Пра традыцыю кірмашоў св. Дамініка і хрысціянскую любоў без межаў |
Душпастырства |
08.08.2012 10:44 |
Ці чулі вы пра кірмаш святога Дамініка? Дамініканскі кірмаш — гэта свята пад адкрытым небам. Гэта дзясяткі кіёскаў з рэгіянальнымі стравамі, мёдам, вырабамі народных майстроў і мастакоў, гэта шматлікія атракцыёны для дзяцей і канцэрты. Паўстае пытанне: як звязана гэтая свецкая падзея з дамініканамі і хто яны такія? Дамініканскі ордэн у 1216 у Францыі заснаваў іспанскі прапаведнік Дамінік дэ Гусман, літургічны ўспамін якога адзначаецца 8 жніўня. І ўжо 1227 годзе па ініцыятыве св. Яцэка, які быў вучнем самога святога Дамініка, быў заснаваны дамініканскі манастыр у Гданьску. У 1260 годзе ордэн дамініканаў атрымаў ад папы Аляксандра IV прывілей магчымасці атрымання адпусту на свята іх заснавальніка. Святкаванне звязалі з кірмашом. Самым старым і найбольш вядомым у Польшчы і адным з найбуйнейшых у Еўропе з’яўляецца кірмаш у Гданьску. Сёння такія кірмашы арганізоўваюць па ўсёй Польшчы. Цікава тое, што цяпер свята з’яўляецца не проста рэлігійнай урачыстасцю, у якой бяруць удзел толькі веруючыя, — гэта свята ўсяго горада. 5 жніўня мне пашчасціла прыняць удзел у кірмашы святога Дамініка ў маленькім мястэчку пад Беластокам Харошчы. Такая ярмарка праводзілася ў горадзе ўжо 23 раз. Ветлівыя людзі горада добра разумеюць нашу мову, але многія жывуць з пэўнай гістарычнай крыўдай у сэрцы. Адны хочуць вярнуць Польшчы тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, іншыя шукаюць прычын помсты за 1939 год, калі савецкая ўлада здрадзіла суседзям і зразумела толькі праз два гады, што Гітлер кепскі сябра. Але на самой справе такая мая думка пра палякаў — гэта таксама стэрэатып, толькі ўжо наш, беларускі. Маладыя людзі — і тут я маю на ўвазе не толькі тых, хто малады узростам, але і тых, хто малады сэрцам, — не прагнуць помсты, яны (мы) хочам сябраваць. І гэтая думка вельмі моцна прагучала са сцэны ў Харошчы, калі на сцэну запрасілі гурт «Patlis Band» з Мінска, які прыехаў сюды дзякуючы намаганням Яўгена Калодзіна і арганізатараў, культурна-грамадскай праграмы «Мост EU-BY». Любоў не мае межаў. Кожны чалавек створаны з Любові Таго, хто вышэй за стэрэатыпы і крыўды, Таго, хто не пабаяўся аддаць на смерць Сына дзеля нашага шчасця. І кожны чалавек, незалежна ад таго, верыць ён у Бога ці не, прагне любіць сам і адчуваць на сабе любоў іншых. Святы Дамінік казаў, што «сапраўдныя рэформы трэба пачынаць ад самога сябе». Ужо на пачатку Аляксандр Патліс паабяцаў, што той, хто будзе гучна дапагаць яму спяваць, атрымае дыск. І спявалі многія, але ўзнагарода дасталася Аляксандры Трыскуць, а яе муж Пётр падзяліўся са мной уражаннямі ад канцэрта. «Гэта выдатны гурт. Трэба было даволі доўга чакаць, пакуль яны рыхтавалі інструменты, але мы чакалі, таму што я адчуваў, што лідар хацеў, каб усё было ідэальна, каб заспяваць ад душы. Я вырашыў, што мы дачакаемся. Выступленне Patlis band аказалася цудам. І калі Аляксандр пачаў гаварыць пра любоў, якая не мае межаў, я захацеў яшчэ мацней, каб гэтых межаў не існавала. І я спадзяюся, што калі-небудзь так станецца. Аляксандр стаў анёлам са сваім пасланнем да жыхароў Харошча. Ён нагадаў мне Чэслава Нёмана, які нарадзіўся ў Васілішках, на Гродзеншчыне, увесь час ён спяваў пра каханне і не хацеў, каб межы раздзялялі людзей. Patlis band — вельмі добры гурт. Ад імя ўсёй супольнасці нашага горада хачу падзякаваць за цудоўную музыку, спеў і пасланне Аляксандра, якое сведчыць аб шырыні сэрца гэтага чалавека. Я дзякую таксама ўсім жыхарам Беларусі і з надзеяй чакаю таго дня, калі не будзе межаў між нашымі народамі, бо Любоў не мае межаў», — адзначыў слухач Пётр Трыскуць. Незабыўная атмасфера, поўная цеплыні і дабрыні ў летнім палацы «Park Residence Branickich» і разнастайнай музыкі, надоўга застанецца ў маім сэрцы. Людміла Бурлевіч |
Фотарэпартаж |