З гісторыі касцёла ў Далёкіх |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
11.10.2012 16:16 |
Касцёл Святога Станіслава на паўночна-ўсходняй ускраіне аграгарадка Далёкія Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці cтаіць на невялікім узвышэнні. Гісторыя святыні распачынаецца ў 1906 годзе. Пабудаваць касцёл у Далёкiх прапанаваў іказненскi ксёндз Халецкi ў 1906 годзе. Пытанне аб месцы ўзвядзення святыні таксама разглядалася пры iм. У 1909 годзе была створана камiсiя, у якую ўвайшлі ксёндз дэкан з Дзiсны, ксёндз прэлат Байка з Вiльнi, ксёндз пробашч Халецкi з Iказнi, ксёндз Тышка з Бяльмонтаў i граф Фелiкс Броэль-Плятэр. Буйны землеўладальнiк Фелiкс Плятэр настойваў на будаўнiцтве касцёла ў вёсцы Богiна насупраць царквы. Але вернiкi не згадзiлiся. Яны настойвалi на тым, каб касцёл пабудавалi ў Далёкiх. У 1910 годзе ксёндз дэкан напісаў iказненскаму пробашчу ліст, у якім паведамляў пра атрыманне ад біскупа дазволу на будаўніцтва касцёла ў Далёкiх. Iказненскi святар павiнен быў прыязджаць у Далёкiя цэлебраваць Імшы падчас святаў i ў нядзелю. Паведамлялася (так загадваў мiнiстр унутранных спраў), што калi вернікі згодзяцца, то ў дэпазiт кансiсторыi трэба далучыць палову вылiчанай сумы сметы (3756 руб. 23 кап.) і дакументы, якiя забяспечвалi б далейшыя ахвяраваннi на гэтую будоўлю. У адваротным выпадку размовы пра ўсё гэта ісці не магло (15.10.1910 г.). Пазней справа была затрымана з-за вайны аж да 1916 года. Менавіта ў той год паўторна прыйшоў дазвол на будоўлю касцёла ад ксяндза дэкана Вiнцэнта Ташкуна з Дзiсны. Бiскуп Цепляк, якi кiраваў у тыя часы Магiлёўскай архiдыяцэзiяй, ужо ведаў, што Далёкiя не могуць больш абслугоўвацца пробашчам з Iказнi: у Далёкiх налiчвалася ўжо 2500 вернiкаў, акрамя таго, да Iказнi было амаль 34 кiламетры. Таму ў Далёкiя быў накіраваны першы пробашч — кс. Казiмiр Трукан. Прыбыў ксёндз Казiмiр Трукан у маi 1917 года. Ужо ў чэрвенi таго ж года, дзякуючы сумесным намаганням новага пробашча і вернiкаў, у Далёкiя была перавезена каплiца з Друсеўскага засценка (перабудаваная з былой карчмы), купленая яшчэ ў 1910 годзе. У чэрвені 1917 года каплiцу асвяцiлi. У тым жа 1917 годзе бiскуп Роп, наведваючы Дзiсненскi дэканат, надаў касцёлу парафiяльнае права. У той жа час з Дзiснeнскага дэканату былі прывезены метрычныя кнiгi. Плeбанiя і іншыя касцёльныя будынкі (акрамя хаты, дзе пазней будзе жыць арганiст) узводзіліся намаганнямі вернікаў у 1918 годзе. Плeбанiя была пабудавана са старога будынка, які купiлi ў вёсцы Веркi ў Нiкадэма Грыблы. Будаўнiчы матэрыял быў куплены раней (у жнiўнi 1917 года) у графа. Ксяндзу Трукану касцёльны камiтэт даў распiску, што бярэ на сябе ўсю адказнасць за пабудову плебанii i iншых касцёльных будынкаў. Касцёльны камiтэт звяртаецца да ваенных i павятовых уладаў з просьбай не перашкаджаць ксяндзу Трукану ў працы (1917 год, 22 кастрычнiка). Пад будаўнiцтва касцёльных будынкаў i агароды людзi аддалi 4 дзесяцiны зямлi: парафiяне абавязаны былі ўтрымлiваць святара i касцёл. 8 кастрычніка 1919 года — менавіта ад гэтага дня, можна сказаць, пачалося паўнацэннае жыццё парафіі ў Далёкіх Дзісненскага павету Вiленскай губернi. У палiтычных адносiнах 1919 год у нашым краi быў неспакойны. Улады забралі ксяндза да Плятэрова (сядзіба ў Опсе). 5 лiстапада 1919 года ў Далёкія прыбыў кс. Дамiнiк Яруш. Пад яго кiраўнiцтвам напiлiлi дошак для касцёльных будынкаў (1920 г.), навезлi камення для будаўнiчых работ (1921 г.) i стварылi будаўнiчы кааператыў (студзень 1921 г.). Узначальвалi яго вернiкi: Максiмiльян Пяткун (вёска Скур’яты), Антон Цыўнель (вёска Мядынкi), Альфонс Алёхна (вёска Бялевiчы) і Канстанцiн Мацеша (вёска Друсеўскi засценак). Старшыня касцёльнага камiтэта Ёахiм Пяткун (в. Далёкiя, 1917–1928 гг.) хадайнiчаў, каб касцёл быў пабудаваны менавіта ў Далёкiх. 18–19 мая 1924 года будаўнiчы кааператыў абакралi. У снежнi 1924 года ён быў лiквiдаваны. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасцi, парафiяне не здавалiся, не спынялi работ па будаўнiцтву касцёла. Графiня Плятэр у 1924 годзе дала два гектары зямлi пад касцёл, пабудаваць якi так старалiся вернiкi далёкаўскай парафii. На той час у склад далёкаўскай парафіі ўваходзілі 66 вёсак. У далёкаўскай парафіі было вельмі моцнае брацтва святога Ружанца. У 1927 годзе ў парафіі налічвалася 31 ружанцовае кола. З іх — 9 колаў дзяўчат, 20 колаў жанчын, 1 кола мужчын і 1 агульнае кола. У 1927 годзе бiскуп Вiленскi загадам № 1065 ад 27.10.1927 года аддаў вёскi Хмяльнiцы, Наруцi, Заборнiкi i Гатоўкi да парафii Опса. У 1928 годзе парафiя ўжо налiчвала 2915 вернiкаў. Малы будынак касцёла ўжо не адпавядаў патрэбам вернiкаў. Неабходна была новая вялiкая святыня. 17 студзеня 1932 года ў парафii адбыўся сход, на якім парафіяне самi выбралi камiтэт для будаўнiцтва новага касцёла. Парафiяльны камiтэт быў зацверджаны арцыбiскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскiм 31 студзеня 1933 года ў наступным складзе: кс. Уладзiслаў Пiлцiцкi, Ян Мікшта, Антон Галіна, Пётр Папакуль, Антон Мікуцкі, Мацей Навіцкі, Юрый Умпіровіч, Валерый Кандратовіч, Баляслаў Скур’ят, Ян Лапкоўскі, Казімір Гэйбар. Мясцовыя сяляне-католiкi ахвяравалi на боскую справу хто колькi мог. Але грошай не хапала. Тады арганiзатары звярнулiся да павятовых уладаў і да насельнiцтва: «Прыйдзiце з хутчэйшай дапамогай! Памятайце, што тыя, хто дае, атрымаюць удвая. Парафiяне далёкаўскiя будуць за вас малiцца, каб Бог у сто разоў узнагародзiў за складзеныя ахвяраванні», — адзначалася ў звароце. Будоўля, хоць i з вялiкiмi цяжкасцямi, зрушылася з месца. Майстрам быў абраны самы здольны ў акрузе цясляр i сталяр Нiкандра Лукашэвiч. А калi ў рэшце рэшт сцены паднялiся пад дах, будаўнiкам дапамог опсаўскi яўрэй Натэль Баскiн, выдзелiўшы крэдыт на завяршэнне будоўлi. Сярод майстроў былі: Вiнцэнт Куцюн, Вiнцэнт Скур’ят, Вiнцэнт Пяткун, Адам Пяткун, Сымон Папакуль, Антон Бабуль, Казiмiр Арцiмовiч, Ян Раманошчускi, Канстанцiн Блажук, Андрэй Лапкоўскi, Юзаф Курачка, Станіслаў Курачка, Станіслаў Навіцкі, Юрый Блажук, Ян Блажук, Юзаф Блажук, Вiнцэнт Сарбантовiч, Антон Пяткун, Ян Курачка, Ян Арцемовіч, Юзаф Бабуль. Адказным за будаўніцтва касцёла ад парафіяльнага камітэта быў прызначаны Сымон Лапкоўскі. 1 чэрвеня 1939 года новы касцёл Святога Станiслава асвяцiў арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi. За ўвесь перыяд існавання касцёла святарскую службу неслі наступныя душпастыры:
Інфармацыю сабралі і падрыхтавалі |
Фотарэпартаж |