Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
15-годдзе Віцебскай дыяцэзіі: пяць фактаў з гісторыі
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.10.2014 15:20

13 кастрычніка 1999 года на дыяцэзіяльнай карце Беларусі з’явілася новая дыяцэзія — Vitebscensis. Catholic.by выбраў пяць найбольш цікавых фактаў з гісторыі дыяцэзіі.

1. Самая маладая дыяцэзія Беларусі

Віцебская дыяцэзія першапачаткова ўваходзіла ў склад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Афармленне новай дыяцэзіі адбылося ў кастрычніку 1999 года, праз некалькі месяцаў пасля стварэння ў Беларусі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў.

На тэрыторыі дыяцэзіі створана 137 парафій і 12 дэканатаў.

Сёння дыяцэзія мае статус суфраганіі ў Мінска-Магілёўскай Мітраполіі. Мітраполія — тэрыторыя, якая знаходзіцца ў кананічнай уладзе Мітрапаліта; звычайна аб’ядноўвае ў сябе некалькі дыяцэзій.

2. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч — самы малады біскуп Беларусі

Віцебскаму ардынарыю біскупу Алегу Буткевічу 42 гады. У сённяшнім складзе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ён самы малады іерарх.

Біскуп паходзіць з Браслава. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1994 г.) будучы іерарх скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Фота Ільі Лапато

Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 г. Выконваў абавязкі вікарыя парафій у Наваполацку і Мёрах, абавязкі пробашча парафій у Бешанковічах і Уле. З 2003 года выконваў абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны. 29 лістапада Папа прызначыў кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. 18 студзеня святар атрымаў біскупскае пасвячэнне.

3. Абраз дыяцэзіяльнага санктуарыя – апошні каранаваны абраз у Беларусі

Каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе адбылася 22 жніўня 2009 года, калі цырымонію каранацыі абраза Маці Божай папскімі каронамі ўзначаліў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер.

Фота Міколы Новікава

Абраз з Браслава сёння — апошні сярод сямі каранаваных у беларускіх санктуарыях абразоў. Для параўнання: каранацыя абраза Маці Божай Берасцейскай прайшла ў 1996 годзе, абраза Маці Божай Лагішынскай – у 1997 годзе, абраза Маці Божай Будслаўскай — у 1998 годзе, абраза Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне – у 2005 годзе, абраза Маці Божай Гудагайскай — у 2007 годзе, а каранацыя абраза Маці Божай Тракельскай прайшла ў 2009 годзе, на месяц раней за каранацыю абраза з Браслава.

4. Дыяцэзіяльная газета «Каталіцкі веснік» — самая маладая каталіцкая газета Беларусі

Зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі ў 2011 годзе як газета Віцебскай дыяцэзіі, «Каталіцкі веснік» застаецца сёння самай маладой каталіцкай газетай сярод друкаваных каталіцкіх СМІ, якія выходзяць у Беларусі рэгулярна. Друкаваны часопіс «Авэ Марыя» быў заснаваны ў 1994 годзе, часопіс «Наша вера» — у 1995 годзе, газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця» — у 1997 годзе.

Тыраж «Каталіцкага весніка» складае 3 300 асобнікаў, электронная версія газеты www.catholicnews.by з актуальнымі штодзённымі абнаўленнямі дзейнічае сёння як паўнавартасны каталіцкі сайт.

5. Гісторыя дыяцэзіі: мучанікі з Росіцы і месца нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча

Прыклад гераічнай мужнасці благаслаўлёных мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры нагадвае сёння пра касцёл у Росіцы (Полацкі дэканат).

У Глыбокім ужо дзесяць гадоў запар праходзіць міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».

На ўсю Беларусь, дзякуючы ахвярнай працы спачылага кс. Юзаса Булькі, сёння вядомы Мосар (Шаркаўшчынскі дэканат).

У парафіі ў Дрысвятах (Відскі дэканат) захаваўся самы старажытны з вядомых алтарных абразоў у Беларусі.

Парафія ў Лучаі вядома сёння сваімі канцэртамі і паэтычнымі вечарамі, якія праходзяць у ёй з удзелам вядомых беларускіх бартаў.

Прыхільнікі харызматычных рухаў добра ведаюць Оршу, у якой традыцыйна праходзяць «Вінаграднік», «Аазіс» і «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі».

Таксама тут нарадзілася благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая, заснавальніца супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак.

Апостальскі Нунцый на ўрачыстасцях у Друі ; фота Алены Шаліма

Побач з Друяй нарадзіўся і беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, 100-годзе якога адзначалася нядаўна.

З Віцебскай дыяцэзіі паходзіць і першы дырэктар Catholic.by кс. Аляксандр Амяльчэня, які ўзначальвае сёння беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.

Шчыра віншуем вернікаў, святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі з яе 15-годдзем!

Калектыў Сatholic.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў