Свята Дажынак прайшло ў парафіі Святога Станіслава ў Далёкіх |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
31.08.2012 11:10 |
«Адзін для ўсіх, і ўсе для аднаго!» — пад такім дэвізам 26 жніўня 2012 года ў парафіі Святога Станіслава ў аграгарадку Далёкія (Браслаўскі раён) прайшло свята Дажынак. Гэтай падзеі папярэднічала падрыхтоўка на працягу месяца. Дзеці малявалі плакаты, дарослыя рыхтавалі вянкі ад вуліц аграгарадка і навакольных вёсак, гаспадыні планавалі, якое печыва падрыхтуюць для агульнага стала. Незвычайнасць падзеі адчувалася загадзя, таму што ўжо напярэдадні каля касцёла з’явіліся розныя ўпрыгожванні. Падчас святой Імшы адбылася працэсія з дарамі. Як падзяку Богу неслі хлеб — плод зямлі і працы рук людскіх; садавіну, гародніну, лясныя скарбы з падзякай Пану за ўсё, што атрымліваем кожны дзень; малако і мёд як падзяку за жыццёвы напой і пасілак; дажынкавыя вянкі. Усё было падрыхтавана з вялікім натхненнем. Такой, напэўна, і павінна быць падзяка Богу за ўсе тыя дары, якія Ён дае людзям для іх зямнога жыцця. |
Фотарэпартаж |