Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася пілігрымка з Бярозы ў Лагішын
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.08.2010 12:24

22 жніўня 2010 г. завяршылася 8-я па ліку пілігрымка з Бярозы ў Лагішын (Пінская дыяцэзія) да абраза Маці Божай Каралевы Палесся. Сёлета колькасць пілігрымаў упершыню перавысіла 200 чалавек.

Вернікі выйшлі з Бярозы 18 жніўня, і іх падарожжа працягвалася 4 дні. На начлег спыняліся ва ўжо знаёмых вёсках — Здзітава, Опаль, Парэчча. Мясцовыя жыхары ўжо не здзіўляюцца вялікаму натоўпу, які праходзіць праз вёску з гучнымі песнямі. Пілігрымаў вітаюць, частуюць яблыкамі, просяць аб малітве.

Як кажуць амаль што ўсе пілігрымы, ніводная пілігрымка ніколі не бывае падобная на іншую. Справа нават не ў новых знаёмствах і канферэнцыях — хаця і яны, безумоўна, узбагачаюць удзельнікаў, — а ў тым, што чалавек перажыў за гэтыя кароткія чатыры дні.

Вялікай дапамогай для ўдзельнікаў з’яўляецца тое, што ім не трэба клапаціцца аб харчаванні і начлезе — аб гэтым падумалі арганізатары. Ксёндз Уладзімір Буклярэвіч, які ўжо ў шосты раз вядзе вернікаў да святыні, цярпліва і з павагай ставіўся да кожнага пілігрыма, нястомна паўтараў аб значэнні малітвы для жыцця хрысціяніна, прасіў вучыцца малітве і сам вучыў ёй. Асабліва важным гэта было для юнакоў і дзяўчат, якія ўпершыню выправіліся ў такое падарожжа. Кіраўнік пілігрымкі, нягледзячы на стомленасць, стараўся быць прыкладам вытрымкі і пашаны да іншага ў гэтым нялёгкім падарожжы. Варта адзначыць, што ўсялякае незадавальненне і стома знікаюць, як толькі людзі, нарэшце, прыходзяць да Маці Божай, якая чакае іх у Лагішыне.

Паглядзеўшы ў вочы Панне Марыі на цудатворным абразе, кожны з пілігрымаў змог ясна ўспомніць тое, навошта ішоў да яе чатыры дні. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў сэрцах вернікаў ажыла надзея, якая застанецца ў душы і будзе клікаць у Лагішын таксама і наступным летам.

Ірына Богуш
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме