Апостал — гэта той, хто трывае ў веры: рэкалекцыі для свецкіх членаў супольнасці каталіцкага апостальства |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
28.02.2013 14:25 |
«Апостал — гэта той, хто трывае ў веры», — так гучала тэма рэкалекцый, якія адбываліся ў рэлігійна-адукацыйным цэнтры ў Баранавічах. Удзельнічалі ў іх свецкія члены ZАК (супольнасць каталіцкага апостальства) з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе разам з с. Наталляй Пецкялюн SAC і кс. Алегам Грыгаровічам SAC. Важнай падзеяй і духоўным перажываннем была наяўнасць рэліквій крыжа святога Вінцэнта Палоцці, якія спадарожнічалі ўдзельнікам у духоўнай вандроўцы. Першы дзень рэкалекцый быў прысвечаны веры, яе караням, узрастанню. Свецкія члены ZАК углядаліся ў асобу свайго заснавальніка, разважалі над тым, як ён развіваў дар веры, клапаціўся пра яго і ажыўляў яго ў сабе і ў іншых. Вера — гэта найлепшы лек ад усяго. Другі дзень быў прысвечаны разважанню над выпрабаваннямі веры, над дзеяннямі Бога ў канкрэтных сітуацыях канкрэтнага чалавека, над цярплівасцю ў веры і даверам, нягледзячы ні на што. «Не бойся, бо Бог дапаможа ва ўсім, калі мы зробім усё з глыбокім перакананнем, што без Яго нічога не можам» (пар. Opere Complete Lettere, t. II, s. 56). Як быць апосталам веры? Задавалі пытанне ўдзельнікі рэкалекцый. Кожнаму Бог наказаў клапаціцца аб вечным збаўленні бліжняга. А паколькі ў выкананні гэтага запавету мы павінны наследаваць Хрыста, які з’яўляецца Апосталам Прадвечнага Айца, таму жыццё Езуса павінна быць для кожнага прыкладам апостальства. Таму ўсе пакліканы да апостальства ў залежнасці ад свайго становішча і прафесіі, бо ўсе закліканы і больш таго — абавязаны наследаваць Езуса Хрыста. Штодзённа ўдзельнікам спадарожнічала малітва Ютрані з Літургіі гадзінаў, а таксама медытацыя над тэкстам Святога Пісання. Праца ў групах паказала, якімі рознымі талентамі надзяліў Бог людзей. Незвычайна багатымі былі адказы на заданні, у якіх трэба было напісаць дэфініцыю веры, матэматычную формулу веры, алегарычнае параўнанне альбо верш на тэму веры, а таксама прадставіць разважанні па выказванню Бенедыкта XVI на тэму веры. Інсцэнізацыя думак св. Вінцэнта Палоцці дапамагла зразумець, якім чынам можам выкарыстоўваць у апостальстве ўласныя дары і таленты. Крыжовы шлях, які перажылі несучы крыж Палоцці, быў прысвечаны разважанням на тэму трывання ў веры. Ён стаў дарогай, якая з’яўляецца пытаннем аб нашай веры: не толькі аб тым, ці веру я ў Бога, але ці веру Яму. У абліччы пакутаў і цяжкасцей, у абліччы змагання з супярэчнасцямі ў нас нараджаюцца шматлікія пытанні і неспакой, прыходзяць хвіліны страху і сумнення. Наша вера правяраецца на трываласць. Вера з’яўляеца ласкай, дарам Божай любові, які з нашага боку патрабуе прыняцця і супрацоўніцтва і памнажаецца перш за ўсё ў малітве. Прабываючы на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, прысутныя маліліся аб жывой і моцнай веры, такой, якая не сумняецца, не расчароўваецца, не паддаецца спакусам. Трыванне ў веры заўсёды ёсць і будзе звязана з навяртаннем. Бог мяне любіць такім, якім я ёсць… Зараз ведаю, які Ён, мой Бог… Бачу святло ў канцы цёмнага калідора майго жыццця. Павінен больш працаваць над сабой. Ведаю корань свайго граху. Веру трэба «карміць». Не буду баяцца самотнасці ў сведчанні веры. Крыж — гэта ласка. Вера — гэта моц. Такія былі адказы на пытанне «з чым я вяртаюся з рэкалекцый?». Глыбокія сведчанні веры ўдзельнікаў выразна казалі пра тое, што св. Вінцэнт Паллоцці з’яўляецца правадніком у веры і як ніколі яго харызма сёння вельмі актуальная. Вялікай радасцю з’яўляецца той факт, што ёсць людзі, якія хочуць быць апосталамі Езуса Хрыста і хочуць абвяшчаць Хрыстова Евангелле. Кс. Алег Грыгаровіч SAC, |