Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўтэнтычны абраз Езуса Міласэрнага ў часы ганенняў захоўваўся ў Беларусі. У Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася перэгрынацыя копіі абраза
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.06.2012 16:48

24 чэрвеня 2012 г. у Новай Рудзе адбылося завяршэнне перэгрынацыі копіі абраза Езуса Міласэрнага па Гродзенскай дыяцэзіі. Менавіта тут, у Новай Рудзе, у 1956–1986 гг. захоўваўся абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны ў 1934 г. мастаком Яўгенам Казіміроўскім паводле апісанняў містычных бачанняў св. Фаўстыны.

На малітоўную сустрэчу сабралася шмат людзей з ўсёй дыяцэзіі, каб перш за ўсё падзякаваць Езусу Міласэрнаму за ўсе дары, атрыманыя на працягу апошніх 20 гадоў.

У адзін голас кажучы «май міласэрнасць да нас і ўсяго свету», Касцёл Гродзеншчыны дзякаваў за свайго пастыра біскупа Аляксандра Кашкевіча — вялікага шанавальніка Езуса Міласэрнага, а таксама таго, хто зрабіў вялікі ўклад у пашырэнне культу гэтага абраза.

У той дзень не магло быць іначай: усё распачалося ад Вяночка да Божай Міласэрнасці, які праводзіў кс. прэлат Ежы Левінскі. Святар нагадаў словы, прамоўленыя некалі бл. Янам Паўлам ІІ: «Будзьце апосталамі Божай Міласэрнасці». Таксама нагадаў вернікам, што каб зведаць Божую Міласэрнасць, найперш трэба перапрасіць Бога за ўсе свае грахі. Казаў пра вялікую моц малітвы да Божай Міласэрнасці. Заахвоціў да апостальства, якім, паводле св. сястры Фаўстыны, з’яўляецца нішто іншае, як добры ўчынак, добрыя словы падтрымкі і малітва.

Затым а. доктар Анджэй Шчупал CSsR, пробашч парафіі ў Новай Рудзе, нагадаў гісторыю абраза Езуса Міласэрнага — ад яго стварэння да сённяшніх часоў. Гэты абраз на працягу 30 гадоў захоўваўся ў наварудскай парафіі (1956–1986). Гэты цудоўны абраз, як добра сказаў а. Шчупал, падобна Езусу, які 30 гадоў вёў укрытае жыццё ў Назарэце, быў укрыты ў цяжкія часы для Касцёла ў адной з найменшых парафій Гродзенскай дыцяэзіі.

Урачыстую Імшу ў прысутнасці шматлікіх святароў, сясцёр законных, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і вернікаў цэлебраваў біскуп Кашкевіч і маліўся, каб кожны з яго паствы быў апосталам Божай Міласэрнасці.

Гамілію прамовіў а. Юзаф Гэнза CSsR, рэктар супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў у Беларусі. Святар заахвочваў вернікаў давяраць Богу ў кожным жыццёвым здарэнні: «Бог прысутнічае ў кожным здарэнні нашага жыцця — гэта хрысціянская навіна, якая датычыць нас усіх». Айцец рэдэмптарыст таксама заклікаў да падзякі за гэтае месца, якое Езус Міласэрны сам абраў і асвяціў сваёю прысутнасцю.

На заканчэнне св. Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам біскуп Гродзенскі даверыў Езусу Міласэрнаму ўсіх вернікаў дыяцэзіі, прачытаўшы акт аддання.

«Так склалася, што ў літургічную ўрачыстасць св. Яна Хрысціцеля заканчваецца пілігрымаванне копіі цудоўнага абраза Езуса Міласэрнага ў нашай дыяцэзіі. Так, як Ян Хрысціцель раўняў і падрыхтоўваў дарогі чалавечых сэрцаў на прыйсце Пана, так і нашы вернікі разам са святарамі і сёстрамі законнымі выходзілі з чыстым сэрцам да Езуса Міласэрнага і шчыра ўсклікалі: Езус, давяраем ад Табе, ад самага дзяцінства», — казаў біскуп Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці ў Новай Рудзе.

Іерарх заклікаў маліцца аб Божай Міласэрнасці з глыбіні сэрцаў, можа, поўных цярпення, непакою, сумнення, але якія шукаюць сапраўднай крыніцы надзеі, супакою і аптымізму.

Падсумоўваючы два гады перэгрынацыі, біскуп Кашкевіч нагадаў пасланне, якое зыходзіць з усіх наведванняў касцёлаў і капліц: «Не будзем баяцца злога духа. Не будзем паддавацца сусветнай модзе жыцця. Наша надзея ў міласэрнасці Пана. Будзем людзьмі Евангелля і будзем жыць паводле Божых запаведзяў. Няхай у нашых сем’ях будзе штодзённая малітва… Молімся аб вернасці і вытрываласці ў святарскім і законным пакліканні. Молімся аб лучнасці і вернасці сужэнцаў і перадачы новага жыцця».

Пасля літургіі шанавальнікі касцёльнай музыкі маглі паслухаць спеў хору гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля «Vox Domini». Таксама прагучалі творы ў выкананні аркестра музычнай школы ў Парэччы пад кіраўніцтвам Валерыя Сака і Пятра Мазюка.

Дзякуем Богу за час перэгрынацыі. Езус Міласэрны наведаў усе парафіяльныя супольнасці, капліцы, гарады і вёскі. Няхай жа гэтае маленне аб міласэрнасці для нас і ўсяго свету і надалей гучыць у кожным доме, супольнасці, сям’і, а Езус Міласэрны, спаглядаючы на народ верны, няхай благаслаўляе і ўдзяляе ўсім сваім шанавальнікам патрэбныя ласкі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.