Сінод Біскупаў: Хто? Дзе? Калі? Чаму? |
Грамадства |
06.10.2014 15:16 |
Наўрад ці абмяркоўвалі так спрэчна ў апошнія месяцы якую іншую касцёльную тэму: вынікамі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, прысвечанай сям'і, зацікаўлены ўсе веруючыя. Аднак падчас сустрэчы ў Ватыкане біскупы працуюць за зачыненымі дзвярыма. Аб чым гаворка? З 5 па 19 кастрычніка ў Рыме збярэцца Сінод Біскупаў, якія будуць разам абмяркоўваць тэму сужэнства і сям’і. Афіцыйная тэма — «Пастырскія выклікі адносна сям’і ў кантэксце евангелізацыі». Папа Францішак хоча звярнуцца да гэтай тэмы на Сінодзе Біскупаў у гэтым годзе і ў кастрычніку 2015 года: Пантыфік бачыць вялікую патрэбу ў сумесным абмеркаванні гэтай тэмы і прыняцці адной пазіцыі, якую зойме Касцёл. Як быў падрыхтаваны Сінод? На падрыхтоўку да Сіноду ў лістападзе 2013 года з Рыма ў розныя краіны свету быў высланы дакумент, які павінен быў служыць аналізам сітуацыі па тэме сям’і ва ўсіх частках Паўсюднага Касцёла. Ён змяшчаў аб’ёмную анкету, адказы на якую прымаліся з розных частак свету. У некаторых краінах вернікі былі запытаны напрамую. 24 чэрвеня гэтага года Генеральны сакратарыят Сіноду Біскупаў апублікаваў «Instrumentum laboris», які служыць сумесным рабочым падмуркам для сходу біскупаў і тэкстам рэкамендацый; там жа змешчана інфармацыя па запоўненых анкетах у касцёлах з розных частак свету. Як збіраецца Сінод? Сход біскупаў у кастрычніку 2014 гаворыць пра Надзвычайную сесію Сіноду Біскупаў. З гэтым звязаныя пэўныя правілы для ўдзельнікаў кола Сіноду, якія былі складзены з парадку Сіноду, дапрацаванага ў 2006 годзе. Згодна з ім на Сінод збіраюцца правячыя біскупы ўсходніх Цэркваў, старшыня Канферэнцыі Біскупаў разам з кіраўнікамі курыяльных ведамстваў; акрамя таго, на Сінод прыбываюць тры кіраўнікі манаскіх супольнасцяў. Папа дадаткова называе 26 удзельнікаў, якія маюць права голасу. Сярод удзельнікаў гэтага сходу прысутны толькі адзін дыяцэзіяльны біскуп як старшыня Канферэнцыі Біскупаў. З Беларусі — віцэ-старшыня епіскапату Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч (у адкрыцці Сіноду Біскупаў прымаў удзел таксама біскуп Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры епіскапаце Беларусі). Удзельнікаў Сіноду падчас іх працы будуць падтрымліваць эксперты. Таксама прысутнымі з’яўляюцца і іншыя асобы — без права голасу, сярод якіх прадстаўнікі некаталіцкіх Цэркваў і царкоўных супольнасцяў; яны маюць магчымасць браць слова. Усяго ў бягучым Сінодзе прыме ўдзел 253 чалавекі, сярод якіх 191 удзельнік будзе мець права голасу. Хто кіруе Сінодам? Старшынство Сіноду належыць Папу Францішку, якога на пасяджэннях прэзентуюць тры кардыналы. Важнай з’яўляецца таксама функцыя генеральнага дакладчыка сходу біскупаў. Яго функцыі палягаюць на тым, каб увесці ўдзельнікаў Сіноду ў тэму і весці пратакол зместу дыскусій, які ў выніку будзе прадстаўлены ў адмысловай справаздачы. У гэтым Сінодзе ў якасці генеральнага дакладчыка выступіць венгерскі кардынал Петэр Эрдо, арцыбіскуп Эстэргом-Будапешта і старшыня Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Якія рамкі мае Сінод? Касцёл заўсёды разглядае ў сваіх Сінодах духоўныя падзеі, якія маюць асновапалягаючы характар у грамадстве. Сінод Біскупаў адкрываецца сумеснай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, якая таксама і завяршае яго. Падчас асобных дзён пасяджэння запланаваны сумесныя сходы-сустрэчы ўдзельнікаў на сумесную малітву. Увесь Касцёл пакліканы суправаджаць кансультацыі Сіноду малітвай. Як працуе Сінод? Вялікая частка працы Сіноду кіруецца генеральным сходам усіх удзельнкаў. Там усе ўдзельнікі, якія зарэгістраваліся для даклада, прадстаўляюць свае даклады, звяртаючы ўвагу на пэўныя аспекты. Новым сёлета стане тое, што слоўныя даклады патрабуюцца не толькі ў пісьмовай форме: падчас сходу яны павінны быць прадстаўлены і ў адвольнай вуснай форме. Паслядоўнасць аратараў каардынуецца сакратарыятам Сіноду. Падчас Сіноду Біскупаў 2005 года Папа Бэнэдыкт XVI стварыў магчымасць далучацца да свабоднай дыскусіі і такім чынам даць працы Сіноду большую непасрэднасць і свежасць. Парадак Сіноду прадугледжвае таксама магчымасць абмяркоўваць працу часткова ў моўных гамагенных невялікіх групах; яны будуць утварацца з удзельнікаў ад 25 да 50 чалавек. Ці будуць падчас гэтага Сіноду створаны такія групы, застаецца пакуль невядомым. Адносная кароткасць пасяджэння — толькі два тыдні ў параўнанні з распаўсюджанымі трыма тыднямі пры правільным Генеральным сходзе — можа весці да таго, што такая практыка ў Пленуме застанецца і надалей. Якія вынікі чакаюцца? Ад гэтага Сіноду пакуль не чакаюць завяршальнага дакумента, бо тэма гэтага Сіноду стане тэмай і наступнага. На сёння пакуль што застаюцца адкрытымі чатыры пытанні, якія будуць у ліку іншых абмяркоўвацца на Сінодзе ў кастрычніку 2015 года. Гэта можа гаварыць аб тым, што ўдзельнікі напрыканцы пасяджэння возьмуць з сабою адмысловае «хатняе заданне» ў свае краіны і супольнасці. Адсюль вынікае, што ў бліжэйшыя месяцы адбудзецца працяг сінадальнай дыскусіі ўжо па-за залай Сіноду. Паводле katholisch.de/ пераклад з нямецкай Ільі Лапато |