27–28 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў з пастырскім візітам парафію Св. Юзафа ў Маладзечне. Іерарх правёў кананічную візітацыю і прыняў удзел у святкаванні 60-годдзя пробашча парафіі кс. прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага і 35-годдзя яго святарскага пасвячэння.
27 красавіка перад касцёлам Мітрапаліта сустрэлі духавы аркестр і шматлікія вернікі. У гаміліі падчас Імшы арцыпастыр, зыходзячы з чытанняў на гэты дзень, нагадаў пра неабходнасць абвяшэчння Евангелля ўсім народам і адказнасць свецкіх вернікаў у справе евангелізацыі, заклікаўшы іх быць сведкамі Евангелля і такім чынам спрыяць яго распаўсюджванню з мэтай адраджэння і ўмацавання веры.
У добра распрацаванай і багатай прагаме візітацыі быў прадугледжаны таксама запіс телеінтэрв’ю ў рэгіянальнай тэлестудыі. Тэмай перадачы стала вера ў сучасным свеце.
Нядзельную Імшу, падчас якой адзначалася 60-годдзе пробашча, разам з Мітрапалітам канцэлебравалі многія святары, а касцёл быў напоўнены вернікамі. У гаміліі іерарх найперш падзякаваў Богу за дар Беларусі ксяндза Эдмунда Даўгіловіча. Таксама арцыбіскуп падзякаваў прысутнай 91-гадовай маці святара за перададзены сыну Божы дар жыцця, падзякаваў яго сястры, блізкім і ўсім, хто фармаваў будучага святара, асабліва ў Рыжскай духоўнай семінарыі.
«Сённяшняе набажэнства таксама павінна насіць характар паклікання да святарства, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Найперш сёння мы завяршаем Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Прыклад ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча павінен заахвоціць іншых уважліва ўслухацца ў голас Бога, бо, можа, Ён іх таксама кліча».
Зыходзячы з нядзельных чытанняў, іерарх звярнуў увагу на неабходнасць благаслаўляць імя Божае на векі за дадзенае нам адкупленне і за тое, што Пан праз Касцёл вядзе нас шляхам збаўлення, чынячы гэта найперш праз спецыяльна пакліканых і падрыхтаваных людзей, якімі з’яўляюцца святары.
У другім чытанні св. Ян апостал нагадвае пра новае неба і новую зямлю. «Хрыстус праз пасхальную таямніцу адчыніў нам брамы неба, — адзначыў арцыпастыр. — Таму сёння неба не такое, як было да Хрыста. Яно стала нябесным Ерузалемам, поўным святых і благаслаўлёных. Вельмі прыгожа аб гэтым нагадвае праваслаўная ікона Уваскрасення Хрыста, калі Ён вядзе за сабой справядлівых у вечнае шчасце». «Зямля ёсць такой, якімі з’яўляюцца людзі, — працягваў Мітрапаліт. — Таму новая зямля – гэта найперш новыя людзі. Мы радуемся таму, што прыгажэйшым становіцца аблічча нашай зямлі, новыя дамы, прыжогыя вуліцы, добрыя дарогі і г.д. Аднак гэтага ўсяго яшчэ замала. Патрэбныя добрыя людзі. Калі ў прыгожых і багатых гарадах адбываюцца тэрарыстычныя акты, як, напрыклад, нядаўна ў Бостане — тады зямля не з’яўляецца такой прыгожай, якой павінна быць. Для новай, прыгожай зямлі патрэбныя новыя, духоўна прыгожыя людзі, якія з’яўляюцца святынямі Святога Духа. Такімі іх чыніць Касцёл праз паслугу святароў, якія дзейнічаюць ад імя і моцаю Хрыста».
Іерарх нагадаў пра фундаментальныя заданні святара — абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей і, служачы ім у любові, будаваць хрысціянскую супольнасць. Гэтым самым святар дапамагае людзям быць новымі, божымі, і робіць зямлю новай.
Мітрапаліт узгадаў таксама пра тое, як калісьці вялікі Мікеланджэла, убачыўшы глыбу белага мармуру, усклікнуў: вось ён, вось анёл! Ніхто не мог яго зразумець. Але ён у гэтай глыбе мармуру бачыў анёла, а потым з гэтай глыбы бясформеннага каменя выканаў славутую фігуру анёла. Калі ў яго спыталіся, як ён гэта ўчыніў, ён адказаў, што долатам сцінаў усё тое, што не патрэбна, і потым шліфаваў. Такім чынам выйшаў анёл.
«Таксама святар долатам слова Божага, сакрамэнтаў і служэння ў любові сцінае грахі чалавека і чыніць яго такім, якім ён быў створаны — па вобразу і падабенству Божаму, — дадаў арцыпастыр. — Дзякуючы новаму чалавеку наша зямля становіцца новай».
«Хаця і існуе прыказка, што пад сонцам няма нічога новага, тым не менш мы кожны дзень пытаемся ў іншых людзей, нашых знаёмых: што новага? — працягваў Мітрапаліт. — Мы кожны дзень глядзім па тэлевізары навіны, слухаем іх па радыё, шукаем у інтэрнэце. Сапраўдная, аднак, навіна — гэта Божае жыццё чалавека, якое мы атрымліваем праз захаванне новай запаведзі, якую дае нам Хрыстус — запаведзі любові да Бога і бліжняга».
Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, выхоўваць новых людзей у Беларусі ў 1984 г. распачаў таксама ксёндз Эдмунд Даўгіловіч, які прыехаў з Латвіі. «Прыйшлі новыя часы перабудовы, і ён, добра прачытаўшы знакі часу, уключыўся ў працэс духоўнага адражэння нашай зямлі, садейнічаў, каб яна стала новай. Дзякуючы яго паслузе з’явіліся новыя парафіі, касцёлы, крыжы; з’явілася тое, што нагадвала пра Божую навіну гэтай зямлі, зямлі, якая была хрысціянскай, і зямлі, на якой адбылася атэістычная чарнобыльская катастрофа», — сказаў іерарх.
Мітрапаліт падзякаваў ксяндзу Эдмунду за тое, што ён сваёй адданай Касцёлу дзейнасцю і ахвярным служэннем фармаваў і далей фармуе новых людзей і гэтым самым чыніць новую зямлю. Іерарх пажадаў яму Божага благаслаўлення на далейшую працу, каб яна сапраўды была плённай і рабіла нашу зямлю новай.
Пасля Імшы вернікі цёпла павіншавалі пробашча з 60-годдзем і 35-годдзем святарскага пасвячэння, а таксама падзякавалі арцыпастыру за візіт.
Ва ўрачыстасцях прыняў удзел і мэр горада Аляксандр Яхнавец, які выказаў шчырыя словы падзякі ксяндзу Эдмунду Даўгіловічу і пажадаў далейшага плённага служэння. Таксама мэр выказаў радасць з візіту Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Маладзечна. (AG)
|