25 мая ў гарадскім Доме культуры ў Гродне прайшоў вечаровы канцэрт з
нагоды 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Гледачамі канцэрта
сталі біскупы, святары, законныя сёстры, вернікі гродзенскіх парафій і
ганаровыя госці, большасць з якіх з’яўляюцца ўдзельнікамі Нацыянальнага
эўхарыстычнага кангрэса.

У іх ліку былі папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Марынко Антолавіч, пастар Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, протаіерэй Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Аляксандр Хомбак, прадстаўнікі мясцовых уладаў.
Адным з цэнтральных момантаў канцэрта сталі віншаванні гасцей для біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з 25-годдзем біскупскай сакры і 25-й гадавінай заснавання дыяцэзіі. 
Гродзенская дыяцэзія як знак абнаўлення Каталіцкага Касцёла
Вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр Кашкевіч прызнаўся, што адчувае гонар, што на беларускай зямлі ў міры суіснуюць прадстаўнікі розных выравызнанняў.
«Усіх нас лучаць вера, надзея і любоў да Бога, павага да кожнага чалавека, у якім бачым брата, — сказаў іерарх. — Я перакананы ў тым, што адраджэнне рэлігійнага жыцця на Гродзеншчыне дае магчымасць будаваць грамадскія адносіны на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў».
Вечар адкрываў пластычны спектакль, у якім праз танец і музыку была прадстаўлена гісторыя Гродзенскай дыяцэзіі праз прызму Касцёла ў Беларусі. У фінале маляўнічага шоў біскупу Аляксандру Кашкевічу быў уручаны сімвалічны скрутак з булай Папы Яна Паўла ІІ аб заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі. 
Гродзенскі ардынарый, як галоўны юбіляр урачыстасці, прымаў у гэты вечар не адно віншаванне, якое па чарзе складалі запрошаныя госці.
Адным з першых біскупа павіншаваў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Гуляка. У сваім звароце на беларускай мове Уладзімір Гуляка падкрэсліў, што Касцёл у нашай краіне з’яўляецца неад’емнай часткай культуры беларускага народа, адыгрываючы «значную ролю ў распаўсюджванні ідэалаў міласэрнасці і чалавекалюбства, узбагачаючы культурную палітру Беларусі».
Упаўнаважаны дадаў, што стварэнне Гродзенскай дыяцэзіі стала знакам абнаўлення Каталіцкага Касцёла.

«Няхай і надалей Рыма-Каталіцкі Касцёл дапамагае ўсведамляць сваю існасць, спрыяе міжканфесійнаму дыялогу, адпавядаючы адвечнаму прынцыпу талерантнасці беларускай зямлі», — заключыў Леанід Гуляка.
«Гісторыю Гродзенскай вобласці нельга ўявіць без Каталіцкага Касцёла»
Пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, віншуючы біскупа з 25-годдзем сакры і 40-годдзем прэзбітэрскага пасвячэння, падзякаваў яму за апеку і веру жыхароў Гродзеншчыны, многія з якіх, паводле слоў пасла, з’яўляюцца палякамі.
«Гісторыю Гродна і вобласці нельга ўявіць без Каталіцкага Касцёла ў краі», — падкрэсліў дыпламат.
Асобнае віншаванне біскупу праз протаіерэя Аляксандра Хомбака скіраваў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. «Ваша дыяцэзія — вобраз хрысціянскага служэння ў сучасным свеце. Калі хрысціянскі подзвіг становіцца зместам жыцця народаў, то і свет змяняецца, — адзначыў праваслаўны іерарх. — Няхай жа нашы зносіны і надалей будуць мірнымі, а супрацоўніцтва плённым».
Пастар Лютэранскай Царквы ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, звяртаючыся да біскупа Кашкевіча, падзякаваў яму за ўклад у сяброўскія адносіны паміж канфесіямі на Гродзеншчыне і адзначыў: «Мы з вамі — цела Хрыстова». «Сёння мы павінны быць разам з вамі і таксама радавацца за вас», — заключыў пастар.
Акрамя цёплых слоў віншавання, Гродзенскі ардынарый атрымаў у гэты вечар два абразы: ікону, прэзентаваную праз архіепіскапа Арцемія, і ікону Святых Кірыла і Мятода, якую ў знак пашаны юбіляру перадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.  Ісці дарогай Хрыста
Вельмі вобразным атрымалася віншаванне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які завяршаў віншаванні гасцей канцэрта. «Мы прайшлі буру атэізму, але сутыкнуліся з новым выклікам, калі чалавек, жывучы ў свабодзе выравызнання, дабравольна адыходзіць ад веры», — дадаў іерарх.
«У жыцці бывае шмат духоўных кіраўнікоў, але не пры кожным з іх застаюцца людзі, каб пісаць “доктарскую” свайго жыцця. Хай праз цябе людзі будуць ісці дарогай, якая прывядзе іх да Хрыста», — заключыў Мітрапаліт, звяртаючыся да гродзенскага ардынарыя. 
Працяг вечара суправаджаўся вакальнымі выступленнямі хораў «Vox Domini» і «Cantate Domino», якія выконвалі для прысутных творы беларускіх і польскіх аўтараў. Таксама быў зачытаны кароткі нарыс станаўлення Гродзенскай дыяцэзіі.

На завяршэнне вечара гродзенскі ардынарый і папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі ўдзялілі гасцям пастырскае благаслаўленне.
«Я жадаю беларусам, каб іх краю заўсёды спадарожнічала праўда і любоў», — заключыў польскі іерарх. 
Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай
|