Падчас пілігрымкі ў Ларэта 4 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI даверыў апецы Маці Божай Сінод Біскупаў, які распачнецца ў нядзелю, і Год веры. Таксама Папа даверыў Найсвяцейшай Панне «ўсе цяжкасці, якія перажывае наш свет у пошуку духоўнай раўнавагі і міру, праблемы шматлікіх сем’яў, прагненні моладзі, цярпенні тых, хто чакае праяваў салідарнасці і любові».
Пантыфік узгадаў, што 4 кастрычніка 1962 г. у гэты санктуарый прыбыў бл. Ян ХХІІІ, каб даручыць апецы Марыі Другі Ватыканскі Сабор. Тады гэты Папа скіраваў да Маці Божай наступныя словы: «Цябе, найсаладзейшая Маці, просім для нас, біскупа Рыма, і для ўсіх біскупаў свету аб ласцы, каб мы ўвайшлі ў залу Сабору — базыліку св. Пятра — так, як уваходзілі у Вячэрнік апосталы і першыя вучні Езуса(…). Такім чынам, дзякуючы твайму мацярынскаму заступніцтву, у наступныя гады і стагоддзі можна будзе сказаць, што ласка Божая апярэдзіла, суправаджала і здзяйсняла першы Экуменічны Сабор».
«Таксама і я прыбыў сюды як пілігрым, каб даверыць Маці Божай дзве важныя касцёльныя ініцыятывы — Год веры, які пачнецца праз тыдзень, у 50-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, і звычайнае пасяджэнне Сіноду Біскупаў пад дэвізам „Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры“», — адзначыў Бэнэдыкт XVI. Папа выказаў удзячнасць усім, хто «велікадушна унёс свой уклад у рэалізацыю гэтай пілігрымкі».
Па словах Пантыфіка, «гэты санктуарый, узведзены вакол дома Марыі, захоўвае памяць хвіліны, калі Анёл Пана прыбыў да яе з вялікім прадказаннем Уцелаўлення, а яна адказала». «Марыя аддала сябе дзеля спаўнення волі Божай, стаўшы месцам прысутнасці Бога, у якім спыніўся Сын Божы(…). 50 гадоў таму тут, у Ларэта, бл. Ян ХХІІІ заахвоціў да сузірання яе таямніцы, да спынення над гэтым паяднаннем неба і зямлі, і далей казаў, што мэтай Сабору было пашырэнне весткі аб Уцелаўленні і Адкупленні Хрыста ва ўсіх формах грамадскага жыцця», — сказаў Святы Айцец.
Як падкрэсліў Папа, перад абліччам сённяшняга крызісу «Уцелаўленне Сына Божага кажа нам, наколькі чалавек важны Богу, а Бог чалавеку». Без Бога «эгаізм чалавека пераважае над салідарнасцю і любоўю, рэчы матэрыяльныя над каштоўнасцямі». «Мы мусім вярнуцца да Бога, каб чалавек нанава стаў чалавекам», — дадаў Пантыфік.
«Марыя, Маці Хрыста, з’яўляецца таксама і нашай Маці, адчыняе нам дзверы свайго дома, вядзе нас да ўваходу ў волю свайго Сына, — працягваў Папа. — Сузіраючы Марыю, мы павінны задаць сабе пытанні, ці хочам мы быць адкрытымі на Пана, ці хочам аддаць Яму сваё жыццё; або мы баімся, што прысутнасць Пана будзе абмежаваннем для нашай свабоды, бо хочам захаваць для сябе нейкую частку нашага жыцця». Але «менавіта Бог вызваляе нашу свабоду ад замыкання ў сабе, ад прагнення ўлады, панавання, і чыніць яе здольнай адкрыцца (…) на дар сябе ў любові».
Кажучы пра Звеставанне, Святы Айцец падкрэсліў яшчэ адзін аспект: «Бог просіць аб згодзе чалавека, ствараючы вольнага партнёра ў дыялогу, просіць, каб Яго стварэнне адказала Яму цалкам свабодна». Згода Марыі, дадаў Папа, з’яўляецца плёнам Божай ласкі, але гэтая ласка не адмяняе свабоды, а, наадварот, падтрымлівае яе. «Вера нічога не адбірае ў чалавека, але дазваляе яму рэалізавацца поўнасцю», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа адзначыў, што падчас гэтай пілігрымкі хацеў бы даверыць Маці Божай «гэты асаблівы час ласкі для Касцёла, які адкрываецца перад намі». (AG)
|