Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на люты 2017
06.02.2017 13:34

«І дам вам сэрца новае і дух новы ўдыхну ў вас» (Езх 36, 26).

Прэзентацыя >>>

Сэрца кіруецца пачуццямі, сантыментамі, палкасцю. Але для біблiйнага аўтара сэрца з’яўляецца чымсьцi большым: разам з духам яно з’яўляецца цэнтрам жыцця і сутнасцю асобы, дзе нараджаюцца рашэнні, яно з’яўляецца самым глыбокім месцам духоўнага жыцця. Сэрца з цела паслухмянае Божаму слову, яно кiруецца iм і выказвае «думкі супакою» для братоў. Сэрца з каменя замкнёнае само на сабе, яно няздольнае нi да слухання, ні да мiласэрнасцi.

Ці патрэбныя нам новае сэрца і новы дух? Дастаткова азірнуцца навокал. Насiлле, карупцыя, войны нараджаюцца ў сэрцах з каменя, якія зачынены на Божы план для Яго стварэння. Але калі шчыра i глыбока зазiрнуць у саміх сябе, то цi не знойдзем мы там шмат праяваў эгаізму? Цi сапраўды любоў і дабро блiжняга заўсёды кіруюць нашымi рашэннямі?

Гледзячы на нашу бедную чалавечасць, Бог кіруецца спачуваннем. Той, хто ведае нас лепш, чым мы самі, ведае, што нам патрэбна новае сэрца. I Ён абяцае яго прароку Езэхіэлю, думаючы не толькі пра некаторых асобаў, але пра ўвесь свой народ. Бог прагне нанова стварыць вялікую сям'ю народаў, якая б кіравалася законам узаемнай любові — у адпаведнасці з першапачатковым планам. Наша гісторыя неаднаразова паказвала, што, з аднаго боку, мы паасобку не ў стане выканаць гэты Яго план, а з іншага — Бог ніколі не пераставаў выходзіць да нас, абяцаючы, што Ён сам дасць нам новае сэрца і новы дух.

Ён цалкам спаўняе гэтае абяцанне, калі пасылае свайго Сына на зямлю і вылівае на Яго Духа ў дзень Пяцідзясятніцы. I нараджаецца супольнасць першых хрысціянаў у Ерузалеме — вобраз чалавецтва, якое становіцца «адным сэрцам і душою».

Гэтак жа я, які пішу гэты кароткі каментар, а таксама i вы, хто чытае або слухае яго, мы пакліканы быць часткай гэтага новага чалавецтва. Больш за тое: мы пакліканы, каб будаваць яго вакол нас, каб увасабляць яго ў нашым асяроддзі, там, дзе мы жывём і працуем. Толькi ўявiце, якая вялікая місія нам даверана, і якi давер Бог усклаў на нас. І замест таго, каб расчароўвацца ў грамадстве, якое часта здаецца нам карумпаваным, замест таго, каб баранiцца ад зла, якое нас руйнуе, і замыкацца ў абыякавасці, давайце пашырым сэрца «па меры Сэрца Езуса. Як жа цяжка! Але гэта проста неабходна. Калі мы зробім гэта, будзе зроблена ўсё». Такiм было заахвочванне К'яры, якая далей казала: «Ідэя заключаецца ў тым, каб любiць кожнага, хто праходзіць каля нас, гэтак жа, як любіць яго Бог. А паколькi мы жывём у часе, то ў кожны момант мы любiм толькі гэтага аднаго блiжняга, не пакiдаючы ў сэрцы тых рэшткаў пачуццяў да таго другога блiжняга, якога сустрэлi хвіліну раней».

Будзем разлiчваць не толькі на свае сілы і здольнасці, бо гэта неадэкватна, але на той дар, які нам дае Бог: «Я дам вам сэрца новае і дух новы ўдыхну ў вас». І калі мы будзем выконваць заклік любіць кожнага блiжняга, калі мы дазволім голасу Святога Духа весці нас, мы станем ядром новага чалавецтва, будаўнікамі новага свету сярод вялікай разнастайнасці народаў і культур.

А. Фабія К’ярдзі ОМІ

Давайце будзем жыць гэтымі словамі, выбранымi экуменічнай групай з Германіі, дзеля таго, каб разам перажываць гэтае Божае абяцанне на працягу ўсяго года, у якім мы адзначаем 500-годдзе Рэфармацыі.

1. Пар. Дзеi Апосталаў 4, 32.
2. C. Lubich,Charyzmat jedności, Wydawnictwo m, Kraków 2007, s.129.

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.