Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл у Міжэрычах святкаваў 100-годдзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.10.2012 11:08

21 кастрычніка вернікі парафіі Абвяшчэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міжэрычах дзякавалі Богу за дар парафіяльнай святыні, якая сёлета адзначае 100-годдзе. Урачыстую літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку набажэнства іерарха прывіталі вернікі, якія шмат працы прыклалі да падрыхтоўкі гэтага свята. Для сустрэчы госця была падрыхтавана прыгожа аздобленая кветкамі, нібы жывы дыван, алея.

У літургіі ўдзельнічалі дэкан Зэльвенскага дэканату кс. Яцэк Маркель і а. Ян Банькоўскі, які 20 гадоў працаваў у міжэрыцкай парафіі, прыкладваючы шмат намаганняў як у адбудову матэрыяльнага касцёла, так і ў стварэнне духоўнай супольнасці. За ўклад у развіццё Касцёла і ахвярную працу ў парафіі а. Банькоўскі ў гэты дзень атрымаў спецыяльную папскую адзнаку — крыж «Pro Ecclesia et Pontifice». Гэта важная адзнака Касцёла, якой узнагароджваюцца духоўныя і свецкія асобы. Яна была ўведзена папам Львом ХІІІ у 1888 г. і прысуджаецца Папам за вялікі ўклад на карысць супольнага дабра.

Гамілію прамовіў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Па словах святара, «Касцёл — гэта не толькі сцены, цэгла і бетон, але Касцёлам з’яўляемся мы — люд верны, які стварае і штодзённа ўзводзіць гэты будынак».

Асновай Касцёла, як адзначыў кс. Дабраловіч, з’яўляецца вера, а людзі — яго цагліны і сцены. Каб «цагліны трымаліся ў сцяне, патрэбны бетон», а ў Касцёле «гэтым бетонам з’яўляецца наша малітва».

«Каб усё трымалася, каб будынак быў трывалым і мог цешыць вочы людзей шмат гадоў і стагоддзяў, патрэбны дах, — працягваў святар. — Дах у Касцёле — гэта Божае благаслаўленне, якое суправаджае чалавека».

Ксёндз Дабраловіч узгадаў таксама гісторыю святыні ў Міжэрычах. Будаўніцтва касцёла распачалося ў 1907 годзе. У 1936 г. ксёндз канонік Тарасевіч урачыста кансэкраваў святыню. У часы ваяўнічага атэізму храм быў гаражом для трактароў. У 1989 г. касцёл вярнулі вернікам. У святыні знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Міжэрыцкай.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч напрыканцы Імшы падзякаваў Богу за дар гэтай парафіяльнай святыні. Таксама іерарх выказаў падзяку вернікам за тое, што яны збераглі касцёл ад знішчэння, а найперш за тое, што захавалі сваю веру і надалей жадаюць вучыцца жывой веры ў сваёй парафіі.

Пробашч парафіі кс. Дзяніс Шмыгін падзякаваў усім удзельнікам юбілейнай урачыстасці і выказаў надзею, што і далей будзе разам з парафіянамі ўзносіць гэтую святыню.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.