Папа заклікаў акадэмічны свет Рыма да інтэлектуальнага, маральнага і рэлігійнага развіцця |
Святы Айцец |
17.12.2010 12:54 |
Да сінтэзу інтэлектуальнага развіцця, маральнай дысцыпліны і ўдзелу ў рэлігійным жыцці заклікаў акадэмічны свет Рыма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. 16 снежня 2010 г. Папа сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі рымскіх універсітэтаў у базыліцы св. Пятра. У сваім разважанні падчас Нешпараў Пантыфік засяродзіўся на словах з Паслання св. Якуба: «Трывайце цярпліва, браты, ажно да прыйсця Пана». Гэтыя словы, як адзначыў, указваюць шлях да Бэтлеема, вызваляючы сэрцы ад усялякай неталерантнасці і фальшывых чаканняў, нагадваюць аб тым, што Бог ужо прыйшоў у свет, ужо дзейнічае ў нашай асабістай і агульнай гісторыі і жадае быць выслуханым. «Цярплівасць і хрысціянская трываласць, аб якіх кажа св. Якуб, з’яўляюцца не сінонімамі апатыі, а цнотамі тых, якія здольныя будаваць не на пяску, а на скале, тых, хто можа паважаць час і ўмовы людзей», — падкрэсліў Святы Айцец. Як дадаў Папа, шлях да бэтлеемскай стаенкі — гэта вандроўка да ўнутранага вызвалення, да глыбокай свабоды, бо ён пабуджае нас выйсці з нас саміх і рушыць да Бога. Пан жадае даць нам адвагу, асабліва ў тыя хвіліны, калі мы адчуваем сябе змучанымі і патрабуем супакою і радасці пілігрымавання да вечнасці. |