Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых цікавых падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень
Беларусь
14.09.2015 01:37

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB зрабіў сэлфі ў Ватыкане, у Гродне «рэпеціравалі» Сусветную сустрэчу сем’яў, у Будславе прайшла сустрэча манахінь з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень.

Гродна на адзін дзень стаў цэнтрам «сямейнай» Беларусі

Горад над Нёманам прымаў у сябе IX Нацыянальную пілігрымку сем’яў, арганізаваную Радай па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.



Сустрэча ў цэнтры Гродзенскай дыяцэзіі стала «беларускай рэпетыцыяй» Сусветнай сустрэчы сем'яў у Філадэльфіі (ЗША), якая пройдзе з 22 па 27 верасня. У Філадэльфію на сустрэчу сем'яў з усяго свету, у якой прыме ўдзел і Папа Францішак, паляціць і дэлегацыя з Беларусі.

 

Біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў значэнне Бібліі ў Дзень беларускага пісьменства

У Дзень беларускага пісьменства, якое ў гэтым годзе святкавалі ў Шчучыне, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу ў шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы.

Біскуп звярнуў увагу на тое, што першым друкаваным словам на нашай зямлі было Евангелле, і адзначыў, што гэта сведчыць пра прагу нашымі продкамі гэтага Слова, якое «дае жыццё».

Разам з дарам слова біскуп адзначыў і дар слыху. У гаміліі іерарх параўнаў няверуючых з глухімі, якія не вераць у спеў птушак, бо не чуюць яго.

«Няверуючаму здаецца, што Бог не існуе — як глухому здаецца, што птушкі не спяваюць, што людзі не размаўляюць, што мора не шуміць, што рэха не адказвае. Аднак мы ведаем, што гэта на самой справе не так».


Дыякан Ігар Мутрук стаў святаром

«Бог паклікаў мяне, і я буду старацца Яго не падвесці», — сказаў у дзень свайго прэзбітэрскага пасвячэння дыякан Ігар Мутрук.



Пасвячэнне 27-гадоваму дыякану ўдзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Урачыстая святая Імша з гэтай нагоды прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле ў суботу.

Святыня была запоўнена — родныя і блізкія, а таксама парафіяне касцёла, дзе будучы новапрэзбітэр праходзіў дыяканскую практыку…

«Як новапрэзбітэр я буду старацца праз цэлебрацыю Эўхарыстыі, праз удзяленне святых сакрамэнтаў, праз веды, здабытыя пра Бога падчас семінарыйнай фармацыі і практыкі духоўнага жыцця, выконваць сваю святарскую місію так, каб узрастаць у святасці самому і даваць прыклад бліжнім», — дадаў кс. Ігар Мутрук.

 

Мітрапаліт Кандрусевіч удзельнічае ў гістарычнай падзеі ў гісторыі Касцёла

Апошні раз каталіцкія біскупы са «Старога Кантынента» збіраліся на Святой Зямлі падчас Ерузалемскага Сабору… Гэта было прыблізна 1976 (!) гадоў таму.



 

Сёлета старшыні мясцовых епіскапатаў у Еўропе прыбылі на Святую Зямлю для ўдзелу ў пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, што і стала ў сваю чаргу гістарычнай падзеяй. У ліку ўдзельнікаў пасяджэння — і беларускі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Пасяджэнне РБКЕ на Святой Зямлі — адмысловая пілігрымка біскупаў да каранёў хрысціянства, — адзначыў у каментарыі для Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэтая паездка стане знакам салідарнасці з Каталіцкім Касцёлам і хрысціянскімі супольнасцямі, якія там існуюць».



Трэці беларус у супольнасці місіянераў аблатаў склаў манаскія абяцанні


Брат Павел Лемех OMI з Вілейшчыны стаў трэцім ураджэнцам Беларусі пасля а. Анджэя Юхневіча OMI і а. Дзмітрыя Занямонскага OMI, які склаў вечныя манаскія абяцанні ў супольнасці аблатаў.



Сёння прадстаўнікі Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай працуюць у Беларусі на чатырох пляцоўках: у Мінску, Шуміліне, Селіванаўцах і Пінску.

 

Парафіі Беларусі завяршылі «святы ўраджаю»

«Калі бываеш на такіх вясковых фэстах, нібыта адразу чуеш голас бабулі, якая распавядае пра сваё дзяцінства і маладосць, як на роварах хлопцы-дзяўчаты калясілі з адной вёскі ў другую і фэсты аб’язджалі», — піша Аксана Ючкавіч пра фэст ураджаю ў Бярозаўцы.

У Бярозаўцы, куды падчас восеньскага фэсту завітаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, сёлета была асвечана дошка падзякі тым, хто паспрыяў будаўніцтву касцёла, а таксама фігура св. Юзафа знадворку святыні. Першы тыдзень верасня завяршыў «святы ўраджаю» ў беларускіх парафіях.




Душпастырства студэнтаў у Гродне ўжо дзясяты год як «OPEN»


10-ю гадавіну распачацця фармацыі адзначыла ў верасні душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі «OPEN» у Гродне.

Свой пачатак студэнцкая ініцыятыва бярэ з 2005 года. За гэты час праз «OPEN» прайшлі дзясяткі студэнтаў-католікаў з Беларусі і замежжа, якія вучыліся ў Гродне. У горадзе над Нёманам сёння працуюць тры вялікія ВНУ — ГрДУ імя Я.Купалы, медыцынскі і аграрны ўніверсітэты.

А ў багажы «OPEN» за гэты час — шэраг праектаў (адно з іх — калядная акцыя «Пячэнька за пячэнька») і нават свой аднайменны музычны калектыў.



«Нявесты Хрыста» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі правялі сустрэчу ў Будславе

Назарэтанкі, ядзвіжанкі, дамініканкі, шарыткі… Усю разнастайнасць жаночых манаскіх хабітаў маглі назіраць 10 верасня жыхары Будслава, якія жывуць паблізу Нацыянальнага санктуарыя.



Тэме «Сучасная кансэкраваная жанчына» была прысвечана малітоўная сустрэча манахінь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая ў гэты дзень прайшла ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай.


Гродзенская семінарыя павялічылася на шэсць першакурснікаў

Шэсць студэнцкіх заліковак былі выдадзены падчас інаўгурацыі новага навучальнага года ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне юнакам, якія паступілі сёлета на першы курс семінарыі.

Інаўгурацыя стала ўжо 25-й па ліку. Роўна 25 гадоў таму ў Гродне адкрылася ВНУ для будучых святароў. Тады ў семінарыю паступілі 37 юнакоў: 24 з Беларусі, 12 з Украіны і 1 з Грузіі.



Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB зрабіў сэлфі на сустрэчы ў Ватыкане

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прыняў удзел у папскай аўдыенцыі ў Ватыкане для 130 біскупаў, якія атрымалі біскупскую сакру на працягу апошняга года.

На сустрэчы беларускаму біскупу ўдалося зрабіць некалькі здымкаў з месца падзей, а таксама сэлфі — беларускі епіскапат мае яшчэ аднаго медыйнага біскупа!



Пасля аўдыенцыі, калі кожны з біскупаў меў магчымасць кароткай сустрэчы з Папам, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў Святому Айцу за біскупскую сакру і перадаў Пантыфіку чарговае запрашэнне беларускіх вернікаў наведаць нашу краіну.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.