Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт ХVI: павага да навакольнага асяроддзя грунтуецца на чалавечых каштоўнасцях
Святы Айцец
29.11.2011 12:15

28 лістапада 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI прыняў на аўдыенцыі маладых удзельнікаў сустрэчы, якую арганізаваў у Ватыкане фонд «Sorella Natura» («Сястра прырода»). Фонд быў заснаваны ў 1991 г. у Асізі як асацыяцыя, мэтай якой з’яўляецца ахова экалагічнай культуры і адукацыя ў духу хрысціянскай канцэпцыі св. Францішка Асізскага.

Святы Айцец звярнуўся да сабраных з прамовай, у якой адзначыў, што сустрэча супадае з датай абвяшчэння св. Францішка бл. Янам Паўлам ІІ у 1979 г. апекуном экалогіі. «Здаецца, лагічна, што італьянская моладзь павінна мець асаблівае пачуццё да „сястры прыроды“ і прадпрымаць канкрэтныя ініцыятывы ў абарону экалогіі», — сказаў Пантыфік. Папа звярнуў увагу на тое, што сёння як ніколі стала ясна, што павага да навакольнага асяроддзя грунтуецца на чалавечых каштоўнасцях. Паводле Святога Айца, якога цытуе Беларуская старонка Ватыканскага радыё, на кожным этапе жыцця і ва ўсіх умовах павага да чалавечай асобы і да прыроды з’яўляецца вельмі важнай, бо і ў чалавеку, і ў прыродзе мы знаходзім Створцу.

Пантыфік падкрэсліў вялікае значэнне школы ў выхаванні пашаны да навакольнага асяроддзя. «Чалавецтва не будзе мець добрай будучыні, калі мы не будзем выхоўваць усіх да такога ладу жыцця, у якім будзе больш павагі да стварэння. І гэты стыль жыцця закладаецца ў сям’і і школе», — адзначыў Бэнэдыкт ХVI. Папа заахвоціў бацькоў і настаўнікаў надаваць гэтаму пастаянную выхаваўчую і адукацыйную ўвагу. «Акрамя гэтага, важна, каб гэтая праца ў сям’і і ў школе была падтрымана адказнымі ўстановамі», — дадаў Папа, звяртаючыся да маладых прадстаўнікоў фонду «Sorella natura».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме