Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Элцкі Ежы Мазур на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе: «Эўхарыстыя мае апостальскае і місіянерскае вымярэнні»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.05.2016 15:03

«Эўхарыстыя — самы цудоўны падарунак Касцёла. Яна нясе ў сабе моцны заклік ісці за Хрыстом і прапаведаваць Яго пасланне аб выратаванні тым, хто яшчэ яго не ведае», — сказаў у ранішнім дакладзе на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе ў Гродне 25 мая біскуп Элцкі Ежы Мазур.

У сваім дакладзе біскуп падкрэсліў вялікую ролю Эўхарыстыі як духоўнай падтрымкі ў місіянерскай справе Касцёла.

«Мэтай Эўхарыстыі з’яўляецца асабістая сустрэча кожнага чалавека з Езусам Хрыстом, жывым, прысутным у таямніцы Яго Цела і Крыві, якія Касцёл прыносіць як хлеб для жыцця свету. Хрыстус запрашае да свайго стала ўсе народы і для выратавання ўсіх прыносіць сябе ў ахвяру», — заўважыў біскуп Элцкі.

Замежны госць таксама падкрэсліў, што Эўхарыстыя і місія непадзельныя паміж сабой. «Супольнасць Касцёла будуецца на Эўхарыстыі», — адзначыў іерарх.

Біскуп Элцкі дадаў, што Эўхарыстыя ўмацоўвае місіянераў у іх служэнні і прапаведванні Божага слова тым народам, якія яшчэ не ведаюць Хрыста.

Дакладчык прывёў у прыклад польскіх мучанікаў з Перу, святароў-францішканаў Збігнева Стшалкоўскага і Міхала Тамашака, якім Эўхарыстыя дапамагала мужна сведчыць пра Хрыста аж да смерці.

Эўхарыстыя, па словах іерарха, з’яўляецца «жывым сэрцам місіі, евангелізацыі», таму кожны, хто выходзіць з Эўхарыстыі, становіцца сведкам. «Той, хто сустракае Хрыста ў Эўхарыстыі, не можа не абвяшчаць Яго сваім жыццём», — заўважыў іерарх.

Біскуп Ежы Мазур сам з’яўляецца місіянерам, некаторы час працаваў на місіях у Сібіры. Там, паводле расповедаў іерарха, даводзілася практычна з нуля аднаўляць мясцовы Касцёл.

Часта здаралася так, што нешматлікія святары пераадольвалі вялікія адлегласці, каб адслужыць святую Імшу, на якую прыходзіла толькі 10-15 чалавек, але «ўсведамленне таго, што гэтыя людзі патрабуюць Эўхарыстыі»,  дапамагала біскупу Ежы Мазуру і многім іншым святарам не спыняцца ў прапаведванні.

«Эўхарыстыя – гэта таксама школа дыялогу і павагі годнасці іншых людзей, іх каштоўнасцяў. Місіянеры вучацца ў гэтай школе распазнаваць зерне ісціны, дабрыні і прыгажосці, якія, дзякуючы дзеянню Святога Духа, знаходзяцца ва ўсіх культурах», — сказаў іерарх.

«Каб мы маглі эфектыўна прапаведаваць Евангелле ў сучасным свеце, давайце будзем падтрымліваць пастаянную сувязь з Хрыстом у Эўхарыстыі, будзем паслухмяна ісці за Ім і старацца быць падобным да Яго, і такім чынам мы падрыхтуем сябе да годнага адказу на місіянерскі заклік», — заахвоціў удзельнікаў кангрэсу біскуп Ежы Мазур.

Марына Валасар,
фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.