Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў Волме
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.05.2016 15:36

30 мая ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Волме адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Праграма сустрэчы ўключала святую Імшу, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля Імшы Мітрапаліт прадставіў сабраным актуальныя справы. Між іншым арцыбіскуп распавёў аб удзеле ў 69-м пасяджэнні італьянскага епіскапату, якое праходзіла 16-19 мая ў Ватыкане. Беларускі іерарх быў запрошаны выступіць на пасяджэнні, прысвечаным тэме «Аднаўленне клеру праз сталую фармацыю».

Таксама арцыпастыр распавёў пра адкрыццё ў музеі Ватыкана выстаўкі «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь», якое адбылося 18 мая і ў якім ён прымаў удзел.

Мітрапаліт нагадаў пра візіт у Ватыкан Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Візіт адбыўся 21 мая, у яго межах Прэзідэнт сустрэўся ў Апостальскім палацы з Папам Францішкам, абмеркаваўшы з ім развіццё адносін Беларусі і Рыма-Каталіцкага Касцёла. Таксама Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржаўным Сакратаром Папы кардыналам П’етро Паралінам і наведаў выстаўку «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь». Таксама непасрэдна пасля наведвання Ватыкана кіраўніком беларускай дзяржавы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначаў, што візіт Прэзідэнта ў Ватыкан і сустрэча з Папам паспрыяе развіццю адносін паміж дзвюма дзяржавамі і паміж нашай краінай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі

Арцыбіскуп распавёў удзельнікам сустрэчы пра пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло 24 мая ў Гродне на пачатак Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу (24-26 мая).

Іерарх паведаміў між іншым пра рашэнне правесці 3 чэрвеня 2016 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, «Набажэнства перапрашэння» за знявагу святыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народа (зварот біскупаў Беларусі і Набажэнства перапрашэння тут>>>).

Арцыпастыр паведаміў пра прызначэнне нацыянальнага экзарцыста ў Касцёле ў Беларусі: ім стаў кс. Ян Хэрнік з парафіі ва Удзела (Віцебская дыяцэзія).

Мітрапаліт нагадаў пра правядзенне ўрачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць 1-2 ліпеня, і 25-годдзе ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці ў Будславе Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Венскага кардынала Крыстафа Шонбарна. Кардынал будзе знаходзіцца ў Беларусі з 29 чэрвеня па 3 ліпеня.

2 чэрвеня, нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у Браславе пройдзе Агульнабеларускі юбілей святароў.

Таксама Мітрапаліт паведаміў, што 15 ліпеня ў г. Вац у Венгрыі адбудзецца біскупскае пасвячэнне новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі мансеньёра Габара Пінтэра.

Наступная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе 15 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.