У самых першых артыкулах рубрыкі «Лікбез ад Catholic.by» мы закраналі пытанні, звязаныя з сакрамэнтамі. Напэўна, не такім распаўсюджаным, як шлюб ці хрост, з’яўляецца сакрамэнт намашчэння хворых, аднак з размоваў выясняецца, што і пра яго католікі ведаюць не надта шмат. Таму сёння мы пастараемся адказаць на пытанне: што гэта за сакрамэнт і хто з яго можа скарыстацца?
Дапаможа нам у гэтым кс. Анджэй Юхневіч OMI.
Уступнае слова святара пра адносіны да хваробы і хворых людзей
Калі хочам казаць на тэму святых сакрамэнтаў, устаноўленых Хрыстом, добра было б спачатку зазірнуць у Святое Пісанне. Яно перадае нам Божую волю і заахвочвае задумацца над сваім жыццём, над адносінамі з Богам і бліжнімі.
Сакрамэнт намашчэння хворых неад’емна звязаны з хваробай, а значыць станам чалавека, які, з аднаго боку, можа выклікаць непакой, замкнутасць у сабе, адчай і бунт супраць усяго і ўсіх, у тым ліку — супраць Бога. З другога боку, можа стаць шляхам, які вядзе да большай сталасці, дапамагчы лепш зразумець, што ў жыцці сапраўды каштоўнае і мае значэнне. Можа прычыніцца да пошукаў Бога і вяртання да Яго.
На старонках Старога Запавету заўважаем, як чалавек гучна перад Богам выказвае свае скаргі на хваробу (Пс 38) і просіць Пана жыцця і смерці аб аздараўленні (Пс 6,3: Іс 38). Прарок Ісая прадказвае, што надыдзе момант, калі Бог прабачыць народу Ізраэля кожны грэх і аздаравіць з усялякай хваробы (Іс 33, 24).
Новы запавет, які кажа пра асобу Езуса Хрыста, яшчэ больш выразна паказвае адносіны Бога да хваробы і людзей хворых. Езус перш за ўсё спачувае хвораму чалавеку, і гэта працягваюць, як нейкая натуральная выснова, шматлікія аздараўленні з розных хвароб. Можам заўважыць у св. Марка, што Ён (Езус) — гэта Лекар, якога сапраўды патрабуе чалавек. Ён прыйшоў аздаравіць чалавека ў цэлым — душу і цела (Мк 2,17). Нават больш: праз сваё спачуванне Ён чыніць сябе тоесным з кожным хворым (Мц 25,36). Адным з істотных элементаў, якія спадарожнічаюць аздараўленням, здзейсненым Езусам, з’яўляецца пытанне пра веру. Езус патрабуе веры ад тых, каго хоча аздаравіць (Мк 5,34 і 36; 9, 23). Толькі тады робіць нейкія знакі, найчасцей дакранаючыся да хворай асобы. Хрыстус таксама пасылае сваіх Апосталаў, каб аздараўлялі хворых, ускладаючы на іх рукі і намашчаючы алеем (Мк 6,13). Апостал Якуб у сваім пасланні ўзгадвае пра спецыяльны абрад, прадвызначаны для хворых (Як 5,14–15), у якім традыцыя Касцёла бачыць адзін з сямі святых сакрамэнтаў, сёння названы намашчэннем хворых.
У чым сутнасць сакрамэнту намашчэння хворых?
Асноўная мэта гэтага сакрамэнту — надзяліць асаблівай ласкай хрысціяніна, які спазнае рознага роду цяжкасці, выкліканыя хваробай ці састарэлым узростам. «Небяспечна хвораму чалавеку патрэбна асаблівая Божая ласка, каб пад уплывам страху ён не ўпаў духам і, паддаўшыся спакусам, не адступіўся ў веры» («Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі» пункт 5).
Згодна з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла з дадзенага сакрамэнту вынікае наступная карысць:
- хворы атрымлівае ласку ўмацавання, супакою і мужнасці, каб пераадолець цяжкасці, выкліканыя станам хваробы, або недамаганні старасці; гэта ласка Духа Святога, які аднаўляе давер і веру ў Бога, умацоўвае ў барацьбе супраць спакусаў злога духа, супраць спакусы роспачы і трывогі перад смерцю; больш за гэта — калі хворы не мог раней скарыстацца з сакрамэнту пакуты, атрымлівае ласку прабачэння грахоў.
- хворы атрымлівае сілу і дар паглыблення еднасці з мукай Хрыста; ён быццам «кансэкраваны» (выдзелены, прысвечаны), каб прыносіць плён праз прыпадабненне да збаўчай смерці нашага Збаўцы; цярпенне, якое было вынікам першароднага граху, атрымлівае новае значэнне — становіцца ўдзелам у збаўчай справе Хрыста.
- той, хто прымае сакрамэнт хворых праз з’яднанне з Хрыстом, павялічвае духоўныя даброты Божага Люду — гэта «эклезіяльная» ласка; Касцёл у супольнасці святых заступаецца малітвай за хворага, а хворы, са свайго боку, прычыняецца да святасці Касцёла і да духоўнага дабра ўсіх людзей, калі ахвяруецца праз Хрыста Богу Айцу;
- праз сакрамэнт намашчэння хворых дапаўняецца распачатая ў сакрамэнце хросту справа нашага прыпадабнення да таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста.
Хто можа атрымаць гэты сакрамэнт?
Сакрамэнт намашчэння хворых, як кажа Другі Ватыканскі Сабор, прызначаны не толькі для тых, хто знаходзіцца ў канчатковай небяспецы страты жыцця, але адпаведны час прыняць гэты сакрамэнт надыходзіць ужо тады, калі вернікам пачынае пагражаць небяспека смерці па прычыне хваробы або старасці (ККК, кан. 104). Хворы, канечне, павінен быць ахрышчаным вернікам.
Не патрабуецца ўпэўненасці ў цяжкай хваробе, хопіць толькі праўдападабенства такога стану. На выпадак сумненняў можна заўсёды запытаць лекара, які займаецца хворым. Абставінамі, якія апраўдваюць прыняцце гэтага сакрамэнту, будзе, напрыклад, блізкая хірургічная аперацыя, якая найчасцей звязана з небяспечнай хваробай або стратай жыцця. Можна таксама гэты сакрамэнт удзяляць дзецям да 7 гадоў. Гэта азначае, між іншым, што можна ўдзяляць гэты сакрамэнт яшчэ перад Першай св. Камуніяй.
Асобам састарэлага ўзросту можна ўдзяляць сакрамэнт хворых нават тады, калі адчуваюць сябе добра, г.зн. не хварэюць цяжка. Прызнаем, што сама старасць нясе з сабою небяспеку смерці.
Колькі разоў ці як часта можна прымаць сакрамэнт хворых?
Немагчыма, канечне, падаць адну лічбу, бо яна залежыць ад здароўя і частаты захворванняў дадзенай асобы. Заўсёды, калі існуе найменшая пагроза страты жыцця па прычыне нейкай хваробы, можна прыняць гэты сакрамэнт. Можа быць так, што на працягу адной хваробы стан хворага пагоршыўся, тады, хоць ён прыняў гэты сакрамэнт, можа зрабіць гэта яшчэ раз (СІС, кан. 1004).
Умовамі паўторнага прыняцця сакрамэнту намашчэння хворых будуць цяжкая хвароба, якая наступіла пасля папярэдняга выздараўлення, або пагаршэнне стану здароўя падчас трывання той жа хваробы, калі небяспека стала больш сур’ёзнай.
Тыя састарэлыя, стан здароўя якіх стабільны, не маюць неабходнасці паўтараць гэты сакрамэнт. Хіба што старэйшая асоба захварэе, тады абставіны разглядаюцца, як пры цяжка хворых.
Часам можна пачуць, што сакрамэнт намашчэння хворых называюць «апошнім намашчэннем». Ці правільна гэта?
Напэўна, няправільна, але са сведчэнняў нашых айцоў — шпітальных капеланаў — можна пачуць, што многія людзі гэты сакрамэнт звязваюць з непазбежнай смерцю. Калі прымуць гэты сакрамэнт, то абавязкова памруць. Баяцца смерці і адкладваюць прыняцце гэтага сакрамэнту. Трэба шмат цярплівасці, каб растлумачыць, што гэты сакрамэнт нясе паяднанне з Богам, аздараўленне духоўнае, а таксама фізічнае, калі на тое Божая воля.
У Сусветны дзень хворага сакрамэнт намашчэння ўдзяляецца ў касцёле. У чым спецыфіка такога набажэнства?
Спачатку трэба заўважыць, што ўсе сакрамэнты, якімі распараджаецца Касцёл, злучаны непасрэдна або пасрэдна з сакрамэнтам Эўхарыстыі — павінны да яе прывесці. Таму звычайнай практыкай Каталіцкага Касцёла з’яўляецца спалучэнне сакрамэнтаў: хросту, канфірмацыі, намашчэння хворых, сужэнства, святарства з Эўхарыстыяй. Гэта звычайная практыка. Аднак жа найчасцей хворыя і ляжачыя асобы не могуць прыбыць у касцёл, таму неабходна выходзіць да іх.
Калі рэч ідзе пра Сусветны дзень хворых, то з 13 мая 1992 года прызначаны асаблівы дзень памяці і малітвы за хворых. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ скіраваў заклік, каб адзін дзень у годзе скіраваць асаблівую ўвагу на тых, хто церпіць душой і целам. Выбраў гэтым днём 11 лютага — успамін Маці Божай з Люрд. У гэты дзень падчас святой Імшы, пасля гаміліі, павінен удзяляцца сакрамэнт намашчэння хворых усім прысутным хворым і людзям пажылога ўзросту.
Ці пашыраецца такім чынам пералік людзей, якія могуць атрымаць гэты сакрамэнт?
Хвілінку прызадумаўшыся, адкажу — так. У нейкім сэнсе «павялічваецца колькасць», бо прымаюць наогул усе старэйшыя людзі, якія прыходзяць у касцёл. Яны прымаюць гэты сакрамэнт раз на год, і такая практыка ўвайшла ў Касцёл. Аднак жа ўвесь час варта памятаць, што «пашыраюць пералік» прымаючых сакрамэнт хворых перш за ўсё тыя, хто раптоўна апынецца ў цяжкай хваробе або перад пагрозай смерці. Што неабходна падрыхтаваць перад прыходам святара?
Па
магчымасці, неабходна падрыхтаваць адпаведнае месца, дзе хворы зможа
ўдзельнічаць у літургічнай цэлебрацыі. Належыць паставіць стол, засланы
белым абрусам. Пасярэдзіне стала — размясціць крыж і дзве запаленыя
свечкі на падсвечніках па абодвух баках ад яго. Пажадана, каб была
асвячоная вада, крапіла і невялікая талерачка з двума або трыма
камочкамі ваты для святара, каб мог выцерці пальцы пасля намашчэння
алеем. (Варта нагадаць, што выкарыстаную вату належыць спаліць пасля
абраду, з пашаны да благаслаўленага алею). Усё павінна знаходзіцца з
боку стала так, каб у цэнтральнай яго частцы, калі ўдзяляецца св.
Камунія, можна было змясціць Найсвяцейшы Сакрамэнт.
Уся сям’я хворага, малітоўна засяроджаная, павінна чакаць прыходу святара.
Як выглядае сакрамэнт намашчэння хворых?
Пасля
прывітання з прысутнымі і хворым, святар, змясціўшы на стале
Найсвяцейшы Сакрамэнт, кленчыць перад Ім разам з прысутнымі. Затым
распачынае цэлебрацыю. Спачатку акрапляе асвячонай вадой хворага і, калі
гэта магчыма і неабходна, святар выслухоўвае сакрамэнтальную споведзь
хворага. Калі яе няма, наступае чын пакаяння, пасля якога чытаецца тэкст
Святога Пісання, пададзены ў Парадку намашчэння хворых. Святар чытае
малітву просьбы, пасля якой моўчкі ўскладвае рукі на галаву хворага.
Калі алей быў благаслаўлены раней, святар кажа малітву падзякі над
алеем. Затым святар бярэ святы алей і пазначае лоб і рукі хворага,
кажучы:
«Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую
міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога (прысутныя
адказваюць: Амэн). Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і
міласціва падтрымае (прысутныя адказваюць: Амэн).
Пасля кажа
адпаведную малітву і распачынаецца абрад святой Камуніі. Пасля кароткай
хвіліны цішыні святар завяршае цэлебрацыю адпаведнай малітвай і
літургічным благаслаўленнем хворага і ўсіх прысутных. Ці можа сям’я прасіць святара аб удзяленні сакрамэнту намашчэння хворых, калі хворы адмаўляецца, хоць з’яўляецца ахрышчаным?
Прасіць
можна, але святар адмовіцца. У адносінах з Богам пануе вольнасць і
любоў. Перш, чым пайсці да святара, родныя павінны заахвоціць хворага і
растлумачыць, дзеля чаго патрэбны гэты сакрамэнт. Калі пагадзіцца,
клікаць святара.
Святлана Жылевіч
|