Святы Айцец высока ацаніў дар выданняў «Святога Евангелля» і першага тома «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове |
Беларусь
|
06.02.2013 13:57 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI высока ацаніў дар выданняў «Святога Евангелля» і першага тома «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове. Аб гэтым паведамляецца ў лісце пад подпісам намесніка Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці арцыбіскупа Анджэла Бэччу, адрасаваным Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу.
У лісце адзначаецца, што Святы Айцец «высока ацаніў гэты дар і думкі, якія яго матывавалі». Папа выказаў падзяку за выданні і адначасова пажадаў, каб «багаты матэрыял Новага Запавету і малітвы Літургіі гадзінаў паспрыялі будаванню грамадства ўсё больш духоўна братэрскага і салідарнага, узбагачанага ажыўляючым пасланнем Хрыста».
Яго Святасць выказаў «пажаданне хрысціянскага росквіту», умацаваўшы яго сваім апостальскім благаслаўленнем для Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і «ўсіх тых, хто давераны яго пастырскай апецы».
Даведка «Святое Евангелле» на беларускай мове змяшчае тэксты чатырох кананічных Евангелляў (паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна). Перад кожным Евангеллем падаецца кароткі ўступ, які распавядае пра гісторыю ўзнікнення Евангелля і яго адметнасці. У дадатку кнігі змешчаны каляровыя мапы Палестыны і Ерузалема ў часы Езуса Хрыста. Пераклад Евангелляў быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Кніга падрыхтавана да друку ў выдавецтве «Pro Christo».
Першы том «Літургіі гадзінаў» ахоплівае перыяд Адвэнту і перыяд Нараджэння Пана. Быў перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і ўхвалены (Nr.108/SE/06) Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Студыйнае выданне дадзенай літургічнай кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы друку Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. Непасрэдная падрыхтоўка кнігі да друку была здзейснена ў супрацоўніцтве прадстаўнікоў Ордэну з Секцыяй па перакладзе. (AG)
|