Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: вучэнне аб Беззаганным Зачацці пацвярджае, што Божыя абяцанні былі выкананы
Слова Папы
08.12.2012 15:03

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у малітве «Анёл Панскі» разам з вернікамі на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане. У разважанні Пантыфік звярнуў увагу на глыбокі сэнс Беззаганнага Зачацця.

Святы Айцец падкрэсліў, што Марыя «з’яўляецца Беззаганнай праз дар Божай ласкі, атрыманай бескарысна, але ў Яе дасканалай адкрытасці і супрацоўніцтве». Менавіта ў гэтым сэнсе Яна з’яўляецца «благаслаўлёнай», бо «паверыла» (пар. Лк 1, 45), а фундаментам Яе веры быў Бог.

У Марыі, адзначыў Папа, споўніліся абяцанні Старога Запавету; у Ёй «слова Бога слухаецца, успрымаецца і атрымлівае адказ, што дазваляе яму атрымаць цела і прыйсці, каб жыць сярод нас». У Марыі «гісторыя па-сапраўднаму адкрываецца для Бога, атрымлівае Яго ласку, становіцца гатовай выконваць Яго волю».

«Святло, якое зыходзіць ад постаці Марыі, дапамагае нам зразумець сапраўдны сэнс першароднага граху», — працягваў Пантыфік, дадаўшы, што ў Марыі «няма супрацьстаяння паміж Богам і Яе быццём: ёсць поўныя зносіны, поўная згода». Марыя «свабодная ад граху, таму што ўся належыць Богу, цалкам адданая Яму і напоўненая Яго ласкай і Яго любоўю».

Як адзначыў Святы Айцец напрыканцы разважання, вучэнне аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі «падтрымлівае нашу ўпэўненасць у тым, што Божыя абяцанні былі выкананы; што Яго блізкасць не падвядзе, але прынясе плён у якасці святога кораню, з якога вырас благаслаўлёны плён цэлага сусвету, Езус Збаўца».

Пасля малітвы Бэнэдыкт XVI звярнуўся са словамі падтрымкі да жыхароў Філіпін, якія пацярпелі ад разбуральнага шторму. Пантыфік запэўніх іх у сваёй блізкасці і малітве за ахвяраў стыхіі, іх сем’і і шматлікіх людзей, якія страцілі дах над галавой. «Вера і братэрская любоў з’яўляюцца сілай у супрацьстаянні гэтаму цяжкаму выпрабаванню», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме