Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вялікае свята невялікай парафіі: касцёл у Бярозе адзначыў імяніны
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.06.2012 16:53

3 ліпеня парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе адзначыла імяніны. У праграме святкавання арганізатары кс. Станіслаў Вашкевіч і кс. Уладзімір Буклярэвіч запланавалі святую Імшу, тэатральную пастанову, пікнік і канцэрт.

Святкаванне распачалося ўрачыстай прыміцыйнай святой Імшой ксяндза Яна Шарука. Месяц таму малады святар праходзіў практыку ў гэтай парафіі ў якасці дыякана, таму быў тут вельмі жаданым і чаканым госцем. Святочная Імша была адметная яшчэ і тым, што ў касцёльную сям’ю праз сакрамэнт хросту былі далучаны трое хлопчыкаў. Для невялікай супольнасці гэта добры знак дынамічнага развіцця. Прыміцыйнае благаслаўленне атрымаў кожны прысутны, а разам з ім — запрашэнне на другую частку святкавання.

У 17 гадзін на касцёльнай плошчы адбылася тэатральная пастанова аб жыцці святога Вінцэнта Палоцці з нагоды 50-годдзя кананізацыі. «Адно жыццё — гэта мала» — так гучала яе назва. Сваімі сіламі і акцёрскім талентам парафіяне данеслі да гледачоў думку: «Кожны павінен быць апосталам, незалежна ад той ролі, якую выконвае ў грамадстве, ці ад пасады, якую займае».

Дзяліць імянінны торт, а дакладней кажучы, каля дзясятка тортаў, пачалі каля 18 гадзін пад акампанемент музычнай групы з Шэрашава, якая прыехала з кс. Яцэкам Дубiцкiм. А граць артысты пачалі пад водар гарачых каўбасак, якімі частаваліся ўсе, хто прыйшоў на свята. Павіншаваць парафію з імянінамі прыехалі госці з Пружан, Брэста, Мінска, Воранава. Падчас канцэрта пробашч кс. Станіслаў Вашкевіч урачыста завяршыў катэхетычны навучальны год, уручыўшы дзецям і моладзі пасведчанні з адзнакамі.

Свята скончылася познім вечарам, а надзея, што яно пакладзе добрую традыцыю такім шчырым і цёплым сустрэчам, засталася.

Ірына Музыка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.