Святы Айцец узначаліў набажэнства Мукі Пана |
Святы Айцец |
29.03.2013 23:25 |
29 сакавіка, у Вялікую пятніцу, папа Францішак узначаліў у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане набажэнства Мукі Пана. «Вялікая пятніца, якую перажываем у Год веры з новым Наступнікам Пятра, можа стаць пачаткам новага жыцця», — адзначыў у гаміліі прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. У адпаведнасці з традыцыяй гамілію ў гэты дзень прамаўляў не Пантыфік, а прапаведнік Папскага дома. Па словах святара, сёння магчыма «прыняць найважнейшае рашэнне свайго жыцця: паверыць, што Езус памёр за нашы грахі і ўваскрос для таго, каб нас апраўдаць». Гэта азначае, што ў Хрысце памерлым і ўваскросшым свет дасягнуў сваёй канчатковай мэты, зло і смерць былі назаўсёды пераможаны, хоць гэтага і не бачаць яўна чалавечыя вочы. (AG) |