Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Робэр Сара абвясціў новую катэдру ў Віцебску
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.06.2011 02:44

Новая старонка ў жыцці Каталіцкага Касцёла на Віцебшчыне была перагорнута 18 чэрвеня 2011 г. Гэты дзень азнаменавала падзея абвяшчэння катэдрай святыні Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Да гэтага часу катэдральным з’яўляўся касцёл св. Барбары, некалі адзіны ў абласным цэнтры.

Урачыстую літургію, якой папярэднічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле Святога Духа і эўхарыстычная працэсія, узначаліў прадстаўнік папы Бэнэдыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады «Cor Unum».

На пачатку Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зачытаў ліст Кангрэгацыі па справах Біскупаў аб абвяшчэнні касцёла Езуса Міласэрнага катэдрай Віцебскай дыяцэзіі. У гэты ўрачысты момант святыня набыла статус катэдральнай.

Кіраўнік Беларускай секцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня зачытаў ліст Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ аб прызначэнні папскага пасланніка на гэтую ўрачыстасць. «Яго Святасць, — было адзначана ў лісце, — выпрошвае нябеснае заступніцтва благаслаўлёнай Дзевы Марыі, Маці Касцёла, і ад усяго сэрца дасылае … сваё Апостальскае Благаслаўленне».

Кардынал Робэр Сара, выказаўшы сваю радасць з прысутнасці сярод каталіцкай супольнасці ў Беларусі, звярнуўся да прысутных з казаннем. «Катэдральны касцёл — гэта месца біскупскай катэдры. Адсюль біскуп навучае вас веры, каталіцкай веры. Веры, якую вы вызнаеце разам з усім Касцёлам. Таму сёння я знаходжуся сярод вас ад імя Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які праз маю асобу ў пэўным сэнсе прысутны тут з вамі», — адзначыў ватыканскі іерарх.

Кардынал Сара нагадаў аб пакліканні хрысціянаў «раздзяляць сваё жыццё з жыццём Хрыста». «Нават калі змяніліся сацыяльныя і грамадскія ўмовы, у якіх вы жывеце, — працягваў іерарх, — не змяніўся і не знік голад Бога, а таксама праўда пра тое, што кожны чалавек мае патрэбу ў Богу, каб не ператварыць сваё пілігрымаванне ў гэтым свеце ў „пустыню вялікую і страшную, дзе змей ядавіты і скарпіён, і зямля сухая і бязводная“».

Ватыканскі іерарх, сцвярджаючы, што ва ўсе часы чалавек сустракаецца з выпрабаваннямі і ва ўсе часы бывае «пустыня, у якой мы надоўга застаемся без вады», важна памятаць, што Бог заўсёды побач, Ён — у Эўхарыстыі.

«Святы Дух, якога мы атрымліваем у Камуніі, робіць нас жывым успамінам пра Хрыста, носьбітамі і жывымі сведкамі Яго Евангелля. Сваім жыццём мы робім прысутным Яго, Збаўцу ўсіх людзей. Праз нас, мізэрных, Ён аб’яўляе сябе свету таксама і сёння», — падкрэсліў старшыня ватыканскага ведамства.

Поўны тэкст гаміліі кардынала Робэра Сара >>>

На заканчэнне літургіі да прысутных звярнуўся са словамі віншавання Леанід Гуляка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Прадстаўнік улады, між іншым, узгадаў выказванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Касцёл і дзяржава мае агульныя мэты: «духоўнае і маральнае здароўе грамадства».

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел беларускія іерархі, Апостальскі візітатар грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, Мітрапаліт Вроцлаўскі арцыбіскуп Мар’ян Галэмбеўскі, арцыбіскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паоло Пеццы, арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч, дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла, біскуп Луцкі Маркіян Трафімяк, сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. прэлат Крыспін Дубель, духавенства з Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў