Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч у парафіі Св. Антонія ў Магілёве: адшукаць сваю веру ў час Адвэнту
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.12.2012 21:11

9 снежня 2012 г. у рамках пастырскага візіту ў Магілёў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў літургію ў парафіі Св. Антонія, якой духоўна апякуюцца айцы кларэтынцы. Імша цэлебравалася у капліцы, побач з якой узводзіцца новы касцёл.

У гаміліі, зыходячы з чытання Евангелля на другую нядзелю Адвэнту, Мітрапаліт заахвоціў вернікаў да рэалізацыі ў жыцці закліку Яна Хрысціцеля падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. Іерарх заўважыў, што, рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння, трэба памятаць не толькі аб знешняй, вонкавай падрыхтоўцы, але і духоўнай, унутранай.

Прыкладам гэтага, па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, з’яўляецца св. Ян Хрысціцель і тыя, якія пайшлі за ім. Яны пакідалі свае добраўладкаваныя дамы, каб ісці ў пустыню і над ракой Ярдан навяртацца і прымаць хрост з рук Яна Хрысціцеля. Як дадаў Мітрапаліт, ім было нялёгка пакінуць «цёплае месца» і пайсці ў пустыню — але таксама і нам неабходна гэта зрабіць, каб стаць перад Богам са сваімі праблемамі, стаць перад самім сабой і паглядзець у духоўнае люстэрка, каб пазнаць свой грэх і навярнуцца.

«Мы ўсе жадаем, каб наш свет быў лепшым. Але навяртанне свету неабходна распачаць ад навяртання самога сябе. Свет такі, якімі мы ёсць», — заўважыў іерарх.

Самай вялікай трагедыяй сучаснасці Мітрапаліт Кандрусевіч назваў тое, што свет адварочваецца ад Бога і лічыць сябе самадастатковым. Арцыпастыр нагадаў, што святы Антоній з’яўляецца апекуном у пошуках згубленых рэчаў — трагедыя ж сённяшняга свету ў тым, што чалавек згубіў сваю веру.

«Няхай жа наш апякун у гэты час Адвэнту дапаможа нам адшукаць веру, без якой няма збаўлення», — пажадаў арцыбіскуп.

Пасля Імшы Мітрапаліт падзяліўся з вернікамі аплаткам і пажадаў ім радасных і багатых на Божую ласку святаў Нараджэння Пана і шчаслівага Новага года.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме