У пілігрымцы пачынаеш цаніць тое, што маеш |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
23.07.2012 12:16 |
Не ўзіраючы на спякотнае сонца, збітыя ногі і яшчэ незагоеныя мазалі ад будслаўскіх пілігрымак, трэці раз адбылася шасцідзённая пешая пілігрымка з Мінска ў Гудагай, дзе 16 ліпеня адзначаецца ўспамін Маці Божай з гары Кармэль. У гэтым годзе пілігрымка налічвала 29 чалавек, а кіраваў ёю а. Юрый Находка OCD. Наш шлях пралягаў праз Ракаў, Доры, Забрэззе, Крэва, Ашмяны. Начлег мелі заўсёды ў вельмі добрых і гасцінных людзей. На жаль, на наступны год наш маршрут будзе трошкі зменены (Ракаў, Пяршаі, Вішнева, Гальшаны, Ашмяны) з-за таго, што колькасць пілігрымаў расце, а насельніцтва вёсак старэе і змяншаецца. Прыкметнай адзнакай нашай пілігрымкі было тое, што ўсе мы былі як адна сям’я. На пяты дзень нават з’явіўся смутак, што заўтра ўсё скончыцца і мы павінны будзем раз’ехацца. Вось водгук Аляксея Ёдка: «Ад гэтай пілігрымкі я атрымаў зразуменне сэнсу інтэнцыі, з якою ідзеш, і яе неабходнасці, бо без гэтага пілігрымка здаецца марнай. Адчуў „аптымізм“ каталіцтва, як сказаў а. Сяргей, калі ўсё, што здараецца, можна лічыць Божай ласкай: ці дождж, ці сонца, ці мазалі, ці боль у нагах, ці адсутнасць вячэры і гэтак далей. А ўвогуле, прынамсі мне, было цяжкавата, хоць і адносна няшмат праходзілі кіламетраў за дзень. Інтэнцыя хіба давіла на плечы. Але было файна». Сапраўды, інтэнцыя ў пілігрымцы вельмі важная. За маёй спіной ужо шмат пілігрымак, і таму магу з упэўненасцю сказаць, што тое, як перажывеш час пілігрымкі, залежыць ад інтэнцыі і намеру. Калі маеш інтэнцыю, то кожны мазоль і кожнае цярпенне прымаеш толькі як знак таго, што Пан Бог чуе тваю малітву. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, калі нешта шыла, гаварыла: «Няхай кожны сцяжок будзе як ахвяра за душы, церпячыя ў чыстцы». Калі я пачала жыць па яе прыкладу, то адчула, што кожнае цярпенне мае сэнс. А тым больш падчас пілігрымкі, калі гэтых цярпенняў шмат. Час пілігрымкі — гэта таксама час, калі Пан Бог прамаўляе да нас праз людзей, неаднойчы вельмі дзіўным чынам. У пілігрымцы разумееш, што для жыцця і сапраўднага шчасця не патрэбна шмат, і пачынаеш цаніць тое, што маеш. Святлана Жэрка |
Фотарэпартаж |