Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сярод удзельнікаў ХХ Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша — каталіцкае выдавецтва «Про Хрысто»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.02.2013 16:18

6 лютага адчыніла свае дзверы ХХ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш у Мінску. Каталіцкае выдавецтва «Про Хрысто» стала ўжо пастаянным удзельнікам выставы — у наступным годзе ўжо ў дзясяты раз будзе арганізавана экспазіцыя з літаратурай, якая ўбачыла свет дзякуючы гэтаму выдавецтву.

На выставе-кірмашы Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам было прэзентавана адно з апошніх выданняў, якое было падрыхтавана да друку ў выдавецтве «Про Хрысто», — «Святое Евангелле» на беларускай мове. Як падкрэсліў іерарх, тэксты чатырох кананічных Евангелляў (паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна), змешчаныя ў выданні, з’яўляюцца перакладам з арыгінальным моваў. «Перакладаў ёсць многа, але заўсёды патрэбны сучасны пераклад», — дадаў іерарх і выказаў надзею, што «Святое Евангелле» будзе служыць вернікам і духавенству ў евангелізацыі і ўзрастанні ў веры.

Варта адзначыць, што экзэмпляр «Святога Евангелля» на беларускай мове быў уручаны Святому Айцу Бэнэдыкту XVI. Пантыфік высока ацаніў дар і скіраваў Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі сваё благаслаўленне і «пажаданне хрысціянскага росквіту».

На выставе таксама адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Полацкага Евангелля, якое выйшла ў выдавецтве Беларускага Экзархату. Нягледзячы на дзесяць стагоддзяў, Полацкае Евангелле дайшло да нас практычна цалкам: ад кніжнага помніка захавалася больш за 80 працэнтаў.

Ганаровым госцем ХХ Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша стала Расія. Усяго ў юбілейнай выставе прымаюць удзел кнігавыдаўцы з 25 краін. Упершыню на экспазіцыі прадстаўлены выданні Палестыны і Сербіі.

У дні выставы-кірмаша адбудуцца прэзентацыі кніг, сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, семінары, круглыя сталы, майстар-класы і разнастайныя акцыі.

Выстава працуе з 10.00 па 19.00 да 10 лютага ўключна ў выставачным цэнтры «Белэкспа» (Купалы, 27). Уваход свабодны.

Валянціна Грамыка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме