У Далёкіх арганізавалі свята для маці |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
15.10.2012 13:39 |
У нядзелю 14 кастрычніка, калі Беларусь адзначае Дзень маці, на святую Імшу ў Далёкія (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат) завіталі ўдзельніцы руху «Маці ў малітве» з браслаўскай парафіі. Тут для іх і ўсіх жанчын намаганнямі супрацоўнікаў мясцовага Дома культуры быў арганізаваны святочны канцэрт. Пасля Імшы адбылася сустрэча ўдзельнікаў руху «Маці ў малітве» з Браслава і Далёкіх. Пробашч парафіі кс. Андрэй Бочар MS удзяліў маці адмысловае благаслаўленне, якое яны пасля павінны былі перадаць сваім дзецям. Прыемным сюрпрызам у гэты дзень стаў падарунак для кожнай маці — святар уручыў кветкі ўсім маці, якія прысутнічалі на Імшы. Падрыхтаваны канцэрт таксама не пакінуў нікога абыякавымі: для маці спявалі і дзеці, і дарослыя. Сумеснае святкаванне завяршылася гутаркамі маці за гарбатай. Такое свята арганізавалі ў Далёкіх. Хочацца верыць, што ў гэты дзень ва ўсіх касцёлах нашай краіны дзеці дзякавалі сваім маці і маліліся за іх. (SZh) |
Фотарэпартаж |