Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу св. Антонія на магілёўскіх могілках
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.12.2012 11:48

9 снежня раніцай у рамках свайго візіту ў Магілёў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў пасля рамонту капліцу св. Антонія на могілках і алтар. Звяртаючыся да ўдзельнікаў набажэнства, іерарх узгадаў падзею 23-гадовай даўніны — калі капліца была перададзена вернікам і асвечана.

Мітрапаліт распавёў пра цікавыя акалічнасці таго часу. Напярэдадні асвячэння ён сустракаўся з прадстаўнікамі ўлады ў Доме ўраду ў Мінску, дзе вырашаў пытанне перадачы Чырвонага касцёла вернікам. Гэта была вельмі складаная справа. Вернікі кожны дзень маліліся на ружанцы каля касцёла. Даведаўшыся, што Мітрапаліт сустрэнецца з уладамі, яны падышлі да Дома ўраду і пачалі спяваць калядку: «Бог нараджаецца — моц распадаецца».

Пасля сустрэчы з уладамі і потым з вернікамі Мітрапаліт разам з кс. Казімерам Жылісам выехаў у Магілёў. Было позна, падаў снег, часам была мяцеліца. Як аказалася, адрас капліцы забыліся ў Гродне. Арцыбіскуп Кандрусевіч вырашыў ехаць і па дарозе пытацца ў людзей, дзе могілкі і капліца. Каля 23 гадзін прыехалі ў Магілёў. Дзве жанчыны, што ішлі па амаль пустой вуліцы, сказалі, як туды даехаць, і дадалі, што заўтра там будзе біскуп, — аб гэтым яны пачулі па радыё.

У капліцы свяціліся вокны, і законніцы давезлі Мітрапаліта дамоў. Якое ж было здзіўленне, калі сястра ўкленчыла перад шафай. У адказ на пытанне арцыбіскупа Кандрусевіча яна адчыніла шафу і паказала табэрнакулюм. У часы ганенняў на Касцёл у Магілёў час ад часу прыязджаў святар і ў сясцёр цэлебраваў Імшу. Такім чынам на берагах Дняпра таксама, хаця і ва ўкрыцці ў сціплым доме сясцёр анэлянак, знаходзіўся Эўхарыстычны Езус.

Асвячэнне капліцы адбылося 25 лістапада 1989 г. З-за вельмі вялікага натоўпу людзей Імша праходзіла на вуліцы пры 18-градусным марозе. Вернікаў было так шмат, што яны стаялі ад капліцы аж да брамы могілак. Прысутнічаў і праваслаўны архіепіскап Максім, які цёпла павіншаваў католікаў з гэтай падзеяй.

Мітрапаліт Кандрусевіч узгадаў таксама эпізод, калі падчас гаміліі людзі пачалі крычаць, што не бачаць біскупа і не чуюць яго. Тады нехта прынёс табурэтку, і іерарх прамаўляў з яе. Энтузіязм людзей быў вельмі вялікі, бо яны ізноў атрымалі надзею на тое, што свае духоўныя патрэбы будуць задавальняць на вызначаным месцы.

Як дадаў арцыпастыр, гэта ўжо мінулае, якое ўпісалася ў гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Магілёве. Капліца стала першым афіцыйным месцам спаткання чалавека з Богам у горадзе над Дняпром.

Сёння ў ёй збіраюцца вернікі парафіі Св. Казіміра і св. Ядзвігі, якой духоўна апякуюцца айцы дамініканцы. Гэта месца, дзе абвяшчаецца слова Божае, дзе цэлебруюцца сакрамэнты — бачныя знакі Божай ласкі, і дзе будуецца парафіяльная супольнасць — Касцёл як народ Божы. Вельмі сімвалічна, адзначыў арцыбіскуп, што гэтая капліца знаходзіцца сярод магілаў святароў і вернікаў: менавіта гэтыя могілкі з’яўляюцца сведчаннем таго, што Магілёў і Магілёўшчына маюць глыбокія хрысціянскія і каталіцкія карані і традыцыю. Яны, як падкрэсліў іерарх, нагадваюць пра фундамент Касцёла на гэтай зямлі, пра тое, што тут вера была распаўсюджана настолькі, што вернікі, нягледзячы на ганенні, яе захавалі.

«У наш час, калі свет перажывае крызіс веры, нам неабходна вярнуцца да нашых каранёў, да сведчання нашых продкаў, як адной з крыніц новай евангелізацыі, — сказаў Мітрапаліт. — Гэтаму павінна служыць капліца і новы алтар, на якім будзе складацца Богу самая дасканалая ахвяра — Эўхарыстыя».

Арцыпастыр падзякаваў айцам дамініканцам за іх служэнне і клопат аб належным стане капліцы, а таксама павіншаваў вернікаў з надыходзячым святам Божага Нараджэння і пасля Імшы падзяліўся з імі аплаткам.

Цікава і тое, што сярод вітаючых Мітрапаліта была жанчына, якой падчас той памятнай падзеі асвячэння каліцы ў Магілёве ў 1989 г. ён падарыў Святое Пісанне. На тыя часы гэта быў вельмі каштоўны падарунак.

Перад асвячэннем капліцы вернікі прыклалі нямала сілаў і шмат маліліся, каб аднавіць пашкоджаную пажарам капліцу. І ўрэшце, калі працы скончыліся, прыйшоў час адрадзіць эўхарыстычнае жыццё парафіі.

9 снежня ў капліцу св. Антонія прыбыла ў межах перэгрынацыі і копія абраза Маці Божай Будслаўскай. Як адзначыў пробашч парафіі а. Роман Шульц ОР: «Марыя, Ты ёсць з намі ў нашых смутках і радасцях, даючы нам заўсёды прыклад адважнай веры!» Лучнасць Маці Божай, арцыбіскупа, вернікаў з Віцебска і іншых гасцей стварыла сапраўды ўрачысты настрой і малітоўнае чуванне ў сэрцы кожнага парафіяніна.

Пасля Імшы копія абраза была вывезена ў Віцебск, дзе ў 15 гадзін прыбыла ў катэдру.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме