11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Лурд, адзначаецца Сусветны дзень хворага. У гэты дзень у святынях можна атрымаць сакрамэнт намашчэння хворых. У чым яго сутнасць і якім асобам удзяляецца намашчэнне хворых — чытайце ніжэй.
Уся неабходная інфармацыя, звязаная з асаблівасцямі дадзенага сакрамэнту, пададзена ў «Парадку намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі». Ва ўводзінах адзначаецца: «Евангелле дае дастаткова сведчанняў таго, з якой вялікай рупнасцю Хрыстус клапаціўся пра цялесныя і духоўныя патрэбы хворых, што Ён даручыў таксама рабіць сваім верным. Асаблівай праявай гэтага ёсць устаноўлены Ім і абвешчаны ў Пасланні св. Якуба сакрамэнт намашчэння, які Касцёл зазвычай удзяляе сваім верным праз святое намашчэнне хворых і малітву прэзбітэраў, даручаючы хворых церпячаму і праслаўленаму Пану, каб Ён падтрымаў іх і збавіў (пар. Як 5, 14–16)».
«Небяспечна хвораму чалавеку патрэбна асаблівая Божая ласка, каб пад уплывам страху ён не ўпаў духам і, паддаўшыся спакусам, не адступіўся ад сваёй веры», — адзначаецца далей.
Цэлебрацыя сакрамэнту заключаецца ў тым, што «прэзбітэры Касцёла, усклаўшы рукі на хворых, з верай узносяць малітву і намашчаюць хворых алеем, асвячоным Божым благаслаўленнем».
Такім чынам, ці кожны, хто ў дадзены дзень блага сябе адчувае ці захварэў, можа прыняць гэты сакрамэнт? Адказ знаходзім у ІІ частцы ўводзінаў: «таму з усёй стараннасцю і руплівасцю трэба ўдзяляць гэтае святое намашчэнне вернікам, якім пагражае смерць з-за хваробы ці старасці».
Асобы, якім удзяляецца намашчэнне хворых:
- Гэты сакрамэнт можна паўтараць, калі хворы пасля прыняцця намашчэння выздаравеў і пазней захварэў зноў, а таксама калі падчас той жа працяглай хваробы адбываецца значнае пагаршэнне.
- Перад аперацыяй можна ўдзяліць святое намашчэнне, калі гэта аперацыя выклікана небяспечнай хваробай.
- Асобам у састарэлым узросце, сілы якіх вельмі аслаблі, таксама можна ўдзяліць святое намашчэнне, нават калі ім не пагражае небяспечная хвароба.
- Дзецям таксама ўдзяляецца святое намашчэнне ўжо тады, калі яны дасягнулі такой ступені ўсведамлення, што гэты сакрамэнт можа іх умацаваць. У выпадку няўпэўненасці, ці дасягнулі яны належнага ўсведамлення, сакрамэнт трэба ўдзяліць.
- Хворым, якія страцілі прытомнасць ці знаходзяцца ў несвядомым стане, трэба ўдзяліць сакрамэнт, калі ёсць верагоднасць, што, будучы ў поўнай свядомасці, яны як вернікі прасілі б аб гэтым.
- Нельга ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых тым, хто ўпарта трывае ў яўным цяжкім граху.
Касцёл заахвочвае вернікаў, каб «яны самі прасілі аб намашчэнні адразу, калі настане адпаведны час». «Няхай прымаюць яго з поўнай верай і шчырай адданасцю, няхай не паддаюцца благому звычаю адкладаць прыняцце сакрамэнту. Усім, хто дапамагае хворым, трэба растлумачыць сутнасць гэтага сакрамэнту», — адзначаецца ў «Парадку намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі».
|