Маленькія парафіяне ў Дзятлаве паказалі батлейку аб Нараджэнні Хрыста |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
13.01.2012 12:10 |
Свята Божага Нараджэння — самае радаснае. Мы ўспамінаем, як Пан Езус прыйшоў на зямлю, радуемся Яго Нараджэнню. Каб глыбей усвядоміць гэтую падзею, а таксама вялікую любоў Бога да чалавека, дзеці з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве падрыхтавалі батлейку аб Нараджэнні Збаўцы і паказалі яе ў сваім касцёле. Пастаноўка ў трох дзеях, у якой удзельнічалі 24 акцёры, распавядае аб тым, як Марыя і Юзаф прыйшлі ў Бэтлеем, дзе Марыя ў пячоры нарадзіла Езуса. Анёлы абвясцілі пастухам гэтую радасную навіну. Зорка прывяла трох мудрацоў, каб яны пакланіліся Дзіцяці. Раззлаваны Ірад хацеў знішчыць нованароджанае Дзіця, але ў яго гэта не атрымалася. 8 студзеня маленькія акцёры паказалі батлейку ў дзятлаўскім доме састарэлых, а дзеці з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку праспявалі калядныя песні, каб падзяліцца любоўю і шчасцем, якое нясе нараджэнне Збаўцы, з пажылымі, самотнымі і хворымі людзьмі. Таксама дзеці падрыхтавалі для насельнікаў дома састарэлых невялікія падарункі — самаробных анёлкаў і цукеркі. «Найвялікшай падзякай за пастаноўку і песні, — казалі дзеці, — была ўсмешка на тварах гэтых людзей!» Як казала Маці Тэрэза з Калькуты, Божае Нараджэнне прыходзіць тады, калі ты працягваеш іншаму сваю далонь і ўсміхаешся яму. |
Фотарэпартаж |