Моладзь Віцебскай дыяцэзіі на чуванні ў Полацку, 101-я гадавіна з дня нараджэння кардынала
Казіміра Свёнтка, каталіцкая капліца ў дзяржаўным шпіталі, завяршэнне Сіноду Біскупаў і іншыя падзеі з жыцця
Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень.
Асвячэнне мініяцюр духоўных сімвалаў Сусветнага дня моладзі – крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani, – а таксама ўручэнне гэтых сімвалаў моладзевым дэлегацыям з розных парафій Гродна прайшло ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Асвячэнне духоўных сімвалаў СДМ адбылося на святой Імшы, у якой прынялі ўдзел маладыя вернікі розных гродзенскіх парафій са сваімі душпастырамі, а таксама моладзь з Нігерыі.
У чуванні прымала ўдзел моладзь з Браслава, Глыбокага, Мёраў, Віцебска, Варапаева, Слабодкі, Друі, Верхнядзвінска і іншых куткоў дыяцэзіі.
Адным з пунктаў чування сталі тэатральныя пастаноўкі, падрыхтаваныя моладдзю з Мёраў і Браслава. У пастаноўках асаблівая ўвага надавалася разважанням пра Божую міласэрнасць і яе ролі ў жыцці чалавека.
«Разважаючы над прыпавесцю пра блуднага сына, моладзь прадставіла асабістыя праблемы, перажыванні, пытанні; некаторыя маглі знайсці свае ўласныя праблемы і даверыць іх Міласэрнаму Айцу», – піша ў матэрыяле з месца падзей с. Таццяна Гмыза SJE.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт адзначыў 50-годдзе епіскапскага пасвячэння. Віншаванне для іерарха перадаў і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Ад усяго сэрца дзякую Вам за Вашу адкрытасць дыялогу і супрацоўніцтву, асабліва ў справе абароны маральных каштоўнасцяў, што вельмі важна ў наш секулярны час, і прапаведванні заўсёды жывога і дзейснага Евангелля», – адзначыў у сваім віншаванні каталіцкі іерарх.
У Гродне на мінулым тыдні адбылася педагагічная сустрэча, прысвечаная працы шэфаў скаўцкага руху з хрысціянскай моладдзю. На сустрэчу завітаў і Рэно Лануа, камісар скаўтаў, які адказвае за развіццё скаўцкіх адзінак ва Усходняй Еўропе.
Скаўцкі камісар правёў у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля цырымонію прызначэння новых генеральных камісараў, якімі ў Беларусі на бліжэйшыя тры гады сталі Юлія Чарніцкая і Павел Бельскі.
Карыстальнікі праграмы для смартфонаў «Малітоўнік», створанай моладдзю мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, цяпер могуць чытаць на сваіх гаджэтах і тэксты Бібліі.
Праграма дае доступ да Старога і Новага Запаветаў у расійскім сінадальным перакладзе з каментарыямі брусэльскага выдання 1989 года.
Як адзначаюць аўтары «Малітоўніка», новая функцыянальная сістэма дазволяе цяпер не толькі чытаць тэксты, але і адзначаць цікавыя чытачу вершы, захоўваючы іх у закладках, і рабіць уласныя нататкі. Абнаўленне дасяжнае на сёння толькі ўладальнікам смартфонаў з сістэмай Android.
«Сiнод пацвердзiў, што Касцёл не з'яўляецца Касцёлам толькi справядлiвых i святых, але таксама i грэшнiкаў, якiя шукаюць прабачэння. Першы абавязак Касцёла — не судзiць, а абвяшчаць Божую мiласэрнасць, заклiкаць да навяртання i весцi да збаўлення», — адзначыў адзіны беларускі ўдзельнік Сіноду арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, каментуючы вынікі працы асамблеі.
Апошнi этап працы Сiноду паспяхова завяршыўся, i яго вынiкам стаў усiмi адобраны фiнальны дакумент з унесенымі 1355 праўкамі, якi быў перададзены Пантыфіку.
«Сiнод засяродзiў сваю ўвагу на больш шырокiм i глыбокiм пазнанні сям'i i яе праблем, паклiкання i мiсii ў сучасным свеце, — дадаў арцыбіскуп. — Сінод заахвоцiў да разумення значэння сям'i як падмурку грамадства і паглыблення душпастырскай працы ў такіх накірунках, як падрыхтоўка моладзi да сакрамэнту сужэнства, спадарожнiчанне маладым сужэнствам, адпаведная фармацыя святароў, пастырская апека над разведзенымi i ўступiўшымi ў новыя саюзы, апека над людзьмi, якія маюць гомасексуальныя схільнасцi, і г.д.».
Капліца св. Яна Паўла ІІ у Цэнтральным раённым шпіталі ў Міхалішках была ўзведзена дзякуючы старанням пробашча кс. Анатоля Захарэўскага і вялікай прыхільнасці адміністрацыі шпіталя.
Цырымонія асвячэння прайшла 21 кастрычніка ў межах кананічнай візітацыі Астравецкага дэканату біскупа Аляксандра Кашкевіча. Асвячэнне адбылося якраз напярэдадні літургічнага ўспаміну св. Яна Паўла ІІ.
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў Святому Айцу дар ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – абраз «Беззаганнае Сэрца Марыі». Абраз выкананы ў старажытнай беларускай тэхніцы работы па дрэвe – Сожская скань.
Штомесяц з Чырвонага касцёла адпраўляецца ад 1,5 да 2 тон рэчаў для бежанцаў Украіны. У гэты лік уваходзіць адзенне, абутак, цацкі, посуд, дзіцячыя калыскі. Ініцыятарамі дабрачыннай акцыі, паводле слоў пробашча парафіі, былі самі вернікі. «Яны звярнуліся ў сакрыстыю з такой просьбай і хутка пачалі прыносіць рэчы, — расказвае кс. Уладзіслаў Завальнюк. — Аднак з кожным днём жадаючых дапамагчы станавілася ўсё больш і больш, таму ў касцёле былі ўстаноўлены спецыяльныя “месцы для гуманітарнай дапамогі бежанцам з Украіны”».
Пра тое, як праходзіць збор рэчаў, дзе іх сарціруюць і куды адпраўляюць гуманітарныя грузы – у рэпартажы карэспандэнта Сatholic.by Марыны Валасар.
Кардынал Казімір
Свёнтэк — чалавек, які стаў для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
сімвалам адвагі, цярпення, трываласці і вялікай духоўнай моцы, якую не
здолелі зламаць ні ваенныя ліхалецці, ні націскі ўладаў.
Святар,
сведка веры і сведка Жывога Бога, пражыў доўгае жыццё, напоўненае
духоўнымі цярпеннямі і фізічнымі выпрабаванямі, але не зламаўся і
захаваў веру і Бога ў сваім сэрцы. З 21 ліпеня 2011 года першы ў
гісторыі Беларусі беларускі кардынал стаў сведкам Божага Валадарства. Ілья Лапато
|