Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску распачаўся кінафестываль хрысціянскага кіно «Magnifiсat»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.09.2011 13:31

«У добры шлях, „Magnifiсat“», — такімі словамі распачаў 6 верасня 2011 г. адкрыццё VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм яго старшыня Юрый Гарулёў. У першы дзень конкурсны прагляд фільмаў адбудзецца ў Мінску, а з 7 па 10 верасня — у гарадах і мястэчках Віцебскай вобласці.

Фестываль праходзіць ужо ў сёмы раз, але толькі другі год ён распачынаецца ў Мінску. Сёлета, па словах Юрыя Гарулёва, за перамогу будуць змагацца каля 40 дакументальных і анімацыйных фільмаў з 13 краін свету (Арменіі, Беларусі, ЗША, Літвы, Ізраіля (упершыню), Іспаніі, Італіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Францыі і Чэхіі.

Па добрай традыцыі фестываль (які носіць міжканфесійны характар) распачаўся з малітвы. Святую Імшу ў мінскай архікатэдры ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Распачынаем літургіяй, просячы Пана, каб на экранах нашых кінатэатраў, тэлевізараў, на старонках часопісаў і газет, былі добрыя праграмы, якія б спрыялі духоўнаму развіццю чалавека. Просім таксама аб Божым благаслаўленні для гэтай ініцыятывы», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч на пачатку Імшы.

Паводле даных, якія прывёў Мітрапаліт, у сярэднестатыстычным амерыканскім доме тэлевізар працуе больш за 7 гадзін у дзень, так што ў 70-гадовым узросце сярэдні амерыканец правядзе ад 7 да 10 гадоў перад тэлевізарам. Але, як заўважыў іерарх, нават не так важна колькі гадзін малады чалавек праводзіць за тэлевізарам ці камп’ютарам, але важна што ён там чуе і бачыць. І звычайна, на жаль, каштоўнасці, якія фарміруюцца праз сям’ю, Касцёл і школу, замяняюцца тымі, што прапаноўваюць СМІ.

Таму, як адзначыў у гаміліі арцыпастыр, заданнем кінафестывалю «Magnifiсat» і ўсіх рэлігійных СМІ з’яўляецца прапаганда хрысціянскіх каштоўнасцяў. Яны павінны быць знакам супрацьпастаўлення каштоўнасцям сучаснага свету, павінны абвяшчаць слова Божае і такім чынам змяняць стыль жыцця.

«Мы бачым, што Касцёл не можа сёння справіцца з распаўсюджваннем антыхрысціянскіх, можна сказаць, ілжэкаштоўнасцяў без выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі. Думаю, што чарговы фестываль „Magnifiсat“ павінен стаць яшчэ адным крокам да папулярызацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў праз такую даступную форму мастацтва, якой з’яўляецца кіно, тэлебачанне, Інтэрнэт і іншыя СМІ. Спадзяюся, што фестываль дапаможа многім задумацца над сэнсам жыцця», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Сёння конкурсны прагляд распачнецца а 15-й гадзіне ў Чырвоным касцёле, а заўтра накіруецца ў Глыбокае. Азнаёміцца з працамі-канкурсантамі і праграмай фестывалю можна на сайце www.signis.by.

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» існуе пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ля яго вытокаў стаялі таксама Віцебская дыяцэзія, часопіс «Дыялог» на чале з братам Корнэлем Консэкам SVD і УП «Стоп-кадр».

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме