Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Езус зрабіў нас сваімі сябрамі і адначасова аддаў сябе ў нашыя рукі»: Імша Хрызма прайшла ў пінскай катэдры (+фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.03.2016 14:51

У Вялікі чацвер, 24 сакавіка, Імша Хрызма прайшла ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. У дзень, калі Касцёл дзякуе Хрысту за дар святарства, на гэтай Імшы сабраліся святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі і шматлікія вернікі.

Імша Хрызма, якая адбываецца ў Вялікі чацвер, цэлебруецца ў катэдральным касцёле — «маці» ўсіх дыяцэзіяльных касцёлаў. У гэты дзень кожны святар можа асаблівым чынам вярнуцца думкамі да моманту свайго паклікання, узгадаць свой шлях да Божага алтара. Таксама на гэтай Імшы духавенства аднаўляе святарскія абяцанні.

«Сын Божы аддаўся ў нашыя рукі…»


Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. «Гэты дзень яднае нас са святарамі ўсяго свету, — сказаў у гаміліі біскуп. — Сёння святары ў супольнай малітве разам са сваім біскупам аднаўляюць абяцанні, складзеныя падчас прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Гэтыя словы яны прагнуць выказаць не толькі вуснамі, але і ўсім сваім сэрцам».

Іерарх прапанаваў усім прысутным святарам звярнуць увагу на знак ускладання рук, праз які яны калісьці атрымалі дар святарства. «Перадусім мы узгадваем вобраз Божых рук, якія нас з любові стварылі. Мы таксама ўзгадваем даўнюю традыцыю перадачы святой улады праз знак ускладання рук, — патлумачыў пінскі ардынарый. — Калі біскуп усклаў далоні на нашыя галовы, то праз гэты жэст Езус нібы сказаў кожнаму з нас: “Ты належыш Мне. Цябе абараняюць Мае рукі. Ты ў Маіх руках”».

«Пан Езус зрабіў нас сваімі сябрамі, а адначасова аддаў сябе ў нашыя рукі, — адзначыў біскуп. — Які ж вялікі давер! Сын Божы аддаўся ў нашыя рукі…»

Іерарх нагадаў, што гэты Вялікі чацвер Касцёл перажывае ў Юбілейны Год Міласэрнасці. «Мы дзякуем за святарства і Эўхарыстыю. Дзякуем таксама за дар сакрамэнту пакаяння і паяднання, які магчымы таму, што ёсць святары. Ці ж гэтыя сакрамэнты не з’яўляюцца найлепшым доказам Божай міласэрнасці адносна нас?» — паставіў пытанне біскуп.

«Езус загадвае працягваць чыніць жэсты любові»


«Эўхарыстыя дае нам сілы і адначасова дазваляе станавіцца міласэрнымі, як Айцец Нябесны. Урэшце яна сама — выраз любові і міласэрнасці Бога. Бог любіць чалавека, любіць так моцна, што гэта не можа не здзіўляць. У вячэрніку ў той памятны чацвер Пан Езус вельмі здзівіў вучняў жэстам абмыцця ног. Магчыма, вучні думалі, што іх Настаўнік будзе валадаром, а Хрыстус паказаў праз канкрэтны прыклад, што валадарыць — значыць служыць», — падкрэсліў іерарх.

Пінскі ардынарый дадаў, што жэстам абмыцця ног «Хрыстус таксама звярнуў увагу на сваю любоў» і «штодзённа паказвае нам сваю любоў, якая спадарожнічае чалавеку кожны дзень».

«Езус загадвае вам, паважаныя святары, працягваць чыніць жэсты любові. Святар мае велізарную ўладу — адпускаць грахі. Але, адпускаючы грахі ў сакрамэнце пакаяння і паяднання, трэба перш за ўсё імкнуцца тлумачыць грэшніку не яго падабенства да марнатраўнага сына з вядомай евангельскай прыпавесці, а звяртаць позірк чалавека на міласэрнага Айца, які без ваганняў прабачае любыя грахі і адорвае любоўю», — заўважыў біскуп.

Іерарх заклікаў святароў вучыцца быць міласэрнымі ў штодзённасці і маліцца адзін за аднаго, каб цяжкасці і праблемы не аслабілі іх, «не паменшылі радасці паклікання, не адабралі энтузіязм і надзею».

Пінскі ардынарый выказаў кожнаму святару сардэчную падзяку за ахвярнае служэнне Божаму народу.

Падчас Эўхарыстыі духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога моцы нa далейшае служэнне.

Таксама былі асвечаны алей хворых, алей катэхуменаў і кансэкраваны алей хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.