Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: Ян Павел ІІ — гэта дар і заданне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.06.2011 13:11

12 чэрвеня 2011 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне. Візіт быў прымеркаваны да наведзінаў парафіі пілігрымуючым абразом Езуса Міласэрнага.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра спасланне Святога Духа, які так перамяніў апосталаў, што яны пайшлі мужна абвяшчаць Евангелле ажно да краёў зямлі. «Божая міласэрнасць, апагей якой выявіўся на дрэве крыжа, праз Добрую Навіну была скіравана да ўсіх людзей. Яна давала надзею нават насуперак надзеі. Гэты год, прысвечаны Божай міласэрнасці, з’яўляецца годам удзячнасці за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і 20-годдзя ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Гэтая гістарычная падзея звязана з іменем благаслаўлёнага папы Яна Паўла II, вялікага Пантыфіка і абвяшчальніка Божай Міласэрнасці. Знамянальна, што ён памёр у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці і быў беатыфікаваны 1 мая гг., у тое ж самае свята. Усё гэта нагадвае, што шлях да святасці вядзе праз Божую Міласэрнасць», — адзначыў арцыпастыр.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў прасіць моцы Святога Духа, каб, давяраючыся Божай Міласэрнасці, ніколі не губляць надзеі.

Вечарам таго ж дня Мітрапаліт узначаліў святую Імшу падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла II у парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія). У гаміліі іерарх нагадаў пра цудоўнае дзеянне Святога Духа, які 16 кастрычніка 1978 г. натхніў кардыналаў выбраць Папам Яна Паўла II, які даў свету, асабліва народам былога Савецкага Саюза, новую надзею, нават насуперак надзеі, на свабоду, у тым ліку на свабоду веравызнання. Вялікі Папа, па словах Мітрапаліта, сваім заклікам «Адчыніце дзверы Хрысту», малітвай і харызмай змяніў свет.

Арцыпастыр таксама падкрэсліў адкрытасць Яна Паўла II на прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, асабліва Праваслаўнай Царквы, і яго любоў да славянскіх народаў, у тым ліку да Расіі і Беларусі. «Яму не давялося прыехаць да нас, але сёння сваім духам ён з намі», — адзначыў Мітрапаліт.

Ян Павел II — гэта, як адзначыў арцыбіскуп, дар, але адначасова і заданне: «Першыя словы Пантыфікату адначасова з’яўляюцца і яго тэстамэнтам, бо заўсёды трэба адчыняць дзверы Хрысту, заўсёды трэба, каб Ён дзейнічаў у нашых сэрцах і іх ачышчаў».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў прасіць Духа Святога аб ласцы быць вернымі навучанню Яна Паўла II і жыць паводле яго прыкладу.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме