Дэканальная сустрэча дзяцей і моладзі адбылася ў Далёкіх |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
14.05.2012 11:58 |
14 мая 2012 г. у аграгарадку Далёкія (Відзкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) у парафіі Святога Станіслава адбылася дэканальная сустрэча дзяцей і моладзі з Відзаў, Опсы, Пеліканаў, Дрысвятаў і Пагошча.
Распачалася сустрэча ў касцёле хвалебнай часткай Ружанца. Прадстаўнікі кожнай парафіі маліліся па адной таямніцы, а на заканчэнне Ружанца ўсіх прысутных благаславіў ксёндз дэкан Альфрэд Пяхота.
Удзельнікі і госці мелі магчымасць паглядзець выставу фотаздымкаў, якая адлюстроўвала жыццё парафій.
Прэзентацыю парафій пачалі юнакі з Відзаў. Яны распавялі гісторыю сваёй парафіі і касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Расказ суправаджаўся паказам фотаздымкаў. На памяць пра сустрэчу кожнаму з прысутных госці падарылі паштоўку з выглядам свайго касцёла.
Дзеці з парафіі Святога Станіслава прадставілі дзве кампазіцыі: «Хто пабудаваў гэты дом?» і «Пасхальны букет».
Сустрэча працягнулася на плябаніі: свае камп’ютарныя прэзентацыі паказвалі прадстаўнікі з Дрысвят і Далёкіх. Расказана было пра гісторыю касцёлаў, пра жыццё парафій, пра святароў, паказаны цікавыя фотаздымкі родных мясцін. На заканчэнне гасцей чакаў пачастунак, які падрыхтавалі парафіяне.
Няхай такія сустрэчы спрыяюць больш шырокім узаемаадносінам з суседнімі парафіямі. Ірына Высоцкая
|
Фотарэпартаж |