выратавальныя камізэлькі. Гэтаксама i мы кожную хвiлiну можам схапiць працягнутую Божую руку і з даверам пайсці за Iм. Ён не толькі вылечвае нашыя сэрцы ад засяроджанасцi на сабе, якая не дае нам адкрыцца на іншых, але робiць нас здольнымi дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, тым, хто перажывае выпрабаваннi, тым, хто расчараваны.

К'яра Любіч пісала: “Гэта, безумоўна, не Езус – гістарычная асоба, i не Езус – Галава Містычнага Цела, вырашае праблемы. Гэта робіць Езус-мы, Езус-я, Езус-ты... Гэта Езус у чалавеку, у пэўным чалавеку, калі ёсць у ім Ягоная ласка, будуе нейкi мост, пракладвае шлях... [...] Кожны чалавек - як другі Хрыстус, як член Ягонага Містычнага Цела - прыносіць свой асабiсты ўклад ва ўсе сферы: у навуку, мастацтва, палітыку, камунікацыі і гэтак далей. Дзякуючы гэтаму чалавек саўдзельнічае з Хрыстом ў стварэнні і збаўленнi. “Гэтае ўвасабленне трывае заўсёды, i гэтае ўвасабленне поўнае, яно ахоплiвае "кожнага Езуса" з містычнага Цела Хрыста”1.

Менавiта так здарылася з Робертам, былым вязнем, які знайшоў кагосьці, хто яго “збавiў”. І тады Роберт сам ператварыўся ў таго, хто “збаўляе”. 24 красавіка бягучага года ён распавёў сваё сведчанне Папе падчас Марыяпаля2 на віле Баргезе ў Рыме. “Пасля доўгага турэмнага зняволення я думаў, як распачаць новае жыццё, але як вядома, нягледзячы на тое, што ты адбыў пакаранне, для людзей ты заўсёды застаешся не вельмі добрым. Шукаючы працу, я знаходзiў усе дзверы зачыненымi. Я быў вымушаны жабраваць на вуліцы, на працягу сямі месяцаў я быў бамжом. Пакуль я не сустрэў Альфонса, які дзякуючы асацыяцыі, заснаванай ім самім, дапамагае сем'ям зняволеных. "Калі хочаш распачаць усё нанова, - сказаў ён мне, - хадзем са мной". Вось ужо год, як я дапамагаю яму рыхтаваць сумкі з прадуктамі для сем'яў зняволеных, якіх мы наведваем. Для мяне гэта вялікая ласка, таму што ў гэтых сем'ях я бачу самога сябе. Я бачу годнасць адзінокіх маці з маленькімі дзецьмі, якія жывуць у жудасных умовах, чакаючы кагосьці, хто прынясе ім крыху супакою, крыху любові. Дорачы самога сябе, я знайшоў сваю чалавечую годнасць. Маё жыццё мае сэнс. Я маю болей сілы, таму што ў мяне ёсць Бог у сэрцы, i я адчуваю, што мяне любяць...”

А. Фабiа К’ярдзi OMI

1. Chiara Lubich, Gesu’ Abbandonato e la notte collettiva e culturale, на кангрэсе Джэн-2, Кастэль Гандольфа, 7 студзеня 2007 r.
2. Марыяпаль – горад Марыi. Тыповая для Руху факаляраў сустрэча, на якой – на працягу некалькi дзён – сустракаюцца разам асобы рознага паходжання i ўзросту, перажываючы сведчанне братэрства ў святле Евангелля.

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.