13–15 студзеня 2012 г. у капліцы парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Магілёве адбыліся фармацыйныя трохдзённыя рэкалекцыі супольнасці «Хатні Касцёл» на тэму «Хрысціянская духоўнасць у прытчах айцоў-пустэльнікаў».
Падрыхтавалі і правялі гэтыя духоўныя практыкаванні кс. Павел Шылак, пробашч парафіі ў Крычаве, дыяцэзіяльны мадэратар супольнасці, і сям’я Латушкіных з Магілёва, аніматарская дыяцэзіяльная пара.
Падчас рэкалекцый сем’і з Мінска і Магілёва разам маліліся, слухалі і разважалі над Божым словам, удзельнічалі ў канферэнцыях і школе малітвы, спявалі і адпачывалі.
На канферэнцыях, якія правёў кс. Павел Шылак, удзельнікі пачулі прытчы айцоў-пустэльнікаў аб граху, аб ачышчаючай малітве, аб чуванні, аб духоўным кіраўніцтве, аб унутраным парадку, аб дыялогу з Богам, аб выпрабаваннях, якія даюць сілы, аб навяртанні да Бога, аб міласэрнасці, аб блізкасці Бога і іншыя. Каментарыі, якія суправаджалі прытчы, прапанавалі слухачам у новым святле і з новага пункту гледжання задумацца над сваім духоўным і штодзённым жыццём.
Падчас школы малітвы на тэму «Малітва як спатканне» ўдзельнікам было прапанавана паразважаць над чатырма крокамі малітвы, каб яна была сапраўдным спатканнем з Богам і самім сабой.
Завяршылася сустрэча ў нядзелю, 15 студзеня. Пасля ўрачыстай святой Імшы адбыўся ўрачысты абед, на завяршэнне якога, ужо па даўняй традыцыі, мужчыны — удзельнікі супольнасці «Хатні Касцёл» — праспявалі «Як гэта хораша й міла жыць у любові братняй».
Удзельнікі рэкалекцый дзякуюць Пану Богу за магчымасць такіх духоўных практыкаванняў, дзякуюць кс. Паўлу Шылаку за навуку і час, прысвечаны сем’ям, дзякуюць таксама ўсім удзельнікам за добрую атмасферу падчас рэкалекцый.
Наступныя рэкалекцыі супольнасці «Хатні Касцёл» адбудуцца ў мінскай архікатэдры Iмя Найсвяцейшай Панны Марыі з 25 па 27 лютага 2012 г. Тэма рэкалекцый — «Дары Духа Святога».
|