15 жніўня — урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі |
Каляндар |
14.08.2012 11:43 |
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую Каталіцкі Касцёл адзначае 15 жніўня, з’явілася ў V ст. Праўда, Новы Запавет не згадвае аб апошніх днях жыцця, смерці і аб Унебаўзяцці Панны Марыі. Не існуе яе гробу або рэліквій, а асоба Маці Божай не звязваецца ні з якім канкрэтным месцам. Таямніца ўваходу Марыі на неба разам з целам і душой абвешчана дагматам веры 1 лістапада 1950 г. папам Піем ХІІ. Гэтую ўрачыстасць адзначае як Каталіцкі Касцёл на Захадзе, так і ўсходнія хрысціяне, у якіх яна называецца Успеннем Маці Божай. Унебаўзяцце з’яўляецца адной з галоўных урачыстасцяў на працягу літургічнага года. У Беларусі, як і ў многіх іншых краінах Еўропы, у гэты дзень у касцёлах асвячаюць плёны новага ўраджаю (дажынкавыя снапы, садавіну, гародніну), а таксама зёлкі і кветкі. |