10 самых цікавых падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень |
Беларусь |
29.09.2015 12:18 |
Беларускія назарэтанкі на Кангрэсе ў Чэнстахове, «каталіцкі суботнік» па ініцыятыве біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, асвячэнне табліц «Magnificat» і «Benedictus» на Святой Зямлі і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень.
Кангрэс праходзіў у межах святкавання Года кансэкраванага жыцця, які трывае ў Паўсюдным Касцёле. 23-26 верасня беларускія манахіні з Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ўдзельнічалі ў ІІ Кангрэсе маладых кансэкраваных асобаў у Чэнстахове (Польшча). Сустрэча праходзіла пад назвай «Радасць кансэкрацыі» і была нагодай да таго, каб паказаць прыгажосць жыцця, прысвечанага выключна Богу.
Святары і парафіяне гэтым разам аб’ядналіся не на малітве, а ў працы. Больш за тое, на дапамогу прыйшлі не толькі жыхары Магілёва, але і вернікі з іншых месцаў рэгіёна — Бабруйска, Касцюковіч, Горак, Чавусаў, Шклова, Фашчаўкі… «Працоўны дэсант» католікаў Магілёўшчыны працаваў на тэрыторыі будынка па адрасе вул. Ленінская, 27. Гэты будынак плануецца прыстасаваць для душпастырскага цэнтра Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне.
Сустрэча была арганізавана аддзелам адукацыі і выхавання Гродзенскай курыі. У ёй на пачатак новага катэхетычнага года прынялі ўдзел катэхеты і слухачы катэхетычных курсаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Рэкалекцыі праводзіў а. Ян Асіповіч SP. Удзельнікі прызнаюцца, рэкалекцыі былі напоўнены не толькі тэматычнымі рэфератамі, але і ажыўленымі гутаркамі, пытаннямі і адказамі, спевамі пад гітару ля вогнішча.
У амерыканскай Філадэльфіі прайшла Сусветная сустрэча сем’яў, у якой прынялі ўдзел і чатыры чалавекі з Беларусі. Біскуп Пінскі і старшыня Рады па справах сям’і беларускага епіскапату Антоні Дзям’янка, сакратар Рады па справах сям’і а. Пётр Фраштэнга OCD і сямейная пара Андрэя і Наталлі Пан сталі ўдзельнікамі сёлетняга форуму, які прайшоў пад дэвізам «Любоў – нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце». Сусветная сустрэча сем’яў праводзіцца раз на тры гады. Мінулы раз сем’і з усяго свету збіраліся ў Мілане (Італія).
У магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася пастырская сустрэча каталіцкага духавенства ўсходняй часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэча пачалася духоўнай канферэнцыяй, якую падрыхтаваў духоўны айцец Магілёўскай часткі архідыяцэзіі кс. Андрэй Далянскі. Святар засяродзіўся на тэме духоўнай і чалавечай салідарнасці. «Канешне, мы прагнем, каб Магілёўшчына стала “райскім садам”. Але варта памятаць, што гэта будзе немагчыма, калі паміж намі, святарамі гэтай зямлі, не будзе святарскай еднасці і салідарнасці – духоўнай і чалавечай», — заўважыў святар.
Пілігрымка была абвешчана Нацыянальнай і яе вынікам стала ўсталяванне на Святой Зямлі табліц «Magnificat» і «Benedictus». У малітоўным падарожжы па слядах Хрыста прыняло ўдзел каля 300 чалавек.
«Цяпер, калі я пабачыла апісаныя ў Бібліі месцы на свае вочы, я паверыла да такой ступені, што не расказаць», — прызнаецца адна з удзельніц пілігрымкі.
«Усё для бясконцай Хвалы Божай...» 25-годдзе душпастырскай службы ў парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве адзначаюць айцы палатыны. Манаская супольнасць палатынаў працуе ў многіх
краінах свету. У Беларусі акрамя Воранава святары гэтай супольнасці служаць у Германішках,
Бярозе, Жлобіне, Талачыне і Мінску.
Cерыю здымкаў са Святым Айцом паспеў зрабіць а. Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і беларускага епіскапату, які ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў, падчас якой з удзельнікамі сустрэўся Папа Францішак.
Дзве табліцы на беларускай мове — славуты гімн «Magnificat», які часта называюць «Песняй Марыі», а таксама гімн «Benedictus», праспяваны Захарыем пасля звесткі пра нараджэнне доўгачаканага сына, — былі асвечаны 26 верасня на Святой Зямлі. Табліцы з тэкстам на беларускай мове папоўнілі прысутнасць Касцёла ў Беларусі і беларускай культуры на Святой Зямлі. У мінулыя гады там асвячалі табліцу з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове, а таксама мазаіку Маці Божай Будслаўскай.
Распавядаючы ў інтэрв’ю Catholic.by пра пілігрымкі ў сваім жыцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў цікавы выпадак, які адбыўся з ім на пачатку 90-х у Дэнверы (ЗША). «У Дэнверы ў 1993 годзе праходзіла сустрэча моладзі, на якую павінен быў прыехаць Папа Рымскі. Як біскуп я адказваў за катэхезу для рускамоўнай групы. Нашы заняткі праходзілі ў прыгарадзе, а наступны пункт праграмы павінен быў пачынацца ў самім Дэнверы — а гэта каля 20 км ад нас. Я прапанаваў ісці ў Дэнвер пешшу, і… моладзь згадзілася. Было горача, але мы пайшлі. Ужо на месцы сустрэчы з Янам Паўлам ІІ, убачыўшы мяне, служба аховы дзівілася: «Біскуп? Адкуль узяўся?» Я і кажу: прыйшоў пешшу. Яны не паверылі, бо біскупы зазвычай прыязджалі ў горад на асобным аўтобусе, абсталяваным кандыцыянерамі. Ілья Лапато |