14 жніўня 2011 г. у вёсцы Беліца быў асвячоны новапабудаваны касцёл святога Юрыя Мучаніка. Гісторыя парафіі бярэ свой пачатак з сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Парафія існуе тут прыкладна з 1550 г. Пры ўездзе ў вёску на старых могілках стаіць капліца Маці Божай Ружанцовай, якая доўгія часы была домам малітвы католікаў.
Будаўніцтва новага касцёла было распачата ў 1997 годзе.
Урачыстую літургію з нагоды асвячэння новапабудаванай святыні ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел святары, прадстаўнікі свецкіх улад, шматлікія вернікі і госці, якія прыбылі на гэтае свята.
Быў зачытаны ліст прывітання дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі. Таксама ў малітве злучаліся з пілігрымамі, якія ішлі да Маці Божай у Чэнстахове, з маладымі людзьмі, якія накіраваліся на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе, з усімі суайчыннікамі, якія дапамаглі пабудаваць касцёл. Многія не дажылі да гэтага радаснага моманту, як Джуліян Стоцкі з Ольштына, старшыня камітэта па будаўніцтву будынка на тэрыторыі Польшчы, але прысутнічаў яго сын, Эдзі Стоцкі. Яму і і некаторым актыўным удзельнікам узвядзення быў ўручаны Памятны медаль аб заканчэнні будаўніцтва і асвячэння касцёла. Такі медаль атрымалі і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, і пробашч парафіі ксёндз Валянцін.
У час Імшы ўзгадвалі былых святароў парафіі Святога Юрыя, дзякавалі Богу за новапабудаваны храм, маліліся ў інтэнцыі тых, хто духоўна і матэрыяльна прычыніўся да яго ўзвядзення.
Напрыканцы набажэнства для вернікаў і гасцей парафіі адбыўся канцэрт, у якім удзельнічалі хор і музычныя калектывы з Мінска і Мінскай вобласці.
Ала Невяровіч
|