Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да новых святароў: не стамляйцеся быць міласэрнымі
Святы Айцец
21.04.2013 14:50

«Быць пастырамі, а не службовымі асобамі», заклікаў Святы Айцец Францішак навучэнцаў рымскіх семінарый, якім 21 красавіка ў ватыканскай базыліцы ўпершыню ў якасці Пантыфіка ўдзяліў святарскае пасвячэнне. Папа падкрэсліў, што святары — прапаведнікі Евангелля і пастыры Божага народу.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік заклікаў да пакоры і сціпласці, нагадаў, што святары павінны заўсёды прытрымлівацца прыкладу Добрага Пастыра, які прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб служыць іншым і ратаваць гінучых.

У гаміліі папа Францішак запрасіў будучых святароў да асаблівага клопату аб слабых і старых. «Не саромцеся з пяшчотай адносіцца да старых людзей!» — сказаў Святы Айцец. «Не стамляйцеся быць міласэрнымі!» — заклікаў кандыдатаў да святарства Пантыфік, гаворачы аб іх абавязку ўдзяляць сакрамэнт хворых. Папа перасцярог іх таксама ад прыватнай інтэрпрэтацыі хрысціянскага паслання. Паводле Пантрыфіка, яны заўсёды павінны ўсведамляць, што галоўнае не ў тым, каб падабацца сабе, але каб быць даспадобы Богу. «Божае слова – не ваша ўласнасць, яно належыць Богу», — нагадаў папа Францішак і заахвоціў спрыяць узрастанню хрысціянскага паслання ў Касцёле.

Найважнейшай задачай вучня Хрыста, дадаў Пантыфік, з’яўляецца ўважлівае чытанне Святога Пісання і разважанне над ім, каб умацоўваць сваю веру, а сэнс біблійнага паслання ў тым, каб яго прыняць і жыць у адпаведнасці з ім. Яшчэ адным заданнем святароў, якое яны павінны ажыццяўляць разам са сваімі біскупамі, з’яўляецца аб’яднанне вернікаў у «адной сям’і», нагадаў Папа.

Новыя святары паходзяць з Італіі, Аргенціны, Індыі і Харватыі. Найстарэйшы ў гэтай групе 44-гадовы Джузэпэ Канфорці, а малодшы 26-гадовы Сіджо Куцікаціль. Адзін з новапрэзбітэраў мае адукацыю спецыяліста па палітычных навуках, а другі працаваў у вядомай міжнароднай кампаніі па вытворчасці прадметаў раскошы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме