Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гродна: пра гісторыю фарбавання яек распавядзе выстава «Радасць Вялікадня»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.04.2012 10:32

Выстава «Радасць Вялікадня» пройдзе ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 6 красавіка ў 16 гадзін. Экспанаты паходзяць з розных куткоў свету і датаваны XIX-XX стст. Найстарэйшае яйка (XVIII ст.) зроблена з фарфору і мае выяву Іаана Багаслова.

Як паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі, яйкі на выставе зроблены з фарфору, дрэва, метала, шкла і інш. Ёсць таксама пісанкі і драпанкі, выкананыя ў мясцовых традыцыях.

Традыцыя фарбавання яек на Вялікдзень мае надзвычай даўнюю гісторыю. Сам факт фарбавання яек навукоўцы знайшлі ў рукапісе Х ст., і датычыць ён Свята-Анастасіеўскага манастыра каля Фесалонік (Грэцыя). У дакуменце на пергаменце прыводзіцца малітва асвячэння чырвоных яек.

Ёсць некалькі паданняў, як хрысціяне пачалі фарбаваць яйкі. Адно з самых старажытных звязана з Марыяй Магдаленай, якая пасля Уваскрасення Хрыста прыйшла да імператара Ціберыя ў Рым і прынесла яму ў падарунак чырвонае яйка (тады да імператара нельга было прыйсці без падарунка). Марыя Магдалена падала яйка са словамі «Хрыстус Уваскрос!» і пачала распавядаць пра свайго Настаўніка.

Больш распаўсюджанае паданне кажа, што яйка ў руках Марыі Магдалены спачатку было белым. Калі яна стала распавядаць пра свайго Настаўніка, Ціберый усклікнуў, што чалавек не можа ўваскрэснуць, як не можа гэтае белае яйка стаць чырвоным. Яйка ў руках жанчыны адразу ж зрабілася чырвоным, а Ціберый пасля прыняў хрост.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.