Адной з цэнтральных тэм Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў другі
дзень яго працы стаў даклад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа
Тадэвуша Кандрусевіча, прысвечаны адраджэнню Каталіцкага Касцёла ў
Беларусі. У сваім выступленні старшыня беларускага епіскапату падрабязна распавёў пра асобныя перыяды гісторыі хрысціянства на беларускіх землях, прасочваючы шлях станаўлення і развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Іерарх вельмі эмацыйна прадставіў старонкі станаўлення каталіцкіх структур у нашай краіне, з уласнага вопыту ілюструючы цяжкасці, з якімі сутыкаўся Касцёл у Беларусі ў атэістычны час.
«Само хрысціянства, як і Каталіцкі Касцёл у нашай краіне, існуюць ужо больш за тысячу гадоў. Яго гісторыя няпростая, бо гэта гісторыя росквіту i адначасова гісторыя жорсткіх ганенняў, — адзначыў Мітрапаліт. — Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на пераследы веры ў царскія часы i часы атэістычнага рэжыму, які панаваў на ўсходзе Беларусi цэлыя тры пакаленні, а на захадзе – каля двух».
«Здавалася, што Касцёл ужо не адновіцца»
«Часамі здавалася, што Касцёл ужо ніколі не адродзіцца і ніколі на нашай зямлі не будзе абвяшчацца Евангелле, на вежах касцёлаў не зазвоняць званы, а дзецi не пазнаюць вечна жывой Божай праўды», — прыгадваючы савецкія часы, сказаў арцыбіскуп.
«Але тое, што не магчыма чалавеку, становіцца магчымым Богу, чаго сведкамі i ўдзельнікамі мы з’яўляемся», — падкрэсліў іерарх. Прыгадваючы часы забароны веры, Мітрапаліт дадаў, што і да яго радзімы — Адэльска — «даходзілі чуткі пра арыштаваных святароў».
«У тыя часы нават была такая прыказка: “Дайце нам святара, а артыкул мы знойдзем”, — працягваў арцыпастыр. — Часам нельга знайсці рацыянальнага тлумачэння дзейнасці аслепленых атэістычнай ідэалогіяй уладаў. Бо калі ім не падабалася дзейнасць Касцёла і яны канфіскоўвалі і зачынялі касцёлы, перараблялі іх у клубы і фабрыкі, то нашто ж трэба было іх руйнаваць?»
Цалкам тэкст даклада тут››
«Добра памятаю той дзень глыбокай восенню 21 лістапада 1961 г. Я ехаў на аўтобусе ў школу (…), калі, праязджаючы Савецкую плошчу, нехта сказаў: “Все, костела нет”», — нагадваючы гісторыю знішчэння Фары Вітаўта, адзначыў Мітрапаліт. «Усе зразумелі, аб чым ішла гаворка, бо ў горадзе пэўны час былі чуткі аб тым, што ўлады хочуць узарваць гэты касцёл. Пасля школы я пайшоў на плошчу і ўбачыў руіны разбуранай святыні. Вакол стаялі людзі і плакалі, а ў вушах гучалі словы: “Все, костела нет”. Гэта была сапраўдная духоўная i адначасова культурная катастрофа», — дадаў іерарх.
Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, нягледзячы на такiя абставіны, дзякуючы старэйшаму пакаленню, народнай пабожнасці і нешматлікім святарам, якія «дваіліся і траіліся, каб толькі абслужыць вернікаў», вера засталася. Іерарх прыгадаў момант стварэння Гродзенскай дыяцэзіі, калі на звычайным стале ў яго кватэры на карце Беларусі ад рукі акрэслівалі межы новай дыяцэзіі: у выніку ў 1991 годзе ў яе склад увайшло 119 парафій з Віленскай архідыяцэзіі, 4 – з Пінскай дыяцэзіі і 7 – з Ламжынскай, усяго 130. А колькасць касцёлаў тады дасягала 85.
«Пачалі спаўняцца словы Евангелля паводле Яна, што цемра не агарнула Божага святла, яно прабілася праз цёмныя хмары атэізму, каб асвятліць людзей Божай праўдай, — заўважыў арцыпастыр. — Схаваная ў падземных катакомбах рака веры вырвалася наверх, каб утаймаваць духоўную смагу людзей і паіць іх ажыўляючай душу Божай ласкай.
«Успамінаючы словы чалавека, які ў далёкім 1961 г. у аўтобусе на Савецкай плошчы сказаў: "Все, костела нет", трэба сказать: “Нет, он есть!” Ёсць i будзе, бо збудаваны на Пятры, як кажа Хрыстус, i брамы пекла яго не перамогуць!» – заключыў іерарх. Паводле слоў арцыбіскупа, заходняя частка Беларусi з'яўляецца найбольш каталіцкай у краіне: «Гістарычна тут заўсёды было шмат католікаў. Важнае значэнне мае i той факт, што пераслед веры на Гродзеншчыне працягваўся не тры, а два пакаленні. Падчас яго тут было найбольш дзеючых касцёлаў i працавала асноўная колькасць святароў. Усё гэта дазволіла, нават ва ўмовах пераследу веры, захаваць яе больш жывой».
Мітрапаліт адзначыў, што аднаўленне каталіцкіх структур у Беларусі і 25-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі з'яўляюцца пацвярджэннем таго, «што Бог прысутны на гэтай зямлі».
«Выказваю надзею, што новы час, у які уваходзяць Касцёл у Беларусі, стане часам яшчэ больш дынамічнага яго развіцця i служэння людзям.
У новы час з новай надзеяй, гродзенскі Касцёл. I няхай табе благаславіць Бог. Як магутны Нёман нясе свае воды, таксама i ты нясі святло Евангелля сучаснаму свету, каб у пераменлівым яго лёсе заўсёды паказваў надзвычайнасць міласэрнага i вечнага Бога i вёў людзей да Яго!», — пажадаў арцыпастыр.
Запісаў Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага
|