Распачалася малітоўная падрыхтоўка да святкавання 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры |
Святую Імшу, якой папярэднічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовая малітва, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. На пачатку літургіі іерарх паведаміў аб малітоўнай лучнасці Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які ў гэтыя дні знаходзіцца ў Харватыі на пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Эўхарыстыю канцэлебравалі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек і святары архідыяцэзіі. Гамілію біскуп Дзям’янка прысвяціў постаці св. Гераніма, успамін якога адзначаўся ў гэты дзень. «Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста», — працытаваў іерарх выказванне гэтага вялікага святога, дзякуючы якому Біблія была перакладзена на лацінскую мову. Біскуп звярнуў увагу на значэнне тэкстаў Святога Пісання, якія ўтрымліваюць канкрэтныя патрабаванні да таго, каб ісці шляхам збаўлення. Іерарх нагадаў, што хрысціянін павінен жыць Святым Пісаннем, аўтарам якога з’яўляецца Дух Святы, хоць прыладаю напісання быў выбраны чалавек.
На заканчэнне літургіі біскуп Дзям’янка зачытаў даклад на тэму дабрачыннай дзейнасці ў Каталіцкім Касцёле. Як нагадаў іерарх, дабрачыннасць бярэ свой пачатак у Ерузалеме з часоў дзейнасці Апосталаў. Біскуп звярнуў увагу на тое, што, калі чалавек нешта дае іншаму, то бярэ гэта з уласнасці Божай, а не сваёй, і з гэтага чыну атрымлівае карысць таксама і для сябе.
|